На думку Ленінскага РАУС, у журналістаў-сябраў БАЖ няма паўнамоцтваў адстойваць правы і інтарэсы фрылансера Аліны Скрэбуновай.

31 траўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Часова выконваючы абавязкі намесніка начальніка Ленінскага РАУС Аляксандр Пушын адмовіўся разглядаць калектыўны зварот сямі магілёўскіх журналістаў, у якім яны прасілі растлумачыць брутальныя дзеянні міліцыі ў адносінах да фрылансеркі Аліне Скрэбуновай.

21 траўня дзяўчыну каля яе кватэры схапілі за рукі двое невядомых маладых мужчын. Яны адмовіліся адразу прадстаўляцца. Аліна паспрабавала засняць сваё выкраданне, аднак ёй перашкаджалі як след карыстацца камерай. На звычайным грамадзянскім аўто яе даставілі ў будынак Ленінскага РАУС, дзе проста ўручылі позву на наступны дзень.

 

Сяброў БАЖ абурыла, што для ўручэння позвы міліцыя дзейнічала такім жорсткім спосабам. Падпісанты папрасілі растлумачыць, чым была выклікана неабходнасць гвалтоўнага затрымання журналісткі, а таксама прыцягнуць да адказнасьці тых, хто прымаў такое рашэнне і яго выконваў. Свой зварот яны накіравалі ў абласное УУС, Магілёўскі гарвыканкам і аблвыканкам. У выніку дакумент апынуўся ў Ленінскім РАУС, дзеянні супрацоўнікаў якога і прасілі праверыць журналісты.

«Калектыўны зварот пакінуты без разгляду па істоце. Вы не прадставілі усталяваных дакументаў, якія пацвярджаюць свае паўнамоцтвы адстойваць правы і інтарэсы Скребуновой А.А.», – напісаў Пушин.

У дадзены момант з дакументам павінна разбірацца юрыдычная служба БАЖ.

Дарэчы, беларуская мова, на якой быў складзены калектыўны зварот, стала для міліцэйскага начальніка непераадольным выпрабаваннем – напрыклад выраз “па сутнасці” перакладзены міліцыяй як “па істоце“, а замест “ўстаноўленных дакументаў” РАУС карыстаецца “ўсталяванымі дакументамі”.