«Прывітанне, Расія»! Рассупрацоўніцтва вучыць магілёўскіх школьнікаў любіць “правільную” краіну?

Усё пачалося з інтэлектуальна-пазнавальнага марафона «Мы разам!», арганізаванага для старшакласнікаў сярэдніх школ Ленінскага раёна Магілёва. Пераможцамі конкурсу сталі навучэнцы СШ №19.

14 жніўня. Магілёў. Саша Мінько / Фота – Расійскі цэнтр навукі і культуры ў Мінску, blr.rs.gov.ru/


Пераможцам інтэлектуальна-пазнавальнага марафону ў якасці прыза была прадастаўлена магчымасць паўдзельнічаць у пазнавальнай вандроўцы «Прывітанне, Расія». Арганізуе яе Рассупрацоўніцтва – федэральнае агенцтва, задачай якога афіцыйна заяўлены праца з моладдзю і пашырэнне расійскай прысутнасці на постсавецкай прасторы.

Інтэлектуальна-пазнавальны марафон «Мы разам!» сталі праводзіць у Магілёве рэгулярна са школьнага сезона 2016-2017 гадоў. Тады ён быў прысвечаны 750-годдзю горада і 55-годдзю “Беларуска-Расійскага універсітэта”.

Яго мэтай было заяўлена выяўленне творчых здольнасцяў навучэнцаў і аказанне ім дапамогі ў выбары будучай прафесіі.

Ініцыятарамі акцыі сталі Цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі «Ветразі» і прарасейскі клуб «Спадчына». Конкурс праводзіўся на базе БРУ, дзе і працуе частка актывістаў «Спадчыны».

Падтрымку акцыі аказалі амбасада Расеі ў Беларусі, грамадскае аб’яднанне «Рускае культурна-асветніцкае таварыства», гарадское грамадскае аб’яднанне «Дыялог» і сваё дзяжурнае «дабро» даў аддзел адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва. Мэтавая аўдыторыя была вызначана ў інтарэсах Рассупрацоўніцтва – школьнікі старэйшых класаў.

750-годдзе Магілёва даўно мінула, юбілей БРУ таксама, а вось «Мы разам!» працягваецца. Магілёўскі часопіс аб правах чалавека MSPRING.ONLINE не паленаваўся і парыўся ў пунктах Палажэння марафона «Мы разам» за подпісам начальніка аддзела адукацыі Ленінскага раёна Любянкова А.Ф. і рэктара БРУ Сазонава І.С.
У пункце 2.2 пералічаныя шэсць задач марафону. Пачынаюцца яны з «фарміравання ў моладзі актыўнай жыццёвай пазіцыі», працягваюцца ў духу развіцця творчага патэнцыялу асобы, а вось апошняя задача – “Распаўсюд ідэй Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі”. Сярод матывацый і прафарыентацыі зачасалася палітычная ідэалогія.

У гэтым жа дакуменце пункт 1.2 абвяшчае, што прыняць удзел у Марафоне могуць навучэнцы 9-10 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Ленінскага раёна г. Магілёва. Гэта значыць, дзецям усяго па 14-15 гадоў.

«Мы разам!» – назва не толькі конкурсу для школьнікаў у Магілёве. Па дзіўным збегу абставінаў, а можа і не проста збегу, менавіта ў 2016 годзе ў Германіі стаў праводзіцца сямейны фестываль суайчыннікаў з такой жа назвай.

Крыху раней, у 2014 годзе, быў запушчаны праект Рассупрацоўніцтва “Прывітанне, Расія!”. Але маштабна ён стартаваў зноў жа толькі ў 2016 годзе. Ён рэалізуецца па лініі урадавай камісіі па справах суайчыннікаў за мяжой, якую узначальвае міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў.

Расейскі ўрад штогод у жніўні аплачвае візіт у Маскву для 700 дзяцей з розных краін свету, якія выйгралі любы конкурс па гісторыі і культуры Расіі. Такім чынам, Масква, верагодна, рыхтуе сваіх лабістаў у будучыні.

Рассупрацоўніцтва зусім не хавае, навошта патрэбна такая праграма. На афіцыйным сайце арганізацыі адкрыта гаворыцца пра яе мэты – «садзейнічанне ў вывучэнні шматнацыянальнай расійскай культуры падрастаючаму пакаленню суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, іх знаёмства з гістарычнай радзімай».

Якая краіна лічыцца гістарычнай радзімай ў вучняў магілёўскай СШ №19 – гэта пытанне для аддзелаў ідэалогіі, якіх развялося мноства на ўсіх узроўнях.

Дадамо толькі, што ўсяго з Беларусі ў праграме «Прывітанне, Расія! – 2019 »прынялі ўдзел 62 навучэнца з Магілёва, Брэста, Бабруйска і Рэчыцы.