Затое Аляксандр Рыгоравіч з камфортам пакатаўся па родных краях.

25 сакавіка. Ворша-Магілёў. Саша Мінько/На фота: дызель-поезд, які спынялі з-за картэжу. Фота аўтара. 

Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі Інтэрнэт-крыніцамі, пазначэнне mspring.online як першакрыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!


25 сакавіка дызель-поезд Ворша-Магілёў адпраўленнем у 8:55 быў двойчы спынены па шляху следавання і прыйшоў на канчатковую станцыю з паўгадзінным спазненнем. Прычына – прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з камфортам прыехаў на малую радзіму.

Першы прыпынак прыгараднага дызеля адбыўся пасля адпраўлення з пункта Прокшына. Не даязджаючы да Александрыі, машыніст спыніў састаў і абвясціў па гучнай сувязі, што цягнік будзе стаяць “па тэхнічных прычынах”.

Праваднікі адразу ж адправіліся па вагонах з пытаннем, ці няма ў каго-небудзь з пасажыраў квіткоў з перасадкай, што выклікала некаторую нервовасць – колькі будзе стаяць цягнік, ніхто не ведаў.

Такіх не аказалася, затое было з дзясятак чалавек, якія спяшаліся на працу ў Магілёў і дзяўчына, якая спазнялася ў падарожжа на асабістым транспарце – у выніку, не дачакаўшыся яе, машына з’ехала з магілёўскага вакзала.

Пасажыры хутка нагрэтых на сонцы вагонаў паспрабавалі высветліць прычыны затрымкі. Але на ўсе іх пытанні супрацоўнікі чыгункі адказвалі маўчаннем. Праз пятнаццаць хвілін цягнік рушыў. Аднак даехаць атрымалася толькі да Копысі.

Там, з такім жа папярэджаннем машыніста па гучнай сувязі, састаў ізноў заціх. Што цікавае, таксама зацягнулася стаянка і дызеля, які рухаўся ў процілеглым кірунку – на Воршу.

Аднак мясцовыя жыхары, якія зайшлі ў вагон, хутка растлумачылі прычыну такіх паводзін чыгуначнікаў – ніякіх тэхнічных прычын няма, проста прэзідэнт ганяе з картэжам па наваколлі. Саставы спыняюць, як меру засцярогі. Па вагоне прайшоў гоман, што ўключаў ненарматыўныя выразы ў адрас лідара краіны.

У Магілёў састаў, абавязаны быць да 10:42 па раскладзе, прыбыў толькі ў 11:13. Грамадзянам, якія спазніліся на працу, неафіцыйна супрацоўнікі чыгункі раілі патлумачыць затрымку картэжам прэзідэнта, бо “усе ўсё зразумеюць”.

Інфармацыя пазней пацвердзілася афіцыйна. На сайце прэзідэнта Беларусі з’явілася паведамленне, што Аляксандр Лукашэнка 25 сакавіка здзяйсняе працоўнае падарожжа ў Магілёўскую вобласць. Кіраўнік дзяржавы наведвае сельскагаспадарчае прадпрыемства “Газавік-Сіпакова” ў аграмястэчку Дабрэйка ў 10 км ад Шклова.