У кіраўніка БНФ Рыгора Кастусёва сумная паласа: затрымалі памежнікі, Шклоўскі суд уляпіў штраф

Беларускія ўлады і сілавікі падарылі палітыку стос негатыўных эмоцый ўсяго за пару дзён.

10 лютага. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Апошнія пару дзён у кіраўніка партыі Беларускі народны фронт Рыгора Кастусёва не задаліся.

8 лютага палітыка затрымалі беларускія памежнікі ў пункце пропуску «Новая Гута», праз якую Кастусёў вяртаўся ў Беларусь з Кіева, дзе разам з іншымі палітыкамі прымаў удзел у Міжнароднай экспертнай дыскусіі «Гібрыдная вайна РФ супраць Беларусі».

Акрамя Кастусёва быў затрыманы таксама палітык Ігар Лялькоў і актывіст руху «За Свабоду» Сяргей Сянцюраў.

Падставай для затрымання паслужыла брашура VII Бандэраўскіх чытанняў.

– Нас спачатку ўсіх затрымалі памежнікі, – распавёў Кастусёў. – Нават у туалет вадзілі пад канвоем. Пасля перадалі нас усіх мытнікам і вярнулі пашпарты. Пашпарт кіроўцы і дакументы на машыну адразу не аддалі. Мытнікі пасадзілі ўсіх у машыну і мы заехалі ў бокс, дзе нас высадзілі, а машыну заблакавалі ежамі і пачалі яе шманаць. Пасля праверкі машыны ўсіх завялі ў будынак мытні, дзе мы яшчэ сядзелі пэўны час. Я напісаў скаргу на незаконную затрымку ў кнігу скаргаў мытні. Усе паперы, што знайшлі ў машыне, па словах мытнікаў, накіравалі ў Гомель для праверкі на экстрэмізм.

Затрыманую дэлегацыю адпусцілі праз некалькі гадзінаў.

ПРАТЭСТ СУПРАЦЬ ІНТЭГРАЦЫІ З РАСІЯЙ АЦАНІЛІ Ў 840 РУБЛЁЎ

Ужо ў панядзелак, 10 лютага, старшыню партыі БНФ чакаў працяг судовага працэсу ў Шклоўскім раённым судзе, які пачаўся 28 студзеня.

Згодна з матэрыяламі справы, палітык парушыў закон аб масавых мерапрыемствах (ч.1. Арт.23.34 КаАП), калі прыняў удзел у несанкцыянаванай уладамі акцыі пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі 20 снежня.

Падчас паседжання кіраўнік БНФ пацвердзіў, што ён удзельнічаў у пратэстнай акцыі на плошчы Незалежнасці ў Мінску 20 снежня. Пры гэтым ён адзначыў, што нічога супрацьзаконнага не рабіў.

Наша Канстытуцыя і розныя міжнародныя дамовы, якія ратыфікавала Беларусь, дазваляе мне, як і любому грамадзяніну нашай краіны, мірна ўдзельнічаць любым спосабам у абсалютна любых мірных масавых мерапрыемствах, як санкцыянаваных, так і несанкцыянаваных, але не парушаюць забароны, устаноўленыя арт.23 Канстытуцыі і арт.21 і п.3 арт.19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, – заявіў Кастусёў.

Падчас працэсу былі заслуханы паказанні сведак – супрацоўнікаў міліцыі з Мінска, якія пацвердзілі, што лідэр БНФ прымаў удзел у несанкцыянаваным мітынгу.

Суддзя Святлана Баранцава прыйшла да высновы, што палітык вінаваты і пакарала яго штрафам у 30 базавых велічынь (840 беларускіх рублёў). Кастусёў мае намер абскардзіць гэтае рашэнне ў Магілёўскім абласным судзе.