Трое паэтаў дэкламавалі свае вершы і спаборнічалі ў імправізацыі.

18 сакавіка на «Коле» маладыя паэты Аляксей Карпенка, Алена Быкава і Вераніка Міхалёва прынялі ўдзел у першым лакальным паэтычным спаборніцтве. У ролі суддзяў выступілі гледачы, якіх сабралася ў гэты вечар каля дваццаці чалавек.

Спачатку ўдзельнікі зачыталі па пяць сваіх вершаў, пасля чаго іх чакалі два туры імправізацыі – у першым ім давялося абгульваць тэмы, «Гавары праўду» і «Спайс», у другім – «Вясна, Любоў і Грошы». Пасля кожнага з трох тураў гледачы павінны былі напісаць імя паэта, чыя творчасць спадабалася больш.

У выніку пераможцам стала Вераніка Міхалёва. У якасці прыза яна атрымала запрашальны білет на дваіх у Магілёўскі тэатр лялек на прэм’ерны спектакль для дарослых «На дне».

– Такі фармат мы вырашылі апрабаваць ўпершыню, хоць былі розныя меркаванні наконт таго, падыдзе ён ці не падыдзе. Шмат этычных момантаў звязана з ацэнкай творчасці – нават паміж сабой мы даволі доўга спрачаліся пра тое, ці могуць людзі проста так ацэньваць паэзію. З іншага боку, мяркуючы па рэакцыі гледачоў, сустрэча ім спадабалася, – паведаміў нам адзін з арганізатараў Зміцер Тоўсцік.

– Гэта быў першы раз, і мы глядзелі, што і як лепш нам зрабіць. Мне падаецца, такі фармат паказаў сябе добра. Нават паэты павінны адчуваць канкурэнтнае асяроддзе, каб не расслабляцца і пісаць добрыя рэчы. Ужо зараз ёсць папярэдняя дамоўленасць амаль з усімі ўдзельнікамі наступнага паэтычнага батла, які, хутчэй, будзе называцца «Арэна Паэтаў», – паведаміў Саша Буракоў, мадэратар сустрэчы.- Сама ідэя з’явілася пасля таго, як паўстала патрэба неяк перайначыць паэтычныя вечары, якія збіралі не так шмат народу. Зроблена гэта было ў рамках ініцыятывы клуба узаемадапамогі і рэалізацыі ідэй Offline, які з’явіўся на базе аднайменнай дыскусійнай пляцоўкі.

Па словах арганізатараў, наступная паэтычная бітва пройдзе прыкладна праз два-тры тыдні. Пра дату будзе паведамлена загадзя, у тым ліку і праз афішу на нашым сайце.

На здымку – вершы чытае Лена Быкава