Праваабаронцам магілёўскага аддзялення ПЦ “Вясна” давялося некалькі месяцаў даказваць відавочныя рэчы.
30 снежня. Магілёў. Саша Мінько
Раней начальнік Дэпартамента фінансаў і тылу (ДФіТ) МУС Віктар Дубавец у адказе на скаргу на ўмовы ўтрымання ў СІЗА няправільна тлумачыў заканадаўства, дапусціўшы, што Санітарнымі нормамі і правіламі, зацверджанымі Міністэрствам аховы здароўя, нормы натуральнай асветленасці для памяшканняў камернага тыпу (ПКТ) не ўстаноўлены.
Пад ПКТ маюцца на ўвазе камеры СІЗА і турмаў, а таксама спецпамяшканні ў папраўчых калоніях. Такая трактоўка законаў кіраўніцтвам ДФіТ прыводзіць да грубага парушэння правоў грамадзян, якія знаходзяцца пад вартай.
Яшчэ раней такое ж меркаванне выказаў пракурор Бабруйска Аляксандр Канецкі, які проста паўтарыў дзіўную пазіцыю намесніка пракурора Магілёўскай вобласці Сяргея Сільвановіча. Мы ўжо пісалі пра тое, што старэйшы саветнік юстыцыі не лічыць, што ў СІЗА павінны прымяняцца тыя ж стандарты забеспячэння жыццядзейнасці, што і ў яго працоўным кабінеце. І ён відавочна памыліўся.
Санітарныя нормы і правілы, а таксама гігіенічныя нарматывы рэгулююць патрабаванні да асвятлення памяшканняў жылых і грамадскіх будынкаў. Насуперак меркаванню пракурораў і начальніка ДФіТ МУС, намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Шыла растлумачыў гэта так:
«Санітарныя нормы і правілы …, зацверджаныя Пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2012 г. №82, усталёўваюць патрабаванні да натуральнага, штучнага і сумешчаныя асвятленню памяшканняў жылых і грамадскіх будынкаў, нарміруемыя паказчыкі да асвятлення ў такіх памяшканнях і дастасавальныя да арганізацый у частцы якая тычыцца, у тым ліку выпраўленчых установам (следчы ізалятар, папраўчая калонія, турма, арыштны дом).
Што гэта значыць на практыцы?
Гэта значыць, што ўжыванне «металічных жалюзі», якія прывараны з вонкавага боку да вокнаў рэжымных карпусоў пад вуглом 45 градусаў, проста незаконна. Яны не прапускаюць у камеры натуральнае святло, што прыводзіць да страты зроку вязнямі. Упершыню праваабаронцы заявілі пра гэта ў траўні гэтага года.
Пасля ліпеньскага ўнясення змяненняў у Правілы ўнутранага распарадку папраўчых устаноў (ПВР) міністэрствам ўнутраных спраў было загадана, што замест металічных жалюзі могуць выкарыстоўвацца «іншыя альтэрнатыўныя інжынерныя загароды, канструкцыя якіх дазваляе прапускаць у камеру натуральнае асвятленне і адначасова забяспечыць надзейную ізаляцыю».
Гэта значыць, што ПВР больш не з’яўляюцца перашкодай для прывядзення ўмоў утрымання грамадзян пад вартай у адпаведнасць з санітарна-гігіенічнымі нормамі. А спецыфіка абсталявання камер следчых ізалятараў і турмаў – мэбля, санітарна-тэхнічнае абсталяванне, перагародкі санвузла там ўмантаваныя ў падлогу – не з’яўляецца законнай падставай для адмовы ў замерах Каэфіцыента натуральнай асветленасці, як таго патрабуюць Санітарныя нормы і правілы.
У сувязі з гэтым праваабаронцы «Магілёўскай Вясны» зноў запатрабавалі ў якасці тэрміновай меры выдаліць з вокнаў СІЗА і турмаў ДВП МУС металічныя жалюзі і ўсталяваць звычайныя рашоткі; прывесці ўмовы ўтрымання ў СІЗА і турмах ў адпаведнасць з беларускімі Санітарнымі нормамі і правіламі; прывесці ўмовы ўтрымання асуджаных i асоб, якiя ўтрымлiваюцца пад вартай, у адпаведнасць з Мінімальнымі стандартнымі правіламі ААН у дачыненні абыходжання з зняволенымі.