БНФ з-за запазычанасці можа страціць офіс у Магілёве. Тады партыі пагражае ліквідацыя

На дадзены момант запазычанасць за арэнду памяшкання і камунальныя паслугі складае каля 2 тысяч рублёў, распавёў старшыня магілёўскай гарадской арганізацыі БНФ Мікалай Фясько.

7 сакавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Офіс партыі БНФ у Магілёве дзейнічае з 2013 года. Усе гэтыя гады партыйцы аплочвалі яго існаванне сваімі высілкамі. Аднак у апошнія 10 месяцаў справы пайшлі зусім дрэнна.

Адзін з сябраў партыі БНФ расказаў msrping.online, што запазычанасць за арэнду і камуналку складае амаль 2000 рублёў. Старшыня гарадской арганізацыі БНФ Мікола Фесько гэта пацвярджае:

– Так, прыкладна так, можа крыху менш. Пакуль мы дамовіліся з уладальнікам памяшкання, каб ён крыху пачакаў, пакуль мы знойдзем грошы. Ён нам паставіў умову, што мы знаходзім частку сродкаў і ён дазваляе офісу функцыяваць далей. Гэтую ўмову мы выканалі. Зараз трэба актывізавацца і шукаць грошы. Пакуль нас церпяць, але доўга гэта працягвацца не можа. Ёсць усяго толькі адзін-два месяцы на выпраўленне сітуацыі.

Паводле Статута партыі, кожны БНФ-авец павінен штомесяц плаціць унёскі. Аднак па факце гэтага не ажыццяўлялася на працягу некалькіх гадоў. Каб выправіць становішча, рэгіянальнае кіраўніцтва партыі папрасіла кожнага з мясцовых сябраў БНФ ахвяраваць па 5 рублёў у месяц.

Калі ж запазычанасць пагасіць не атрымаецца, у магілёўскіх народафронтаўцаў офіс адбяруць. У сваю чаргу, гэта можа пагражаць ліквідацыяй усёй партыі БНФ.

Пэўная колькасць структур БНФ павінна быць зарэгістравана ў абласных цэнтрах Беларусі. Тады партыя лічыцца афіцыйна зарэгістраванай. Калі мы страцім у Магілёве, то будзе дрэнна. Магчыма, устане пытанне пра ліквідацыю партыі БНФ, – распавяёў спадар Фясько.

Нягледзячы на складанае становішча, палітык глядзіць у будучыню з аптымізмам:

Мы заўсёды знаходзілі нейкае выйсце. Спадзяюся, што і ў гэты раз мы што-небудзь прыдумаем.

Даведацца, як можна дапамагчы магілёўскім БНФ-аўцам, можна на іх старонцы ў Facebook.