«Веснік Магілёва» прапіярыў яшчэ аднаго праўладнага кандыдата ў дэпутаты парламента да пачатку агітацыі.

12 жніўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Фота – mogilevoblprof.by.


Пасля Аляксандра Старавойтава, газета гарвыканкама занялася намеснікам старшыні абласной арганізацыі прафсаюзаў Вольгай Петрашовой. Матэрыял заняў цэлую паласу.

Артыкул, пабудаваны ў форме рэпартажу, распавядае пра асобу Вольгі Петрашовой ў стылі «адзін дзень з героем». Калі верыць напісанаму, журналісты газеты спецыяльна правялі з кандыдатам у дэпутаты цэлы дзень. Вольга Петрашова прадстаўлена выключна са станоўчага боку:

«Увесь дзень гэтай энергічнай жанчыны распісаны па хвілінах»

«Па словах гэтай абаяльнай, неардынарнай жанчыны, яна шчаслівая, што на працягу дня змагла прынесці камусьці карысць»

«А на працы ўжо чакаюць калегі і наведвальнікі, якія вераць у тое, што гэтая светлавалосая, усмешлівая жанчына зможа зрабіць немагчымае магчымым, ўселіць упэўненасць і аптымізм у душы тых, хто страціў надзею ў барацьбе з надзённымі праблемамі».

«Вольга Петрашова – дыпламат, камунікабельны кіраўнік. З ёй нярэдка трымаюць савет кіраўнікі іншых грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў … Вольга Уладзіміраўна з радасцю дапамагае ўсім, хто звяртаецца па дапамогу ».

Усё гэта – цытаты з тэксту за аўтарствам Наталлі Вастрацовай. Матэрыял апублікаваны ў «Весніку Магілёва» №32 ад 10 жніўня 2016 года.

petrashova-v-vestnike

Вольга Петрашова з’яўляецца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па Магілёўскай-Кастрычніцкай выбарчай акрузе №86. Яна вылучалася як ад працоўных калектываў, так і шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў – яе ініцыятыўная група прынесла ў камісію 12 160 подпісаў, што амаль у дзесяць разоў больш, чым было ў найбліжэйшага канкурэнта.

Нягледзячы на тое, што ў артыкуле аб удзеле Петрашовой ў выбарах не сказана ні слова, ствараецца ўражанне, што газета намагаецца надаць ёйнай персоне толькі станоўчы імідж. Такім чынам, ад пачатку выбарчай кампаніі і да моманту дазволенай агітацыі газета апублікавала матэрыялы ўжо пра дваіх праўладных кандыдатаў у дэпутаты, кожны з якіх з’яўляецца фаварытам на сваёй акрузе. Раней матэрыялы падобнага характару, але меншага памеру публікаваліся аб галоўным лекары цэнтральнай паліклінікі №1 Аляксандры Старавойтаве, які балатуецца па Магілёўскай-Цэнтральнай акрузе №85.