Суд за мем з нацысцкім сцягам: палітыка вызвалілі ад пакарання

25 лютага суд Дрыбінскага раёна прыйшоў да высновы, што экс-кандыдат у дэпутаты парламента Андрэй Юркоў не парушаў закона, паставіўшы знак «сумую» у Аднакласніках.

25 лютага. Дрыбін. Ігар Лазоўскі


У верасні 2019 г. экс-кандыдат у дэпутаты парламента па Горацкай выбарчай акрузе №82 Андрэй Юркоў паставіў у «Аднакласніках» знак «сумую» на карцінку, дзе параўноўваліся савецкі і нацысцкі рэжымы. Дзякуючы алгарытмам сацсеткі, малюнак патрапіў у асабістую стужку Юркова.

Лейтэнант міліцыі Станкевіч склаў на Юркова адміністрацыйны пратакол за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (ч.2 арт. 17.11).

23 снежня 2019 года суддзя суду Дрыбінскага раёна Барыс Пігаль вынес рашэнне аштрафаваць палітыка на 10 базавых велічынь. Праўда, падчас абскарджання ў Магілёўскім абласным судзе высветлілася, што ў часе працэсу публікацыю толкам нават не даследавалі – не было ацэнкі кантэксту і ацэнкі наступстваў з-за яе з’яўлення ў стужцы Юркова. Аблсуд накіраваў справу на новы разгляд, які адбыўся 25 лютага.

У гэты раз справу аб экстрэмізме разглядала суддзя Людміла Новікава. Яна сама вывучыла спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў і прыйшла да высновы, што «выява свастыкі ў белым крузе на чырвоным палотнішчы»  была ўнесена ў спіс пазней (27 лістапада), чым заведзены адміністрацыйны пратакол (19 лістапада) .

Яна прыняла рашэнне спыніць справу, актывіст пазбег адказнасці.

Цікава, што ад пачатку ў дачыненні да Юркова павінны былі пачаць адміністрацыйны працэс па іншым артыкуле. У рапарце супрацоўніка УУС Магілёўскага аблвыканкама Пугачова, які пазней быў накіраваны ў Дрыбінскі РАУС, першапачаткова была просьба праверыць публікацыю ў «Аднакласніках» у рамках артыкула 17.10 КаАП (распаўсюд нацысцкай сімволікі). Аднак Дрыбінская міліцыя вырашыла «ўзяць» актывіста па «экстрэмісцкім артыкуле». Як аказалася – беспаспяхова.