У Магілёве афіцыйна абвясцілі аб рэалізацыі праекта «Вершы на сценах».

22 жніўня. Магілёў. Леніснкая, 7. Алесь Святліцкі


Цэнтр гарадскіх ініцыятыў афіцыйна прэзентаваў праект выпускнікоў школы гарадскога актывізму «Цяпліца». На адмысловую прэс-канферэнцыю запрасілі аўтараў малюнкаў Юлію Раткіну, Вольгу Азаранку, а таксама паэта Віталя Рыжкова, чый верш быў рэалізаваны апошнім. Сустрэча прайшла побач з малюнкам, па адрасе Ленінская, 7.

Па словах кіраўніка ЦГІ Юрыя Стукалава, усяго атрымалася рэалізаваць сем вершаў пяці аўтараў – Алеся Разанава, Яўгеніі Янішчыц, Ларысы Геніюш, Максіма Багдановіча і Віталя Рыжкова.

Апошні лёгка пакрытыкаваў арганізатараў за тое, што яны выбралі менавіта яго твор для перанясення на сцяну:

– Лічу, што ёсць яшчэ вялікая колькасць аўтараў, якія вартыя больш за мяне з’явіцца са сваімі творамі на сценах, напрыклад Аляксей Пысін ці Міхаіл Стральцоў. Але мне падабаецца, што ў наш час, калі цалкам не да паэзіі, не да мастацтва, ёсць такое, калі людзі збіраюцца, марнуюць час і сілы, каб зрабіць свой горад лепш, прычым бескарысліва, – заўважыў паэт.

Юрый Стукалаў даў зразумець, што праект не скончаны і вершы таго ж Пысіна могуць з’явіцца на магілёўскіх вуліцах:

– Мы думаем пайсці ў спальныя раёны і рэалізаваць праект там. Напрыклад верш Пысіна – на вуліцы Пысіна. Урывак з твора Аркадзя Куляшова – на вуліцы Куляшова. Да гэтага мы збіраемся вярнуцца ў наступным годзе, – сказаў лідэр ЦГД.

Асобна Стукалаў звярнуў увагу на тое, што выканаўцы праекта рабілі усю працу бескарысліва, прычым прафесійнымі мастачкамі яны не з’яўляліся.

Што тычыцца бюракратычных праблем, то іх не было, сцвярджае грамадзянскі актывіст.

– Улады ўсё ўзгаднілі хутка. Чаргінца увекавечыць не прапаноўвалі, – адказаў Стукалаў на пытанне аднаго з журналістаў.

У бліжэйшы час стане даступная карта «Вершаў на сценах».