Усё з-за шлема, які нядаўна знайшлі на беразе Бярэзіны.

6 чэрвеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі/ photo – bobrlife.by


У пачатку красавіка ў Бабруйску падчас паглыблення дна Бярэзіны быў знойдзены старажытны шлем X-XI стагоддзяў. На знаходку адразу адгукнуўся дэпутат парламента, доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк. Ён заявіў, што шлем мог належаць толькі камусьці з шляхты і адразу ж заявіў, што «Беларусь на сённяшні дзень мае самы старажытны сімвал дзяржаўнасці і ўлады». Патэнцыйным уладальнікам галаўнога ўбору Ігар Марзалюк назваў князя Ізяслава Полацкага – сына Рагнеды і кіеўскага князя Уладзіміра. Дэпутат запэўніў, што гэта рэдкая знаходка – па ўсім свеце падобных шлемаў ён налічыў каля 20.

Зрэшты, у гэтай версіі знайшліся крытыкі. Кандыдат гістарычных навук, выкладчык кафедры гісторыі Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы Кіеўскага нацыянальнага універсітэта Арцём Папакін абвінаваціў палітыка ў міфатворчасці:

– Вось так ствараюцца міфы. Цудоўнай захаванасці шлем тыпу «Чорная Магіла», знойдзены ў Бярэзіне ў Бабруйску – адзіная знаходка такога тыпу на тэрыторыі Беларусі – «спрытным рухам рукі» ператварылася ў шлем Ізяслава Уладзіміравіча і адначасова ў сімвал беларускай дзяржаўнасці. Да таго ж агучылі няправільную колькасць шлемаў гэтага тыпу (ужо вядома больш за 40 цэлых і фрагментаў), недарэчна параўналі зшапкай Манамаха і прыпісалі выраб скандынавам.

Справа унікальная для Беларусі, але не сенсацыйная – ні пра якую прывязку да гістарычных постацяў гаворкі быць не можа. Гэтыя шлемы разам з арабскім срэбрам і іншымі рэчамі ўсходняга паходжання распаўсюджваліся ў Х ст. у многіх рэгіёнах ваенна-гандлёвай актыўнасці ўсходніх вікінгаў: у Ноўгарадзе, Сярэднім Падняпроўі, Прусіі і Вялікай Польшчы. Сам бабруйскі шлем варта разглядаць у кантэксце такіх знаходак, як Брылёўскі скарб, месца яго знаходкі паказвае не на цэнтр княжацкай улады, а на гандлёвы і ваенны шлях з Дняпра да Балтыкі.

Але вядома ёсць і пазітыў: знаходкай атрымалася зацікавіць ўладу, абяцаюць далейшыя раскопкі ў раёне знаходкі, а сам шлем захаваны для даследавання, – заявіў у сваім Facebook Папакін.