На ўсіх святлодыёдных эмблемах горада, якія ўсталявалі з боку Мінскай шашы, адсутнічае гістарычна важная частка малюнка.

Ідэя мадэрнізаваць уязную групу належыць старшыні гарвыканкама Уладзіміру Цумараву, які загаварыў пра гэта летам 2015 года. Было прынята рашэнне візуальна аформіць кожны ўезд у горад, у тым ліку і найбольш загружаную шашу, якая вядзе на Мінск.

Для ўпрыгожвання было абрана 20 святлодыёдных гербаў Магілёва, 10 з якіх ужо ўстаноўлены.

Але, як аказалася – з памылкай.

На ўсіх геральдычных знаках адсутнічае знак “Пагоня”, які з’яўляецца неад’емнай часткай гарадской эмблемы.

city shield mogilev

Гэта далёка не першы прыклад за апошні год, калі прадстаўнікі ўлады нядбайна ставяцца да нацыянальнай спадчыны беларусаў. Восенню 2015 г. міліцыя затрымала падчас футбольнага матчу Беларусь-Македонія фанатаў з выявай “Пагоні” на шаліках, а некалькіх кадэтаў Брэсцкага абласнога кадэцкага вучылішча ледзь не выключылі за фота ў соцсеть, дзе яны дэманструюць майкі з гэтым сімвалам.

Не выключана, што і ў выпадку са святлодыёднымі гербамі ўлады вырашылі пазбавіцца ад непажаданага для іх элемента. Аднак тут важна разумець, што герб Магілёва з’яўляецца гістарычным і ніякім чынам змяняцца не павінен. Тая эмблема, якая сёння ёсць у горада – гэта герб ўзору 1661 года, які быў дадзены магілёўцам за іх доблесць ў барацьбе з захопнікамі.

ДАВЕДКА

 mogilev«Малюнак срэбранага ўзброенага конніка з мячом і шчытом на чырвоным круглым шчыце з’яўляецца гістарычным малюнкам агульнавядомага герба «Пагоня», афіцыйнага герба Вялікага княства Літоўскага, у склад якога пад час прыняцця герба ў XVII ст. ўваходзіў Магілёў, што падкрэсліваецца знаходжаннем «Пагоні» на гербе Магілёва: пад дахам цэнтральнай вежы над адчыненай брамай. У сучасным тлумачэнні дадзены сімвал паказвае на старажытнае паходжанне герба і геаграфічную размешчанасць горада. Наяўнасць «Пагоні» на гербе Магілёва мае і больш сучаснае тлумачэнне: гістарычна Магілёў заўсёды з’яўляўся «усходняй брамай» дзяржавы – мірнай, але гатовай да любой агрэсіі. Чырвоны колер поля шчыта «Пагоні» – сімвал барацьбы, улады і высакароднасці.
Срэбра – сімвал чысціні, добрапрыстойнасці, высокай маралі – здаўна шанавалася ў беларусаў як самы каштоўны метал і увасабляла высакароднасць, годнасць і доблесць”- Адамушка, У. І. Гербы і сцягі Беларусі / У. І. Адамушка, М. М. Ялінская. – Мінск: Беларусь, 2006. – 254 с.

Здымкі – Любоў Салаўёва, mycity.by