Магілёўскі часопіс аб правах чалавека MSPRING.ONLINE вырашыў высветліць, каго ж дзяржава накіроўвае перавыхоўваць малалетніх злачынцаў. І ці не трэба выхавальнікаў перавыхоўваць саміх?

16 ліпеня. Магілёў-Шклоў-Бабруйск. Саша Мінько / photo – bobruisk.ru

Увага! Пры выкарыстанні або перадруку дадзенага матэрыялу ў іншых інтэрнэт-крыніцах, згадванне сайта mspring.online з гіперспасылкай на арыгінальны тэкст абавязкова ў першым абзацы!


Выхаваўчую калонію №2, якая знаходзіцца на ўскраіне Бабруйска на вуліцы Батава, апошнія месяцы скалынаюць скандалы. Прычына – надзвычай жорсткія ўмовы ўтрымання падлеткаў. Расказаная намі гісторыя юнака Азіза Тагаева родам з Узбекістана выклікала вялікі рэзананс. У справу ўмяшаўся нават былы палітвязень Мікалай Дзядок. Ён прысвяціў асобе новага начальніка дзіцячай калоніі цэлы пост.

ХТО ТАКІ СЯРГЕЙ МАСЛЮКОЎ

У нашым матэрыяле аб шаснаццацігадовым Азізе Тагаеве, у якога адбіралі Каран, а потым збілі, навесілі тры спагнанні і пазбавілі права на амністыю, было асобна адзначана, што на момант яго этапавання ў калонію начальнікам быў іншы чалавек – Генадзь Кураленка. Менавіта пры ім з хлопцам абыходзіліся найбольш жорстка.

Сяргей Маслюкоў з’явіўся ў бабруйскай ВК-2 прыкладна праз месяц. На новага кіраўніка маці асуджаных падлеткаў ўскладалі вялікія надзеі ў плане змякчэння адносінаў да дзяцей. Але не тут-то было. Сяргей Маслюкоў – гэта адзін з самых непрыемных тыпаў, адзначае Мікалай Дзядок, адзін з самых вядомых прадстаўнікоў анархісцкага руху.

Сяргей Маслюкоў з узнагародай – медаль “За бездакорную службу” III ступені (Фота: mvd-din.by)

Мікалай Дзядок быў затрыманы ў верасні 2010 года ў якасці падазронага па «справе анархістаў» за шэраг акцый прамога дзеяння. Яго спачатку абвінавацілі ў нападзе на амбасаду Расіі ў Мінску 30 жніўня 2010 г. (нібыта анархісты кінулі на тэрыторыю амбасады дзве бутэлькі з запальнай сумессю), але нічога даказаць не змаглі.

Тады працягнулі тэрмін утрымання ўжо па новай справе – аб падобным нападзе на Дом прафсаюзаў. У рэшце рэшт недахоп доказаў прывёў да таго, што суд палічыў нібыта яго віну даказанай за несанкцыянаваную акцыю ля Генштаба. 22-гадовы на той момант хлопец быў асуджаны за хуліганства па артыкуле 339 частка 2. Прысуд – 4 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі.

У красавіку 2012 года Мікалай Дзядок трапіў у шклоўскую папраўчую калонію №17, дзе начальнікам рэжымнага аддзела на той момант быў менавіта Сяргей Маслюкоў. Нагадаем, гэтай калоніі Маслюкоў, будучы выхадцам са Шклова, аддаў 18 гадоў жыцця, а агульны яго стаж у крымінальна-выканаўчай сістэме складае 24 гады. Ягонай мянушкай была «Вася» (мабыць з-за імя па бацьку – Сяргей Васільевіч). «Рэжымнікаў» у калоніях не любяць у прынцыпе, адзначае Мікалай Дзядок, але гэтага ненавідзелі асабліва. Чаму? Вось толькі некалькі момантаў.

На фота: Мікалай Дзядок першыя гадзіны на волі пасля вызвалення ў жніўні 2015 года ўказам прэзідэнта, фота belprauda.org

У кнізе «Фарбы паралельнага свету», прысвечанай сваёй адсідцы, палітвязень апісвае эпізод, калі зняволеных з этапа, якія толькі прыехалі ў калонію, ставілі на расцяжку ў максімальна няёмкае становішча. І пакуль яны абліваліся потам, спрабуючы ўтрымацца на нагах, ім зачытвалі правілы ўнутранага распарадку – вельмі павольна, з расстаноўкай, назіраючы як яны крэхчуць і стогнуць, пінаючы іх па нагах і па нырках, калі хтосьці паспрабуе зрушыць ногі. Дык вось – гэта рабіў менавіта Маслюкоў. І гэты працэс прыбыцця ў ПК-17 Мікалай Дзядок адчуў на сабе асабіста.

