Былы член акруговага выбаркама стаў начальнікам ў аблвыканкаме. На выбарах перамагла яго ж падапечная

Андрэй Заблоцкі быў намеснікам старшыні Магілёўскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях. Падчас апошніх выбараў уваходзіў у акруговы выбаркам па Магілёўскай-Сельскай акрузе №88.

9 снежня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт абвясціў пра папаўненне ў чынавенскіх шэрагах – новыя месцы атрымалі экс-дэпутат парламента Аляксандр Старавойтаў і былы намеснік начальніка Магілёўскага райвыканкама Андрэй Заблоцкі – там ён курыраваў сацыяльныя пытанні.

Старавойтаў пасля Палаты прадстаўнікоў будзе ўзначальваць Галоўнае ўпраўленне аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкама.

Ідэнтычную пасаду атрымаў і Андрэй Заблоцкі – ён будзе адказваць за Галоўнае ўпраўленне па адукацыі.

Цікава, што сваё павышэнне Андрэй Заблоцкі атрымаў амаль адразу пасля парламенцкіх выбараў-2019. У іх чыноўнік прыняў непасрэдны удзел – яго ўключылі ў акруговую выбарчую камісію па Магілёўскай-Сельскай акрузе №88.

Яшчэ цікавей, што, паводле афіцыйных дадзеных, па гэтай акрузе месца ў парламенце атрымала начальнік аддзела адукацыі Магілёўскага райвыканкама Наталля Тарасенка – непасрэдна падначаленая Андрэя Заблоцкага.