Калгасы, камунізм і першамай для «Магілёўскай праўды» былі важней, чым радыяцыйная трагедыя ў 350 кіламетрах ад горада.

Упершыню апублікавана 27 красавіка 2018. Абноўлена 26 красавіка 2019. Магілёў. Алесь Святліцкі


26 красавіка Беларусь адзначае 33-ю гадавіну чарнобыльскай трагедыі. У Магілёўскай вобласці ад аварыі на ЧАЭС пацярпелі адразу некалькі раёнаў. Дасталася Слаўгарадскаму, Краснапольскаму, Чэрыкаўскаму, Быхаўскаму, Касцюковіцкаму – і гэта яшчэ не ўсё. Зрэшты, Чарнобыль – гэта не толькі пра экалагічную катастрофу, адселеныя вёскі і подзвіг ліквідатараў. Гэта яшчэ і пра жахлівы цынізм і крывадушнасць уладаў і прэсы.

Упершыню пра інцыдэнт на Чарнобыльскай АЭС паведамілі 27 красавіка, праз 36 гадзін пасля аварыі. Дыктар па радыё ў г. Прыпяць паведаміў пра збор і часовую эвакуацыю жыхароў горада. Вечарам 28 красавіка паведамленне перадаў ТАСС.

Радыяцыя паспела дабрацца да гэтага часу да Магілёўскага рэгіёну. Аднак у галоўнай газеце вобласці – «Магілёўскай праўдзе» – пра гэта не было ні слова. Як і ў асноўным выданні краіны – «Савецкай Беларусі».

ЖУРНАЛІСЦКАЯ ПУСТЭЧА

Як ужо было сказана вышэй, ТАСС паведаміў пра аварыю 28 красавіка 1986 года. Відавочна, што рэдактары ўсіх выданняў адсочвалі навіны тэлеграфнага агенцтва з дбайнасцю. Не ведаць пра атамную катастрофу побач са сваёй краінай “Магілёўская праўда” і “Савбелка” не маглі. Аднак першыя паведамленні пра аварыю з’явіліся толькі пасля 1 траўня.

4 траўня ў «СБ» выйшла кароткая нататка пра наведванне раёна Чарнобыльскай АЭС спецыяльнай групай чыноўнікаў, сярод якіх былі старшыня Савета Міністраў СССР Мікалай Рыжкоў і сакратар ЦК КПСС Ягор Лігачоў. Адзначалася, што на ЧАЭС здарылася аварыя, але «работы праводзяцца арганізавана». На паласе фармату А2 нататка займала не больш 1\10 ад усяго месца.

Астатняе займала міжнародная палітыка і спорт – “Савецкую Беларусію” турбавалі падземныя выпрабаванні ядзерных бомбаў у ЗША (якая іронія!) і надыходзячы Дзень друку.

Асаблівы гонар нумары – рэпартаж пра перамогу футбольнага «Дынама» Кіеў у Кубку Кубкаў над мадрыдскім «Атлетыка». Выпуск, калі не лічыць 1\10 паласы, атрымаўся вельмі жыццесцвярджальным.

Праўда, порцыя крытыкі была – аказваецца, дом у Талачынскім раёне пабудавалі з парушэннямі. Але “меры ўжо прыняты”.

У «Магілёўскай праўдзе» таксама перадрукавалі нататку пра паездку Рыжкова і Лігачова – гэта было абавязкова для ўсіх выданняў. Адзінае адрозненне – тэкст быў на беларускай, як і ўся «МП» таго часу.

Больш – ні слова. Тыя ж радасці пра Дзень друку, артыкул пра жыццё і поспех артысткі Людмілы Гурчанкі, вялікі матэрыял пра «пашырэнне сацыяльнай базы сацрэвалюцыі ў Афганістане» і галоўнае  – рэпартаж з Мсціслава, у якім мясцовая газета “Святло Кастрычніка” святкавала 70-гадовы юбілей.

Першы вялікі матэрыял пра аварыю з’явіўся 7 траўня. Матэрыял ТАСС «Мацней атама» апублікавалі і ў «Савецкай Беларусі», і ў «Магілёўскай праўдзе»:

“Хоць рэактары спыненыя, на іх падтрымліваецца патрэбны рэжым, вядуцца “штатныя” працы, сотні энергетыкаў працягваюць сваю вахту на станцыі, і іншыя яе службы дзейнічаюць – нават бухгалтэрыя. Як звычайна, у дзень палучкі людзям выдалі зарплату, пастаянна апекуюць атамшчыкаў медыкі, уважліва сочаць за іх здароўем. Кожны добрасумленна робіць сваю справу.

– Падчас аварыі большасць камуністаў праявілі сапраўдны гераізм, – кажа намеснік сакратара парткама Чарнобыльскай АЭС Генадзь Аляксеевіч Каряка», – адрапартавала выданне. Аб маштабах трагедыі вырашылі змаўчаць.

