На блізках і зразумелых прыкладах тлумачым, чаму чалавецтва абавязана пазбегнуць ядзерных разборак ў будучыні.

21 лістапада. Магілёў. Алесь Святліцкі


На фарміраванне інстытута правоў чалавека ў XX стагоддзі значным чынам паўплывалі дзве сусветныя вайны і незлічоная колькасць лакальных міжусобіц. Акрамя гэтага, многія баяліся развязвання ядзернай вайны.

З развалам СССР пагроза татальнага атамнага знішчэння знізілася, аднак не знікла. Палітычныя ідэі і прага панавання для безразважных кіраўнікоў дзяржаў нярэдка стаяць вышэй за правы чалавека і жыццё людзей. Што адбудзецца з Магілёвам, калі чыясьці гарачая галава сарве пломбу адэкватнасці і запусціць працэс ядзернай вайны?

З дапамогай сайта Would I Survive A Nuke.com (Ці атрымаецца У Мяне Выжыць Падчас Ядзернага Выбуху.ком), мы даведаліся, каму пашанцуе, калі на плошчу Славы раптам прыляціць чыё-небудзь палымянае прывітанне. У трох прыкладах мы не ўлічваем наступствы радыеактыўнага выпраменьвання – бо нават самай маламагутнай атамнай бомбы будзе дастаткова, каб пад радыяцыяй апынулася практычна ўся Магілёўская вобласць.

 

Ядзерная бомба «Таўстун» (“Fatman”).

Менавіта гэтая боегалоўка была скінутая на японскі горад Нагасакі 9 жніўня 1945 года. Яе моц складала 18 кілатону. У параўнанні з сучаснымі ядзернымі зарадамі, гэта вельмі мала. Аднак нават такой бомбы было б дастаткова, каб практычна ўвесь цэнтр Магілёва быў знішчаны. Выпаленымі апынуліся б Школішча, большая частка Падміколля, плошча Зорак, крыху больш пашанцавала б плошчы Леніна.

Ўдарная хваля збіла б з ног людзей на вуліцы каля Інстытута МУС. Выбух адчулі б у  Казіміраўцы ды на Зялёным лузе. З процілеглага боку выбухавая хваля адчувалася б каля  Святога возера і кальца мясакамбіната.

 

Ядзерная бомба «Апалчэнец» ( “Minuteman”)

Аснова ядзернага арсенала ЗША ў часы Халоднай вайны. Магутнасць зарада складала каля 1 мегатоны у трацілавым эквіваленце. У выпадку, калі б у цэнтры Магілёва прыляцела міжкантынентальная балістычная ракета з такой боегалоўкай, цалкам разбураным апынуўся цэнтр і ўсё, што побач, у тым ліку завод «Строммашына», завод штучнага валакна, увесь мікрараён Юбілейны, уся вуліца Касманаўтаў, Лупалава. Хваля ад выбуху знесла б крыжы і помнікі на Лаўсанаўскіх могілках, разбурыла б капліцу у Буйнічах, пазносіла б дамы у Прысна 1, Новым Пашкове, Палыкавічах і Любужы.  

 

Тэрмаядзерная бомба «Касл Брава» ( “Castle Bravo”)

Самая магутная бомба, калі-небудзь выпрабаваная Злучанымі Штатамі. Магутнасць выбуху склала 15 мегатон.

Магілёў быў бы знішчаны цалкам, рэдкія будынкі ацалелі б на ўскраінах. Хваля ад выбуху смела б бліжэйшыя вёскі і дайшла б да Гарбавічаў, Смолкі, Красніцы, Зарэсця, Вішова, Батуні і Дашкаўкі. Ядзерны грыб падняўся б на вышыню 40 кіламетраў і быў бы бачны нават у Менску.

 

Вадародная «Цар-бомба»

Геній савецкіх фізікаў-ядзершчыкаў дазволіў стварыць самую смяротную тэрмаядзерную зброю ўсіх часоў. Выпрабаванне правялі амаль роўна 55 гадоў таму – 30 кастрычніка 1961 года боезарад выбухнуў над выспай Новая Зямля. Магутнасць выбуху склала 58 мегатон у трацілавым эквіваленце. У групе распрацоўшчыкаў «Цар-бомбы», між іншым, быў і акадэмік Андрэй Сахараў, у наступным – вядомы праваабаронца і адзін з заснавальнікаў Маскоўскага Камітэта па Правах Чалавека.

У выпадку выбуху бомбы ў цэнтры Магілёва, замест горада засталося поле з аплаўленымі абломкамі. Кадзіна, Сумарокава, Княжыцы і Палыкавічы згарэлі б за хвіліны, ўдарная хваля пашкодзіла б дома і неўмацаваныя будынкі ў Бялынічах, Чавусах і Шклове. На месцы плошчы Славы ўтварылася б глыбокая варонка глыбінёй у дзясяткі метраў.

Добрая навіна – радыеактыўнае забруджванне было б мінімальным з-за асаблівасцяў канструцыі бомбы. Дрэнная навіна – не было б каму радавацца добрай навіне.