Яшчэ былы палітвязень згадвае, што Сяргей Маслюкоў, калі праводзіў ператрус у камерах штрафнога ізалятара і ПКТ, любіў спецыяльна станавіцца бруднымі чаравікамі на столік, дзе асуджаныя снедаюць, каб дбайней палазіць за нарамі ў пошуках цыгарэт, запалак, вяровак або іншых «забароненых рэчаў».

РАЛЯВЫЯ ГУЛЬНІ

Мікалай Дзядок успамінае адзін выпадак, калі Маслюкоў рэальна прыйшоў у працоўны час на змену п’яным. Акрамя таго, ён любіў публічна лаяцца матам на адрас асуджаных. Палітвязню ўрэзалася ў памяць, як Маслюкоў на пляцы крычаў на зэка, які яму па ўзросце падыходзіў у бацькі: «Пайшоў адсюль на **й, баран я**ны!»

Калі асуджаныя выходзяць на працу ў прамзону ПК-17, то калоны арыштантаў адна за адной праходзяць строем праз КПП. Сяргей Маслюкоў у такія моманты любіў ладзіць падабенства пастановаў сцэн з фільмаў пра рабаўладальнікаў, відавочна ўяўляючы сябе ў гэтай ролі.

 З боку гэта выглядала так: на ўзвышшы недалёка ад КПП ён ставіў зэдлік і сядаў на яго. Ён шырока расстаўляў ногі, еў семкі, расплёўвая шалупіну ў радыусе трох метраў вакол сябе, і пры гэтым мацерна крычаў на асуджаных, як на сваіх рабоў. Тэкст быў няхітры: «Э-э-э… Пятроў, х**і, б***ь, гузік расшпілены! Іваноў, кепку надзеў нармальна, зараз на **й у ШІЗА паедзеш, б***ь! ». Больш гідкае відовішча складана сабе ўявіць, сведчыць Мікалай Дзядок.

У шклоўскай калоніі № 17, акрамя Мікалая Дзядка, адбывалі пакаранне многія беларускія палітвязні – Мікалай Статкевіч, Зміцер Дашкевіч, Аляксандр Класкоўскі, Арцём Пракапенка, Дзмітрый Новік і інш. Масава іх накіроўвалі туды падчас кіраўніцтва Сяргея Ярмаліцкага, якому з кастрычніка 2011 года быў забаронены ўезд на тэрыторыю краін Еўрасаюза як раз за ціск на палітвязняў.

У чэрвені 2015 года калонію стала «штарміць»: палкоўнік Сяргей Ермаліцкі сышоў на павышэнне ў Гомельскую вобласць і змянілася практычна ўсё кіраўніцтва ПК-17. З прыходам новага начальніка многія афіцэры палічылі за лепшан звольніцца з-за таго, што ўмовы службы сталі для іх горш.

Верагодна, не спрацаваўся з новым начальствам і Сяргей Маслюкоў. У снежні 2016 гады ён сышоў служыць начальнікам шклоўскай папраўчай установы адкрытага тыпу №49 (проста кажучы – “хіміі”). З гэтай пасады ён і быў пераведзены ў Бабруйск.

Мікалай Дзядок адзначае, што апісаў толькі маленькую колькасць «подзвігаў» чалавека, які зараз займае пасаду начальніка калоніі для непаўналетніх. Гэта толькі тое, што ён асабіста бачыў на свае вочы альбо адчуў на сабе. Калі ж прывесці факты, пра якія гаворыцца іншымі вязнямі, то набярэцца цэлая гронка артыкулаў крымінальнага кодэксу, па якіх можна смела распачынаць справы.

А падстаў не верыць актывісту анархісцкага руху няма. Пасля школы Мікалай Дзядок скончыў юрыдычны каледж БДУ, гэта значыць, мае профільную адукацыю. Працаваў юрысконсультам у юрыдычных фірмах.