ЯДЗЕРНАЯ ЦІШЫНЯ

Паведамленне пра ЧАЭС з’явілася 4 траўня, то бок праз тыдзень пасля аварыі. Няўжо да гэтага не было нават намёку на тое, што адбылося?

Першы нумар “Магілёўскай праўды” пасля аварыі выйшаў 29 красавіка. І фокус газеты быў далёка ад радыяцыйнага выкіду ў 350 кіламетрах ад аблцэнтра:

«Ап’яненныя бандыцкай расправай над Лівіяй, ЗША пашыраюць маштабы ваенных пагроз у адрас усіх тых дзяржаў, якія апынуліся не ў фаворы ў адміністрацыі Рэйгана”.

Амерыканская ваенная палітыка апынулася важней. Як і пасяўная ў калгасе імя Заслонава, у якім, як абураўся журналіст,“занадта часта тэхніка ў калгасе псуецца ў самы непрыдатны момант“:

“Побач адпрацаваў неабходныя пасля замены рухавіка 60 мота-гадзін гусенічны трактар М.М. Дзямідава. А хіба нельга было памяняць рухавік раней, калі на палях ляжаў снег? “.

Аграрная тэма зацямніла ўсе астатнія. Увесь тыдзень пасля аварыі на ЧАЭС журналісты “Магілёўскай праўды” ні разу не згадалі пра выкід радыяцыі. Магчыма, калі б аб трагедыі паведамілі адразу – цяжкіх наступстваў для большасці насельніцтва можна было пазбегнуць. Хоць бы калі людзі больш сядзелі дома, чым атрымлівалі з ветрам дозу апрамянення. Замест гэтага ўвесь тыдзень “Магілёўская праўда” паўтарала пра важнасць Першамая і заклікала ўсіх актыўна ехаць у Маскву, Мінск і ўдзельнічаць у мясцовым мітынгу. Адразу пасля свята “МП” падрыхтавала вялікую справаздачу аб тым, як весяліліся людзі. Тысячы чалавек купілі 2 мая газету, не падазраючы, што галоўную навіну тыдня яны ў прэсе не знойдуць.

НЯЗРУЧНАЯ ПРАЎДА

Як апынулася, праз год, два і нават тры тэма зручней не стала. Парадокс, але калі людзі ўжо ведалі пра сур’ёзнасць катастрофы, улады і прэса па-ранейшаму рабілі выгляд, што выбух на атамнай станцыі – гэта дробязі.

У дні першай гадавіны ў “Магілёўскай праўдзе” не было ні слова пра Чарнобыль. Газета ў красавіку 1987 палічыла за лепшае распавесці чытачам аб неабходнасці калгасам навучыцца вырабляць высокабялковы фураж – гэта значыць сытны корм для жывёлы, чаму прысвяціла палову паласы.

Яшчэ адну палову паласы аднаго з нумароў газеты заняў пераказ пра візіт кіраўніка Сірыйскай арабскай рэспублікі Хафеза Асада і яго сустрэчы з лідэрам СССР Міхаілам Гарбачовым. Астатнія тэмы былі яшчэ драбней.

Такая ж карціна была ў 1988 годзе – “Магілёўская праўда” 26 красавіка аддала перавагу публікаваць матэрыял школьніцы пра тое, як яна хоча быць настаўніцай, тэкст пра дрэнны рамонт ў доме №13 па праспекце Міра, а таксама агітку “Перабудова – справа кожнага камуніста, патрыятычны абавязак кожнага грамадзяніна “.

Першыя згадкі пра Чарнобыльскую трагедыю з’явіліся толькі тры гады праз – у 1989. Па-сапраўднаму магутна аб атамным выбуху выказаліся толькі ў 1991. Да пяцігоддзя катастрофы “Магілёўская праўда” падрыхтавала спецвыпуск – інфармацыі аказалася занадта шмат.

Галоўны матэрыял – пра паездку Міхаіла Гарбачова ў Касцюковіцкі раён, дзе ён наведаў вёску для перасяленцаў. Акрамя таго, газета ў асобных артыкулах распавяла пра тое, каму яшчэ трэба выехаць з заражаных тэрыторый і надала ўвагу забароне на збор ягад, грыбоў і драўніны ў лесе.

Аказалася, што праблема важная настолькі, што пра яе гаварылі на акцыі на Савецкай плошчы Магілёва – сотні чалавек спецыяльна прыйшлі на мітынг-рэквіем, і “МП” таксама рабіла рэпартаж пра гэта.

Заканчваўся нумар расповедам пра тое, як вырасціць больш-менш чыстую садавіну і гародніну на забруджанай тэрыторыі.

Каб у голас загаварыць аб найбуйнейшай у свеце катастрофе на АЭС, якая бліжэй, чым Брэст, галоўнай магілёўскай газеце спатрэбілася амаль пяць гадоў.

Колькі спатрэбіцца часу зараз, калі, не дай бог, што-небудзь здарыцца на Астравецкай АЭС?