Магілёўская турма №4, СІЗА і арыштны дом прадстаўляюць сабой досыць складаную рэжымна-гаспадарчую сістэму. У канцы траўня гэты маркотны будынак, калісьці пабудаваны на ўскраіне Магілёва, адзначыць сваё 40-годдзе.
4 траўня. Магілёў. Саша Мінько. Фота аўтара
Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!
Следчы ізалятар №4 УУС Магілёўскага аблвыканкама на вуліцы Крупскай, 99а быў узяты пад ахову 29 траўня 1979 года. Гэтую дату можна лічыць днём нараджэння гэтай установы. Сёння былое магілёўскае СІЗА афіцыйна называецца папраўчай установай “Турма №4” ўпраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Магілёўскай вобласці. Гэта значыць, з абласнога падпарадкавання гэты будынак перавандраваў пад нагляд ДВП МУС.
Зрэшты, СІЗА нікуды не падзелася – усе яго тры паверхі і далей выкарыстоўваюцца па першапачатковым прызначэнні. ПУ “Турма №4”, акрамя адміністрацыйнага корпуса, складаецца яшчэ з двух будынкаў.
Літарай “П” размешчаны следчы ізалятар, разлічаны на тысячу месцаў. А побач, як бы ля падножжа гэтай “літары”, асобна стаіць турма ўзмоцненага рэжыму для “першаходаў” (асуджаных ўпершыню) – туды трапляюць парушальнікі рэжыму калоній, якіх адпраўляюць адбываць тэрмін ва ўмовах памяшкання камернага тыпу. Турма разлічана на 200 чалавек.
Яшчэ прыкладна тры-чатыры камеры адведзеныя пад арыштны дом, дзе адбываюць пакаранне асуджаныя да трох месяцаў арышту. Калі ўлічыць, што персанал ДВП складае, як мінімум, 100 чалавек, агульная колькасць тых, хто штодня знаходзіцца ў гэтым комплексе будынкаў, перавысіць 1300 чалавек. Фактычна, гэта горад у горадзе са сваёй інфраструктурай, сістэмай грамадскага харчавання і транспарту (штодня дзясяткі людзей этапуюць у суд і назад).
На жаль, з часоў пабудовы турмы некаторыя канструктыўныя асаблівасці будынка не мяняліся і сёння парушаюць правы тых, хто ўтрымлiваецца пад вартай.
Праваабаронцы з ініцыятыў, блізкіх да праваабарончага цэнтру “Вясна”, накіравалі 3 траўня афіцыйны ліст начальніку турмы №4 з патрабаваннем зрэзаць з вокнаў гэтай установы так званыя “вейчыкі” – металічныя палоскі шырынёй 5-6 сантыметраў, прывараныя да кратаў з вонкавага боку акна пад вуглом 45 градусаў. Іх прапануецца замяніць на звычайныя краты, якія забяспечваюць магчымасць паглядзець у акно.
З-за такіх “вейчыкаў” у камеру не трапляе натуральны святло. Паўзмрок, знаходжанне пры кругласутачным электрычным асвятленні на працягу многіх месяцаў немінуча прыводзіць да пагаршэння зроку арыштаваных. Гэта антыгуманны сродак да гэтага часу выкарыстоўваецца ў парушэнне міжнародных правілаў. Праваабаронцы запатрабавалі прывесці ўмовы ўтрымання арыштаваных у адпаведнасць з Мінімальнымі стандартнымі правіламі абыходжання са зняволенымі ААН (Прынятыя 17 снежня 2015 года рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі 70/175).
Мінімальныя стандартныя правілы з’яўляюцца агульнапрызнаным эталонам для турэмных адміністрацый па ўсім свеце і павінны прымяняцца у штодзённай практыцы турэмным кіраўніцтвам усіх краін, якія ўваходзяць у ААН.
