Да гэтага ён знаходзіўся ў бабруйскай ПК-2. Там супрацоўнікі калоніі спрабавалі яму “навесіць нізкі статус”, але ім не ўдалося.

26 ліпеня адбыўся суд па ўзмацненні жорсткасці рэжыму для палітвязня з Віцебску Арцёма Латышава. Па выніках працэсу мужчыну вырашылі перавесці на турэмнае зняволенне.

Вядома, што Латышава этапавалі ў магілёўскую турму №4. Да этапу ён утрымліваўся ў штрафным ізалятары.

У бабруйскай калоніі Латышаў рэгулярна сутыкаўся з жорсткім абыходжаннем з боку супрацоўнікаў установы. Так, 1 чэрвеня мужчыну чацвёрты раз запар змясцілі ў штрафны ізалятар ПК-2. Да гэтага ён прабыў там 30 сутак, пасля чаго вярнуўся ў атрад. Перад апошнім змяшчэннем у ШІЗА, супрацоўнікі калоніі запатрабавалі ад Латышава  прыбраць санвузел, тым самым паспрабаваўшы надаць яму “нізкі статус”, аднак Латышаў адмовіўся.

Арцём Латышаў — жыхар Віцебска, працаваў на кандытарскай фабрыцы “Віцьба”. Затрыманы 8 верасня 2021 года за перформанс на магіле з выявай спадара Лукашэнкі, а таксама за псаванне банэраў з выявай супрацоўнікаў ДАІ.

Яму прад’явілі абвінавачанні па арт. 341 Крымінальнага кодэкса (Апаганенне збудаванняў) і ч. 2 арт. КК 339 (Хуліганства, учыненае групай асоб). Акрамя яго, у межах крымінальнай справы праходзілі яшчэ тры чалавекі.

25 мая 2022 года суддзя суда Віцебскага раёна Міхаіл Зубеня прыгаварыў Латышава да 4 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. У верасні 2022 года палітвязня этапавалі ў бабруйскую калонію.