Паўгады яны чакалі рашэння аб персанальным памілаванні з прэзідэнцкай адміністрацыі, і напярэдадні выбараў атрымалі адмову.
23 ліпеня. Магілёў. Саша Мінько
13 снежня мінулага года пры наведванні Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што ў бліжэйшы час будуць унесены прапановы аб персанальным памілаванні асоб, асуджаных па артыкуле 328 КК «Незаконны абарот наркотыкаў».
Словы прэзідэнта, якія прагучалі тады, мае сэнс прывесці цалкам:
«Я даручыў, каб ўнеслі мне прапановы аб памілаванні такіх людзей. Персанальна кожнага чалавека разгледзім і там, дзе можна, на парукі, як у нас кажуць, бацькам – прыйдзі, распішыся, вазьмі. На асаблівы кантроль! Не дай Бог, ізноў патрапяць, то разам з бацькамі пойдуць у гэты калонію. Такое жорсткае даручэнне. У бліжэйшы час, я так разумею, яно будзе ўнесена мне. Я пайду на памілаванне гэтых людзей…».
Для памілавання былі выстаўленыя дзве ўмовы – першая судзімасць і адказнасць бацькоў. Маці імгненна аформілі асабістыя паручальніцтвы, сабралі ўсе неабходныя паперы – ад прысуду да характарыстыкі з калоніі, і хадайніцтвы ўжо ў студзені масава паляцелі на адрас прэзыдэнцкай адміністрацыі.
Прайшло паўгады і цяпер таксама масава сталі прыходзіць адказы. Ўсе адмоўныя. Мы пакуль не знайшлі ніводнай сям’і, дзе дзіця было б выпушчаныя на парукі.
З усёй масы асуджаных мы вырашылі асобна звярнуць увагу на лёс трох вязняў, за якіх ўступілася міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International – Васіля Саўчанкава, Эміля Астраўко і Уладзіслава Шаркоўскага.
Як нам удалося высветліць, бацькі Васіля Саўчанкава, які да гэтага часу знаходзіцца ў бабруйскай выхаваўчай калоніі №2 для непаўналетніх, у апошні час звялі да мінімуму зносіны з актывісткамі руху «Маці-328». Аднак кіраўніцтва калоніі стала ставіцца да іх лаяльней і нават стала запрашаць на «дні адчыненых дзвярэй».
Што ж тычыцца маці іншага малалетняга вязня, які адбывае тэрмін у Бабруйску, але ўжо ў дарослай ПК-2, то Юлія Астраўко пацвердзіла нам, што таксама атрымала адмоўны адказ на сваё хадайніцтва:
«Там усяго адзін радок – «у памілаванні вам адмоўлена» і ўсё, ніхто нічога не тлумачыць. Ніякай матывіроўкі або абгрунтавання ў гэтых рашэннях няма», – кажа Юлія Астраўко.
Ідэнтычны адказ маецца на руках і ў Ірыны Шаркоўскай – маці хлопца, які да арышту быў перспектыўным спартсменам, але патрапіўшы ў СІЗА ў сямнаццацігадовай узросце, страціў здароўе. Ужо будучы пад вартай Улад Шаркоўскі перанёс аперацыю: прыйшлося выдаліць нараст у горле, які ўтварыўся праз інфекцыю.
Такім чынам, улады працягваюць старую гульню. Яны раздаюць абяцанні, збіваюць пратэстныя настроі бацькоў, супакойваюць іх, а потым проста цягнуць час. Хоць відавочна, што многія непаўналетнія былі прысуджаныя да непрапарцыйна вялікіх тэрмінаў – нездарма да многіх былі ўжытыя ўжо дзве амністыі.
Асуджаныя ж хутка адседзяць больш за палову свайго тэрміну і будуць мець законную магчымасць паспрабаваць выйсці на свабоду ўмоўна-датэрмінова. А некаторыя адседзяць ад званка да званка. Атрымліваецца, прэзідэнту верыць нельга?