Гульні скончыліся. У Магілёве масавыя затрыманні па крыміналцы

Некалькі чалавек былі затрыманыя 23 і 24 лістапада ў якасці падазраваных па крымінальных справах, звязаных з «партызанскім пратэстам».

У Магілёве – новы трэнд. Цяпер замест адміністрацыйных спраў за мірныя акцыі пратэсту, якія практычна заціхлі, актыўна заводзяцца справы крымінальныя. За 23-24 лістапада ў горадзе былі затрыманыя ад 5 да 7 чалавек. У першую чаргу гаворка ідзе пра тых, хто, на думку сілавікоў, можа быць звязаны з «партызанскімі вылазкамі».

Наколькі вядома, усе затрыманыя былі ў адным з закрытых магілёўскіх чатаў. Увагу сілавых структур гэтыя людзі прыцягнулі пасля некалькіх «вылазак», у прыватнасці пасля пэўных акцый у Магілёве, звязаных з пудзіламі, якія адсылаюць да сілавікоў. Адзін з эпізодаў – вывешванне пудзіла на мосце, другі – спаленне падобнага пудзілы.

Невядома, ці з’яўляюцца ўсе затрыманыя фігурантамі адной крымінальнай справы альбо ж крымінальных спраў заведзена некалькі.

Першай затрыманай у межах крымінальнай справы, пра каго стала вядома, была Юлія Дрэбушэўская. Яе затрымалі дома 23 лістапада. Сілавікі дачакаліся ў пад’ездзе яе мужа, пасля чаго яго прымусілі адкрыць дзверы кватэры і здзейснілі там ператрус. У ходзе ператрусу быў знойдзены бел-чырвона-белы сцяг 20 на 40 метраў. Была канфіскавана тэхніка, а саму Юлію павезлі ў Следчы камітэт. Паводле непацверджанай інфармацыі, ёй інкрымінуюць арганізацыю масавых беспарадкаў. Юля – маці траіх непаўналетніх дзяцей. У мужа – статус сведкі. Дрэбушэўскую на 72 гадзіны змясьцілі ў ІЧУ для прад’яўлення абвінавачвання. Сваю віну, наколькі вядома, яна не прызнае.

Наступным стаў кіроўца карэты “хуткай дапамогі” Максім Сяргеенка. Яго затрымалі каля пад’езду свайго дома на бульвары Непакораных у Магілёве. Мужчына вяртаўся дадому пасля начной змены, калі да яго падышлі супрацоўнікі міліцыі, затрымалі і адвезлі ў Магілёўскі РАУС. Пасля гэтага мужчыну адразу адправілі ў Следчы камітэт, дзе яго апыталі. Яго падазраюць у здзяйсненні злачынства па ч.1 арт.339 КК РБ (злоснае хуліганства). Пасля допыту Максіма змясцілі ў ІЧУ. У Сяргеенкі ёсць дзевяцімесячны сын.

Акрамя Сяргеенкі і Дрэбушэўскай, у межах крымінальнай (ці крымінальных) спраў былі таксама затрыманыя Святлана Кутковіч і Сяргей Скок. Верагодна, імёны яшчэ некаторых невядомыя.

Таксама незразумелы статус Вольгі Клімковай. Яна была спыненая патрулём ДАІ яшчэ 24 лістапада. У аўтамабілі жанчыны міліцыянты знайшлі больш за 800 асобнікаў незарэгістраванай газеты «Магілёўскія весці». Пры гэтым, паводле беларускіх законаў, дазваляецца выдаваць не больш за 299 асобнікаў незарэгістраванага друкаванага выдання. Жанчыну правялі ў Кастрычніцкі РАУС, дзе на яе быў складзены пратакол, а дома ў Клімковай прайшоў ператрус – сілавікі канфіскавалі тэхніку.

25 лістапада Клімкова павінна была зноў з’явіцца ў Кастрычніцкі РАУС па позве – і, здаецца, у Вольгі таксама пачаліся праблемы. Увечары стала вядома, што ў яе доме прайшоў паўторны ператрус. Статус Клімковай на момант публікацыі невядомы.