Па воўчы выць. Падаецца, пасля бунту ў калоніі «Воўчыя норы» зняволеных масава вывезлі ў Магілёў

Меркаваных бунтаўнікоў вырашылі перавесці адбываць пакаранне ва ўмовах крытай турмы. Магілёўскі часопіс аб правах чалавека MSPRING.ONLINE вырашыў разабрацца, як развіваліся падзеі.

19 ліпеня. Саша Мінько. Магілёў

Увага! Пры выкарыстанні або перадруку дадзенага матэрыялу ў іншых Інтэрнэт-крыніцах, узгадванне сайта MSPRING.ONLINE з гіперспасылкай на арыгінальны тэкст абавязковае ў першым абзацы!


У ноч з 3 на 4 лістапада мінулага года ў сацсетках з’явілася інфармацыя аб тым, што зняволеныя папраўчай калоніі №22 «Воўчыя норы» пад Івацэвічамі зладзілі пратэстную акцыю з-за невыносных умоваў утрымання, створаных адміністрацыяй, і рэзкага павелічэння колькасці дысцыплінарных спагнанняў за правапарушэнні, якія яны не здзяйснялі. Прасачылася інфармацыя пра тое, што асуджаныя заблакавалі дзверы ў атрадах і запатрабавалі сустрэчы з начальнікам Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП).

Пратэст пачалі два атрада, якія патрабавалі не вывозіць з калоніі прадстаўнікоў крымінальнага свету са «статусамі», але хутка акцыю падтрымалі практычна ўсе сядзельцы. У адказ на тэрыторыю калоніі зайшлі спецвойскі МУС, аднак да фізічнага сутыкнення справа не дайшла.

А ЦІ БЫЎ БУНТ?

Прадстаўнікі Упраўлення ДВП па Брэсцкай вобласці, як маглі, спрабавалі абвергнуць гэтую інфармацыю. Але літаральна праз дзесяць дзён пасля інцыдэнту дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА тэрмінова апублікавала ухвальны артыкул пра выдатныя умовы ўтрымання ў «Воўчых норах», што можа сведчыць пра наяўнасць праблемы.

Пазней з ананімных крыніцаў стала вядома, што канфліктную сітуацыю ўладзіў начальнік калоніі Андрэй Квашэвіч. У калоніі палепшылася медыцынскае абслугоўванне, рэгулярна стаў працаваць аддзел цэнзуравання пошты і галоўнае – улада намесніка па рэжымна-аператыўнай працы (РАП) Валянціна Столяра была абмежаваная.

Мяркуючы па ўсім, кіраўніцтвам ДВП было вырашана звярнуць асаблівую ўвагу на калонію, якая спецыялізуецца на адбыванні пакарання за нарказлачынствы. Былі вылучаныя і грошы. Праз паўгады пасля канфлікту, у мінулым траўні, ў «Воўчых норах» адкрылі новую мультыфункцыянальную спортпляцоўку, якую праінспектаваў асабіста начальнік ДВП МУС Беларусі Алег Маткін, сустрэчы з якім патрабавалі асуджаныя. Заадно кіраўнік ДВП праінспектаваў і сваіх падначаленых.

НЯЎГОДНЫХ КІНУЛІ Ў ТУРМУ

Аднак гэтая гісторыя зараз атрымала працяг. Стала вядома, што пасля інцыдэнту каля трыццаці чалавек вывезлі з івацэвіцкай калоніі ў невядомым напрамку. Бацькам, што запанікавалі, было заяўлена, што іх дзяцей проста перавялі адбываць тэрмін у іншыя месцы. Удалося высветліць, што спачатку іх сапраўды перавезлі групамі па 5-7 чалавек у іншыя калоніі, але, як аказалася, утрымлівалі ўжо ў памяшканнях камернага тыпу (ПКТ), што азначае ўзмацненне жорсткасці ўмоваў адбыцця пакарання.

Да чэрвеня гэтага года практычна ўсе яны аселі ў двух месцах – у турме №4 у Магілёве і жодзінскай турме №8. Тыя вязні, якія трапілі ў Магілёў, атрымалі па адным годзе ўтрымання ва ўмовах турмы, а ў Жодзіне – па тры. Акрамя таго, ад бацькоў стала вядома, што некаторым непажаданым пагражаюць пераследам па сумна вядомым артыкуле 411 КК Беларусі «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы», які дазваляе дадаваць кожны раз да двух гадоў тэрміну дадаткова да асноўнага.

Людзі, якія сочаць за працэсамі ў беларускай пенітэнцыярнай сістэме, называюць гэтую сітуацыю беспрэцэдэнтнай карнай акцыяй. Апошні раз такое назіралася ў 90-я гады, калі міліцыя не магла справіцца арганізаванымі злачыннымі групоўкамі, таму штучна стварала сітуацыі, якія дазваляюць трымаць прадстаўнікоў крыміналітэту ў турме бясконца доўга.

