Магілёўскаму актывісту Стасу Паўлінковічу далі 810 рублёў штрафа за акцыі двухмесяцовай даўнасці

Ён не прызнаў сваёй віны, заявіўшы, што ў кожнага грамадзяніна Беларусі ёсць права на свабоду сходаў. А яшчэ пасмяяўся з пытанняў суддзі.

20 лютага. Магілёў. Алесь Святліцкі


У судзе Ленінскага раёна Магілёва 20 лютага за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах судзілі актывіста Станіслава Паўлінковіча. Згодна з матэрыяламі справы, 20 і 21 снежня 2019 году ён далучыўся да акцыі пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі.

Падчас судовага працэсу актывіст не адмаўляў, што ён удзельнічаў у акцыях пратэсту, але сваю віну прызнаваць адмовіўся.

Ён заявіў, што адміністрацыйная справа ў дачыненні да яго з’яўляецца палітычна матываванай і заклікаў суддзю праявіць грамадзянскую мужнасць і спыніць працэс.

Паўлінковіч апеляваў да таго факту, што ён «не парушаў ні адпаведных артыкулаў прамога дзеяння Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якія маюць вышэйшую юрыдычную сілу, ні адпаведных міжнародных дамоваў».

Як бачна з пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні, мне не прад’яўленыя абвінавачванні, што я, нібыта сваім удзелам у мірных мітынгах, ці якімі-небудзь іншымі сваімі дзеяннямі, парушыў грамадскі парадак або якія-небудзь правы і свабоды іншых асоб, або паквапіўся на іх рэпутацыю, або пагражаў нацыянальнай бяспецы, здароўю і маралі насельніцтва, – паведаміў суддзі Паўлінковіч.

Пасля яго выступу Вікторыя Палякова пачала задаваць пытанні датычна ўдзелу актывіста ў акцыях пратэсту. У прыватнасці, яе цікавіла, як Станіслаў даведаўся аб мітынгах, як на іх трапіў, ці ведаў ён, што мерапрыемства несанкцыянаванае і якія менавіта дзеянні здзяйсняў сам Паўлінковіч.

Актывіст адказаў, што ніякіх радыкальных дзеянняў ён не рабіў. Тады Палякова пацікавілася, што ж Стас менавіта рабіў на акцыях пратэсту, што выклікала ў яго смех:

– Крычаў «Жыве Беларусь», «Не саюзу з імперскай Расіяй», махаў сцягам бел-чырвона-белым, – адсмяяўшыся сказаў актывіст.

Магчыма, суддзя і пакрыўдзілася: па выніках паседжання яна прысудзіла Паўлінковічу 30 базавых велічынь штрафу (810 рублёў). Як патлумачыў праваабаронца «Магілёўскай вясны» Барыс Бухель, Палякова дала актывісту максімальны для ч.1 арт.23.34 КаАП штраф.

Раней, як высветлілася, Паўлінковічу ўжо давалі штраф за ўдзел у пратэстных мітынгах 7 і 8 снежня, прычым даведаўся пра гэта Стас толькі тады, калі на яго ўжо быў заведзены новы адміністрацыйны пратакол. Суд Савецкага раёна 26 снежня ўпотай прысудзіў яму 637 рублёў штрафу.

Усяго за ўдзел у чатырох акцыях пратэсту Станіслаў Паўлінковіч цяпер павінен дзяржаве 1447 рублёў.