Супрацоўнік тралейбуснага парка Аляксандр Бажкоў распавёў, што начальства структуры не хоча наймаць іншых спецыялістаў і скінула гэты абавязак для шафёраў.

16 красавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі


Па словах магілёўца, кожнага кіроўцу тралейбуснага парка Магілёва прымушаюць падпісаць працоўную інструкцыю, у якую ўнеслі абавязак аб санітарнай апрацоўцы транспарту дэзінфікуючымі сродкамі. Па заканадаўстве, як сцвярджае Аляксандр, адміністрацыя тралейбуснага парка павінна была правесці інструктаж, што і як рабіць. Замест гэтага працаўнікоў проста паставілі перад фактам:

– У працоўную інструкцыю ўнеслі адзін пункт – што падчас эпідэміі мы павінны нейкім дэзрастворам, які наліты ў пластыкавыя бутэлькі з-пад піва і мінералкі, апрацоўваць тралейбус. Я напісаў у спецыяльным табелі, што з інструкцыяй часткова нязгодны. Трэцяга красавіка я азнаёміўся з ёй у дыспетчарскай асабіста, ніхто цэнтралізавана з інструкцыяй не азнаямляў. Я пазначыў, што не згодны з патрабаваннямі інструкцыі і запатрабаваў правесці інструктаж, як правільна трэба апрацоўваць салон транспарту. 11 красавіка я сустрэўся з начальствам, мяне спыталі, чаму я не апрацоўваю салон тралейбуса. Я ім патлумачыў. У выніку на мяне склалі акт, – распавёў Бажкоў.

Іншыя кіроўцы, сцвярджае Аляксандр, у такой жа сітуацыі. Хтосьці з іх пагадзіўся апрацоўваць салон, хтосьці адмаўляецца. Дзеянні адміністрацыі Бажкоў лічыць прымусам і прыводзіць у прыклад аўтобусны парк:

– У аўтобусным парку, калі аўтобусы стаяць на канчатковых прыпынках, іх апрацоўваюць спецыяльныя людзі, у камбінезонах, не вадзіцелі, наколькі я ведаю. Мая пазіцыя такая: калі я кіроўца, то, калі ласка, праінструктуюце мяне, як апрацоўваць тралейбус і потым даплочвайце за гэта, альбо найміце іншых людзей. Зрэшты-рэшт, ёсць жа валанцёры. Чаму б не той жа БРСМ папрасіць гэта рабіць.

Санітарную абарону саміх работнікаў тралейбуснага парка Аляксандр ўспрымае скептычна. Сродкі індывідуальнай абароны, паводле яго слоў, павінен выдаваць медработнік. Замест гэтага ўсе ляжыць на кіроўцах, кандуктарах і брыгадзірах.

– Ну, вось мне, напрыклад, далі пару гумовых пальчатак, якія склеіліся. Я пры начальстве пачаў іх расклейваць і яны парваліся. Марлевыя маскі ёсць – яны зваленыя ў скрыню, кожны супрацоўнік можа падысці і сваёй рукой іх дастаць. Калі на руках ёсць інфекцыя, яна свабодна трапляе на гэтыя маскі. Прычым маска выдаецца адна на цэлы дзень. Тканіна, якой прапануюць мыць салоны тралейбусаў – гэта анучы са старога адзення, кофтаў, штаноў. Брыгадзіры на канчатковых пунктах іх уласнаручна выразаюць. Адкуль іх ўзялі, дзе пабывалі гэтыя анучы – невядома.

Да самога дэзінфікуючага раствору ў Бажкова таксама ёсць пытанні. Наколькі ён ведае, канцэнтрат прадастаўляе РУП «Медтэхніка», які ўжо пасля разводзяць і разліваюць у выкарыстаныя ПЭТ-бутэлькі. Сродак, сцвярджае Аляксандр, выклікае моцнае раздражненне ў горле. Як гэта адаб’ецца на пасажырах ў салоне, кіроўца не ведае.

15 красавіка ў Наталлі Качанавай, старшыні Савета Рэспублікі, была прамая лінія з грамадзянамі Беларусі. Аляксандр хацеў расказаць ёй аб існуючай праблеме і набіраў нумар прамой лініі каля сотні разоў (у спісе выклікаў тэлефона сапраўды зафіксавана 139 сыходных выклікаў – сведчанне рэдакцыі MSPRING.ONLINE). Аднак на тым канцы было або занята, або сувязь абрывалася або ўключаўся факс.

З-за нежадання Бажкова падпісваць працоўную інструкцыю без агаворак і апрацоўваць транспарт, начальства тралейбуснага парка, па словах кіроўцы, мае намер прыцягнуць яго да дысцыплінарнай адказнасці.

– Апрацоўваць тралейбус, як мне сказалі, кіроўцы павінны на кожным канчатковым пункце. Аднак на гэта патрабуецца час – фактычна, прамыць анучай трэба ўвесь салон тралейбуса. Прытым, што на канцавым пункце час абмежаваны – трэба ж бо адпраўляцца на маршрут зноў. Якім чынам тады ўсё паспець? І як прамыць анучай увесь салон тралейбуса без інструктажа? – задаецца пытаннямі Бажкоў.