Бацькі асуджаных неахвотна ідуць на кантакт і гатовыя распавесці свае гісторыі толькі тады, калі сітуацыя даходзіць да абсурду. Напрыклад, маці асуджанага па артыкуле 328 Уладзіслава Бураўцова паказвае на тое, што ў момант супрацьстаяння ў калоніі яе сын знаходзіўся ў штрафным ізалятары (ШІЗА) ПК-22. Чыста фізічна ён не мог удзельнічаць у акцыі пратэсту зняволеных. Не назавеш яго і «аўтарытэтам» са статусам, бо хлопец на момант затрымання быў непаўналетнім. Тым не менш, яго этапавалі з ВК-22 разам з «бунтаўнікамі».

У выніку ён трапіў у магілёўскую турму №4 на адзін год. Артыкулам 411 КК яму не пагражаюць, тлумачыць яго маці, але цяпер ён не трапляе пад амністыю, бо названы злосным парушальнікам рэжыму. А дысцыплінарныя спагнанні ён атрымліваў нават знаходзячыся ў ШІЗА.

УСЁ Ж ПРЫЗНАЛІСЯ, ШТО БУНТ БЫЎ

Некалькі іншая сітуацыя, але таксама вельмі дзіўная, у Ягора Лугіна. Хлопцу на момант арышту споўнілася 18 гадоў. Рашэннем суда ён быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі па частцы 3 артыкула 328 (незаконны абарот наркотыкаў групай асоб). Хлопец адседзеў 6 гадоў, з якіх тры апошнія гады беспраблемна правёў у івацэвіцкай калоніі. Злосным парушальнікам стаў толькі ў тры апошнія месяцы знаходжання там.

Праблемы ў калоніі пачаліся з прыходам новага намеснік начальніка па рэжымна-аператыўнай працы Валянціна Столяра. Да таго, тлумачыць маці асуджанага Таццяна Лугіна, гэтую пасаду займаў Юрый Крыштопчык, да якога ў маладых хлопцаў прэтэнзій не было. Аднак прыкладна паўтары гады таму склад кіраўніцтва калоніі змяніўся, і адразу ж па калоніі папаўзлі чуткі аб адпраўцы часткі зняволеных у турмы.

Ягор Лугін адбыў больш за палову тэрміну і мог задумвацца аб умоўна-датэрміновым вызваленні. Па амністыі пакаранне магло быць зменшана на 1 год. Ніякіх прычын бунтаваць у хлопца не было, бо неўзабаве ён мог вызваліцца. Больш за тое, ён працаваў качагарам у тры змены і на момант канфлікту знаходзіўся наогул у нежылой зоне. Ён таксама фізічна не мог прымаць удзел у супрацьстаянні.

Тым не менш, намеснік начальніка па РАП Валянцін Столяр на ўсіх вывезеных з ПК-22 асуджаных склаў аднолькавыя паперы. Спачатку частка хлопцаў, сярод якіх быў і Ягор Лугін, адправілі ў Баранавіцкае СІЗА №6. Але неўзабаве іх перавезлі ў магілёўскую папраўчую калонію №15. Там бацькам удалося сустрэцца з начальнікам ПК, які падняў асабістую справу Ягора.

Аказалася, што ў дакументах хлопца фігуравала аж 30 парушэнняў, учыненых за тры месяцы. І там жа змяшчалася пазначэнне на тое, што ён прымаў удзел у бунце ў івацэвіцкай ПК-22. Такія пазнакі стаялі і ў дакументах ўсіх, хто прыбыў з «Воўчых нор». У канчатковым выніку Ягор Лугін не застаўся ў Магілёве, а быў этапаваны ў жодзінскую Турму №8 на тры гады.

У маці асуджаных ёсць здагадка, што такім чынам улады імкнуцца паменшыць колькасць амніставаных. Пакуль што вядома пра тое, што рыхтуецца вызваленне прыкладна 45 непаўналетніх вязняў з бабруйскай выхаваўчай калоніі №2 – яны псуюць статыстыку, бо з-за іх Беларусь парушае Канвенцыю ААН аб правах дзіцяці. Што ж тычыцца дарослых хлопцаў, то іх выпускаць пакуль не спяшаюцца. Хтосьці, дзякуючы іх справам, можа атрымаць новыя зорачкі і павышэнне па службе.

* Праваабаронцам сталі вядомыя прозвішчы і іншых асуджаных, вывезеных з ПК-22, аднак мы іх не публікуем без іх асабістай згоды або згоды iх сваякоў.