Куды ідуць бяздомныя ў Магілёве і чаму гэта месца не вырашае іх праблемаў

Мясцовая ночлежка хоць і палягчае крыху жыццё валацугам, але патрапіць туды няпроста.

2 мая. Магілёў. Саша Мінько. Фота аўтара

Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!


 “Чорт ведае дзе“, – так можна апісаць месца, дзе ў Магілёве размешчаны цэнтр часовага начнога знаходжання асоб без пэўнага месца жыхарства. Яго адрас: вуліца Навіцкага, дом 3. Нават карэнны магілёвец знойдзе гэтае месца з цяжкасцю. Здаецца, падобныя ўстановы павінны размяшчацца бліжэй да “мэтавых групаў” – каля вакзалаў, цэркваў, рынкаў. Але ў Магілёве ўсё не так.

Начлежка размешчана максімальна далёка ад месцаў кампактнага бадзяжніцтва бяздомных. Калі рухацца па навігатару, то ў канцы праспекта Пушкіна ён прымусіць згарнуць направа ў былы яр, дзе не густа стаяць дома прыватнага сектара. На мясцовым слэнгу гэты раён клічуць Абісініяй, калісьці тут было балота.

Знутры гэтага мікрараёна, праз пяць-шэсць паваротаў па перыферыйных дарогах пракладзены маршрут, які прывядзе да старога двухпавярховага бараку (на галоўным фота). Вось так выглядае шыльда:

Гэта дзіўны і вельмі стары будынак знаходзіцца пад дарожным адхонам “кальца мясакамбінату”, дзе праспект Пушкіна плаўна перацякае ў Слаўгарадскую і Гомельскую шашу. Каб зразумець, што гэта за месца, вось від з вакна:

Начлежка для бяздомных на 22 ложкамесцы была адкрыта ў Магілёве па гэтым адрасе ў сакавіку 2012 года. Раней асобамі без пэўнага месца жыхарства займалася МУС, што супярэчыла палажэнням “Закона аб міліцыі”. У вядзенні праваахоўнікаў знаходзіўся цэнтр сацыяльнай адаптацыі асоб, якія раней былі судзімыя і якія вярнуліся з ЛПП. Аднак было вырашана перапрафіляваць такія ўстановы ў начлежки і перадаць іх гарвыканкам.

Дзяржорганы традыцыйна агульнымі фразамі апісваюць, як высокакваліфікаваныя спецыялісты будуць аказваць тут дапамогу тым, хто ў сілу розных прычын згубіў сацыяльныя сувязі з грамадствам. У дадзеных грамадзян з’явіцца магчымасць аднавіць згубленыя дакументы, аформіцца ў дом-інтэрнат, працаўладкавацца і вярнуцца да паўнавартаснага жыцця. Але першае ўражанне збянтэжыла. У будынку, прызначаным для бяздомных, жывуць звычайныя сем’і вось у такіх умовах:

Карэспандэнт Магілёўскага часопіса аб правах чалавека mspring.online, баючыся, што памыліўся адрасам, спачатку нават пайшоў шукаць цэнтр часовага начнога знаходжання сярод іншых будынкаў раёна. Але мясцовыя жыхары прывялі яго назад. Дом на Навіцкага, 3, патлумачылі яны, трэба абыйсці вакол, прадзіраючыся скрозь густую зеляніну, і тады ўсё стане ясна.

Сапраўды, з процілеглага боку будынак выглядае крыху лепш. Аказваецца, першы паверх аддадзены пад начлежку, а на другім жывуць звычайныя сем’і. Пад’езды спецыяльна разведзеныя ў процілеглыя бакі.

Кантынгент пастаяльцаў у начлежцы пасля пераводу яе ў вядзенне гарвыканкама некалькі змяніўся. Першапачаткова нават планавалася, што там будуць знаходзіцца толькі несудзімыя, альбо асобы, у якіх судзімасць знятая ва ўстаноўленым парадку. Але досвед такі, што большасць карыстальнікаў паслуг цэнтра – былыя зэкі.

Праўда, цяпер супакой беспрытульных ахоўвае вахта з грамадзянскіх асобаў, а сама ўстанова знаходзіцца ў структуры дзяржаўных органаў сацыяльнай абароны. За сем гадоў працы тут змянілася тры дырэктара. У мінулую пятніцу кантракт з апошнім з іх скончыўся, і сёння ўстанова працуе пакуль без начальства.

Калі арыентавацца на статыстыку МУС розных гадоў, то колькасць бяздомных у Магілёўскай вобласці вагаецца ў раёне лічбы ў 180 чалавек (часам яно падала да 164 чалавек, але вышэй 180 не ўзнімалася). Практычна ўсе яны знаходзяцца на прафілактычным ўліку райаддзелаў міліцыі Магілёва і Бабруйска (там таксама ёсць начлежка, адкрытая ў 2013 годзе). Але трапіць сюды на начлег большасці з іх не наканавана.

