У дачыненні да Аляксандра Буракова праводзіцца праверка па артыкуле 193.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

12 лістапада. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Оперупаўнаважаны аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Кастрычніцкага РАУС, старшы лейтэнант Павел Кот 8 лістапада паведаміў журналісту і праваабаронцыАляксандру Буракову, што ў дачыненні да яго вядзецца праверка па факце дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

– Мы з ім сустрэліся ў цэнтры горада, так як я не хацеў ехаць у РАУС. Кот распавёў, што ён правярае мяне, ці з’яўляюся я актывістам праваабарончага цэнтру “Вясна”. Ён ведае, што я пішу матэрыялы для сайта аб правах чалавека mspring.online і ведае, што сайт звязаны з «Вясной». Ад мяне ён папрасіў даць пісьмовыя тлумачэньні. Я ветліва адмовіўся, скарыстаўшыся арт. 27 Канстытуцыі Беларусі.

Па словах Буракова, гэта ўжо другая праверка ў дачыненні да яго. У верасні ўсё той жа старэйшы лейтэнант Павел Кот разглядаў заяву кіраўніцтва заводу «Омск Карбон», якія прасілі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці аўтараў mspring. online за матэрыялы аб іх фабрыцы.

– Кот сказаў, што тую праверку ён скончыў і крымінальная справа не ўзбуджалася. Цяпер вось другая. Прычым калі па «Омск Карбон» праверку пачалі па заяве кіраўнікоў заводу, то зараз праверку пачаў ужо сам оперупаўнаважаны Кот, – сказаў Буракоў.

Як распавёў журналіст, праверка пачалася яшчэ 8 кастрычніка – гэтую дату ён бачыў у рапарце, які яму паказаў супрацоўнік міліцыі.

– За гэты месяц, што ідзе праверка, Кот узяў тлумачэння ў трох чалавек, якія былі звязаны з матэрыяламі на mspring.online. Гэта з ягоных словаў. Па-першае, гэта старшыня Моладзевага парламента Яраслаў Грыгор’еў, з якім я рабіў інтэрв’ю як з самым маладым кандыдатам у дэпутаты на мінулых выбарах. Гэта Ігар Сідараў са страйкбольнага клуба, з якім мы таксама размаўлялі. І яшчэ камендант інтэрната, у якім я рабіў рэпартаж пра перасяленне сям’і ў жудасныя ўмовы, – пералічыў Буракоў.

Ён не бачыць сэнсу хаваць, што піша матэрыялы для праваабарончага цэнтра “Вясна”:

– Я нічога супрацьзаконнага не раблю. Тое, што я раблю матэрыялы, якія нязручныя уладам – гэта праблема саміх уладаў.

Буракоў сказаў, што Павел Кот параіў яму кінуць журналісцкую і праваабарончую дзейнасць, а таксама намякнуў, што яны яшчэ абавязкова сустрэнуцца.

– Я думаю, што ўся праверка і пагроза крымінальнай справы – гэта спроба прыстрашыць. Артыкул, які мне спрабуюць прышыць, не працуе ўжо гадоў дзесяць. Мне нават цікава паглядзець, як міліцыя будзе выблытвацца.

Артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса РБ “Незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонда альбо ўдзел у іх дзейнасьці» была ўведзена ў нулявыя гады для барацьбы з апазіцыйнымі аб’яднаннямі. У свой час, па ёй былі прыцягнуты да адказнасці дзясяткі людзей – яны атрымлівалі вялікія арышты, а таксама тэрміны ў калоніях.

Санкцыя па гэтым артыкуле – штраф, або арышт, або пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” ужо выказаў пратэст супраць пераследу свайго журналіста і праваабаронцы.