Праваабаронцы звярнулі ўвагу на пункт, які тычыцца памяшканняў, дзе жывуць і працуюць зняволеныя. Ён кажа, што “вокны павінны мець дастатковыя памеры для таго, каб зняволеныя маглі чытаць і працаваць пры дзённым святле, і павінны быць сканструяваныя так, каб забяспечваць доступ свежага паветра, незалежна ад таго, існуе ці не штучная сістэма вентыляцыі“.
Магілёўскі часопіс аб правах чалавека mspring.online апытаў некаторых былых вязняў СІЗА і турмы, каб даведацца іх думку пра высілкі праваабаронцаў. Стаўленне ў іх дваякае. З аднаго боку, яны называюць “вейчыкі” абсалютным злом – у многіх арыштантаў рэальна пагоршыўся зрок з-за такіх умоў утрымання.
З іншага – ёсць маса іншых праблем, якія застаюцца нявырашаным.
СІЗА, адзначаюць былыя сядзельцы, раней займала камеры з №1 па 94. Камеры №96-98 былі працоўнымі, там арганізавана швейная вытворчасць.
У будынку турмы 28 камер і 8 так званых “трайнікоў” – памяшканняў на тры чалавекі. У “трайніках” найбольш жорсткія ўмовы: ложкі размешчаны ля адной сцяны ў тры яруса, плошча камеры прыкладна дзевяць метраў, у ёй ёсць туалет. Стол і лаўка былі прыкручаныя да падлогі. Тэлевізараў, у адрозненне ад іншых камер, там няма. Ляжаць на нарах днём нельга – згодна з рэжымам утрымання, можна толькі на іх садзіцца.
Раней турма займала камеры з 95-ай па 130-ую. Аднак нядаўна ў ПУ “Турма №4” з’явіўся новы начальнік, які загадаў цалкам змяніць нумарацыю.
Зрэшты, памяняліся толькі лічбы, а сістэма засталася ранейшай. Напрыклад, мала хто здагадваецца, што прагулачныя панадворкі СІЗА, на самай справе, знаходзяцца на даху гэтага будынка, а вось турэмныя размешчаныя на вуліцы на першым паверсе. Усяго прагулачных панадворкаў 10 і плошчай яны прыкладна каля 15 квадратных метраў кожны.
Праходзячы міма высокага плота гэтага рэжымнай установы, вы заўсёды на працягу дня пачуеце гучнае радыё. Часам здаецца, што ў турме дыскатэка. Але гэта не так – гучнай музыкай ахоўнікі глушаць магчымыя перакрыкі арыштантаў, якіх выводзяць па чарзе на шпацыр. А іх, нагадаем, прыкладна каля 1200 чалавек. Цэлы дзень гучна граючае радыё падобна на катаванне для тых, хто чакае суда месяцамі.
У магілёўскім СІЗА ніколі не выконваўся патрабаваны метраж, але затое тут вельмі неблага арганізавана харчаванне, нармальны душ і ларок, дзе можна закупляцца два разы на месяц. У апошнія гады зьявілася нават такое вынаходства гуманізацыі, як камера для людзей з інваліднасцю, абсталяваная па стандартах Міністэрства аховы здароўя – з поручнямі, медыцынскім ложкам і парэнчамі ля стала, рукамыйніцы і санвузла.
Але застаецца самае непрыемнае месца – на турэмным жаргоне яго называюць “кіча”. Гэта карцэр або ШІЗА, куды садзяць за непадпарадкаванне адміністрацыі і парушэнне турэмнага рэжыму. І калі ў СІЗА штрафныя камеры размешчаны хаця б на ўзроўні першага паверха, то ў турме яны знаходзяцца ў паўпадвальным памяшканні – у іх няма вокнаў, няма вентыляцыі, там пастаянна сыра і холадна. Там людзі фізічна адчуваюць, як каменны мех адбірае ў іх здароўе. Калі “вейчыкі” на вокнах – гэта проста катаванне, то “кіча” – гэта катаванне сярэднявечнае. Замена кратаў гэта мізэр, калі весці гаворку аб гуманізацыі пенітэнцыярнай сістэмы.