Музычны фестываль павінен прайсці з 14 па 17 ліпеня, а дадатковыя мерапрыемствы пачнуцца на дзень раней і скончацца днём пазней. Гэта – паводле задумы арганізатараў гэтага дзейства. Перашкодзіць ім можа палітыка і вайна.

Першыя білеты цэнтр культуры “Віцебск” стаў прадаваць з 18 лютага, гэта значыць, за тыдзень да ўварвання РФ ва Украіну. Па традыцыі, віцябляне хутка раскупляюць залу толькі на гала-канцэрт зорак шансона, а вось што да ўсяго астатняга – праблема.

У віцебскіх сацыяльных сетках актыўна абмяркоўваецца пытанне, ці не стане фестываль «СлаВянскім баZарам», улічваючы, што акрамя расейскіх артыстаў у Беларусь наўрад ці хто прыедзе. На фоне вайны Расіі супраць Украіны фестываль можа ператварыцца ў конкурс ваенна-патрыятычнай песні – у залежнасці ад сітуацыі на фронце.

Расейскія профільныя выданні, запрашаючы гледачоў на свята ў рубрыцы «Удзельнікі» пішуць «Тамара Гвердцытэлі, і іншыя». Гэта значыць, да гэтага часу складу ўдзельнікаў няма. На афіцыйным сайце фестывалю ёсць толькі агульныя банеры з назвай канцэртаў кшталту «Цыркавая феерыя» ці «Саюзная дзяржава запрашае…». Праўда, 14 красавіка з’явілася афіша сольнага канцэрта Валерыя Лявонцьева, але не ў фестывальным амфітэатры, а ў к/з « Віцебск». Дакладна пакуль вядома, што не будзе гасцей з Украіны.

Аб вастрыні праблемы сведчыць той факт, што 7 красавіка на паседжанні аргкамітэта фестывалю прысутнічаў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка. Ён спачатку ацаніў падрыхтоўку як добрую (што стандартна для белчыноўніка), але потым заявіў, што “сцэнары адкрыцця і закрыцця патрабуюць невялікай дапрацоўкі, іх трэба напоўніць яркімі і значнымі для публікі артыстамі“.

Акрамя таго, на пасяджэнні абмяркоўвалася пытанне фінансавання мерапрыемства ва ўмовах санкцый і эканамічнага крызісу – тэрмінова трэба знайсці пазабюджэтныя сродкі (што азначае выкуп білетаў прадпрыемствамі), а цэламу МЗС даручана забеспячэнне запрашэння гасцей “з РФ і іншых дружалюбных краін“.

Што да конкурсу маладых выканаўцаў, то яшчэ да вайны свой адбор пачалі Беларусь, Расія, Арменія, Казахстан, Узбекістан, Малдова, шэраг балканскіх краін – Славенія, Харватыя, Боснія і Герцагавіна, а таксама Італія. Аднак прыезд удзельнікаў фестывалю з ЕС пад вялікім пытаннем.