Тлумачым, чаму вам трэба завітаць на «Кола», каб убачыць нашу выставу, для якой мы нават не прыдумлялі хітрую назву.

На фота – адзін са здымкаў выставы

Да Дня правоў чалавека 10 снежня «Магілёўская вясна» і mspring.online падрыхтавалі ў грамадскім цэнтры «Кола» выставу з 20 фотаздымкаў, якая таксама з’яўляецца і своеасаблівым падвядзеннем вынікаў года для магілёўскіх праваабаронцаў. Усе гучныя, асаблівыя і яркія гісторыі пра правы чалавека ў Магілёве мы паспрабавалі перадаць праз 20 ілюстрацый.

Гэта, вядома, мала.

Мала было б і 100, і 200 здымкаў.

Кожная гісторыя бітвы за свае правы – гэта гісторыя мужнасці, гісторыя выпрабавання чалавека сацыяльнымі інстытутамі, якія ў пагоні за статыстыкай, бюджэтам або добрым іміджам забываюць пра важнасць чалавечай годнасці.

На выставе вы ўбачыце фрагменты парламенцкіх выбараў, якія прызналі фальшывымі. Вы ўбачыце праваабаронцу Валадара Цурпанава, супраць якога адкрылі адразу дзве справы аб адміністрацыйных правапарушэннях за тое, што ён спрабаваў дамагчыся ад пракуратуры павагі да яе наведвальнікам. Вы ўбачыце фрагменты супрацьстаяння жыхароў дамоў па вуліцах Заслонава і Будаўнікоў і мясцовых уладаў, якія хочуць выгнаць людзей з жылля, у якіх яны правялі дзясяткі гадоў. Вы ўбачыце шмат чаго.

За 2016 год да праваабаронцаў па дапамогу звярнулася некалькі сотняў чалавек. Гэта значыць, што калі б мы хацелі адкрыць фотавыставу, у якой знайшлося б месца для кожнага з гэтых выпадкаў, нам бы не хапіла нават фасада Магілёўскага гарвыканкама.

20 здымкаў – гэта не толькі спроба паказаць, якім быў год для Магілёва ў сферы правоў чалавека. Гэта яшчэ і сігнал: як б не хаваліся зняважальныя выпадкі і ня заміналіся б парушэнні, таемнае ўся роўна стане відавочным для мноства людзей.

Выставу можна ўбачыць у Малой зале “Колы” з 10 снежня па 10 студзеня.

Асобную падзяку за магчымасць размяшчэння выставы выказваем грамадскаму цэнтру «Кола».