Справа ў тым, што гэта далёка не цэнтр дапамогі беспрытульным, як здаецца многім. Назву цэнтра часовага (начнога) знаходжання трэба разумець літаральна. Прыйсці сюды можна не раней за сем гадзін вечара, ніякага харчавання тут не прадугледжана, а ў 8 раніцы ўсіх пастаяльцаў папросяць пакінуць памяшканні – павінны шукаць працу і “аднаўляць сацыяльныя сувязі“. Міліцыя сапраўды гатовая дапамагчы з аднаўленнем пашпарта, але вось з аплатай гэтай паслугі (а гэта палова базавай велічыні) жабракам ніхто не дапаможа.

У цэнтр прымаюцца толькi асобы, якія раней мелі рэгістрацыю ў Магілёве. Людзі з іншых гарадоў тут пераначаваць не змогуць, ім прыйдзецца застацца на вуліцы. Дарэчы, падобныя начлежкі ёсць далёка не ва ўсіх гарадах. Яны ёсць у Мінску, Салігорску, Барысаве, Маладзечне, Віцебску, Воршы, Гомелі і Гродне. А, напрыклад, у Брэсце няма.

Абавязковай умовай для змяшчэння ў магілёўскі цэнтр з’яўляецца праходжанне грамадзянамі медыцынскага агляду і санітарнай апрацоўкі. Толькі пасля атрымання вынікаў медагляду бяздомнаму дадуць ложак, на якім ён зможа начаваць на працягу трох месяцаў. І тут таксама ёсць калізія. Часцяком ехаць прыходзіцца ў паліклініку альбо лякарню, куды накіруе адміністрацыя, але вось грошай на праезд па горадзе няма. Гэта становіцца галаўным болем саміх бяздомных.

Не так усё проста і з працаўладкаваннем. Жыхары цэнтра часовага знаходжання сапраўды атрымліваюць рэгістрацыю ў аддзяленні грамадзянства і міграцыі Кастрычніцкага РАУС г. Магілёва. Але менавіта рэгістрацыю, а не штамп у пашпарце, які раней зваўся “прапіскай”. Розніца ёсць. Аддзелы кадраў на раз вылічаюць, з кім маюць справу, таму без узгаднення з міліцыяй працоўныя месцы для бяздомных наўрадці знойдуцца. Як правіла, небаракам прапануюць вакансіі дворнікаў.

Па заканчэнні трох месяцаў кіраўніцтва цэнтра прымае рашэнне, ці дазволіць бяздомнаму пражываць далей, ці ж папрасіць прыбрацца. Усё залежыць ад актыўнасці чалавека ў пошуку працы. Трэба аддаць належнае, знутры начлежка выглядае лепш, чым звонку. Па сутнасці, гэта звычайны інтэрнат, толькі ў пакоях больш ложкаў – як у бальніцы.

Па вонкавым выглядзе асабліва і не адрозніць, хто тут бяздомны. Улічваючы, што патрабаванні да пастаяльцаў досыць жорсткія, тых, каго называюць стыгматызаваным словам “бомж” тут не ўбачыш. Вулічныя жыхары сюды амаль не даязджаюць, нягледзячы на намаганні міліцыі. Даязджаюць тыя, хто больш-менш ведае, як карыстацца сваімі правамі, і часта яны сапраўды потым уладкоўваюцца ў жыцці. Гэта, як правіла, людзі, якія перабаролі алкагольную залежнасць. А тыя, хто злоўжывае алкаголем, па назіраннях экспертаў, жывуць на вуліцы ў сярэднім восем гадоў і знікаюць. Адчуванне, што ўсе яны на адзін твар:

Праваабаронцы з Беларускага Хельсінскага камітэта і ўстановы Human Constanta пры садзейнічанні швейцарскай праваабарончай арганізацыі Libereco падрыхтавалі даклад “Бяздомныя і права на жытло ў Беларусі”.

Калі коратка, то вывады несуцяшальныя. Ніякіх спецыяльных дзяржаўных праграм ці планаў па прыняцці мер для прадухілення або хаця б зніжэння ўзроўню бяздомнасці ў Беларусі не прымалася.

Механізмы дапамогі бяздомным зводзяцца да дзейнасці вось такіх цэнтраў часовага знаходжання – гэта асноўная прылада дзяржавы. Пытанні аказання якой-небудзь дапамогі знаходзяцца ў кампетэнцыі мясцовых выканкамаў, што не гарантуе роўнага доступу да яе. З-за адсутнасці якой-небудзь палітыкі ў адносінах да праблемы бяздомнасці, няма і дакладных статыстычных дадзеных аб яе маштабах. А гэта, у сваю чаргу, спрыяе ігнараванню гэтай тэмы дзяржаўнай сацыяльнай палітыкай. Кола замкнулася. Падобна на тое, Беларусь не такая ўжо і сацыяльная дзяржава.

З поўным тэкстам дакладу можна азнаёміцца па спасылцы.