Вучоны Пол Блюм – пра тое, што за татальнай жорсткасцю хаваецца нешта большае, чым проста нежаданне бачыць чалавека ў чалавеке.

17 студзеня. vox.com. Адаптаваў Алесь Святліцкі


Звычайна людскую бязлітаснасць тлумачаць тым, што людзі могуць рабіць жудасныя рэчы іншым толькі пасля іх дэгуманізацыі. Напрыклад, у выпадку Халакоста немцы былі гатовыя знішчаць мільёны габрэяў таму, што нацысцкая ідэалогія навучыла іх думаць аб габрэях як пра «недачалавекаў», як пра аб’екты без права на свабоду, годнасць ці нават на жыццё.

Пол Блюм, прафесар псіхалогіі Ельскага універсітэта, лічыць такое разуменне чалавечай лютасці няпоўным. На думку прафесара, практычна любы чалавек здольны здзяйсняць ашаламляльныя зверствы пры пэўных абставінах.

Існуе тэорыя, згодна з якой жорсткасць знаходзіць свае карані ў дэгуманізацыі. Гэта значыць генацыд, рабства, катаванні і іншыя жудасныя рэчы адбываюцца тады, калі ў чалавеке не бачаць чалавека, адмаўляюць яго чалавечыя якасці. Аднак, як лічыць прафесар, чалавечая жорсткасць часта праяўляецца якраз таму, што мы бачым чалавека ў чалавеке.

Сапраўды, многія масавыя забойствы апісваюцца такім чынам, быццам людзі не ўсведамлялі, што яны забіваюць роўных ім людзей. Відавочна, нешта падобнае адбылося ў нацысцкіх канцэнтрацыйных лагерах. Зняволеныя былі зведзеныя да простых жывёлаў, галоўная задача якіх заключалася ў машыннай працы. Але многае з таго, што адбывалася ў канцэнтрацыйных лагерах, не проста бессэнсоўнае знішчэнне людзей. Гэта зневажальныя катаванні, падчас якіх кат атрымлівае задавальненне менавіта ад дамінавання і зневажанняў над іншым чалавекам. Калі б пра гэтых людзей думалі як пра жывёл, кат б не атрымліваў задавальненне. Складана зняважыць жывёлу – прыніжаюць людзей.

Мы ўсё адчувальныя да сацыяльнай іерархіі, нам трэба адабрэнне і павага іншых. Таму мы часта сыходзім перад ціскам навакольных нас людзей. Гэта не абавязкова дрэнна. Мы прыходзім на працу, напрыклад, і хочам атрымаць поспех, пры гэтым аддаём належнае сваім калегам.

Але наша імкненне рабіць дабро ў грамадстве можа мець выродлівы бок. Вы можаце атрымаць павагу, дапамагаючы людзям – і гэта выдатна. Аднак вы можаце заслужыць павагу, блізкую да страху, агрэсіўна дамінуючы над людзьмі. Гэта – разбуральна.

Шмат што залежыць ад сацыяльнага асяроддзя, якое стымулюе альбо добрыя, альбо дрэнныя паводзіны. Нам падабаецца думаць, што калі б мы жылі ў часы нацысцкай Германіі, нам бы ўдалося быць праведнымі героямі. Аднак мы маглі б стаць звычайнымі старымі нацыстамі.

Ёсць міф, што людзі, якія робяць зло, з’яўляюцца псіхапатамі або садыстамі, якім проста падабаецца здзекавацца над іншымі людзьмі.

Ёсць міф дэгуманізацыі, які заключаецца ў тым, што кожны, хто робіць зло, проста робіць памылку, не бачачы ў аб’екце агрэсіі чалавека. Маўляў, калі б нам усім нехта сказаў, што «гэй, хлопцы, гэтыя габрэі, чорнаскурыя, геі, мусульмане, – гэта людзі, падобныя на вас», то тады зло знікне.

Разгледзім рыторыку так званага «Белага панавання». Расісты ведаюць пра чалавечнасць габрэяў і чарнаскурых людзей. І гэта іх палохае. Адзін з іх лозунгаў: «Вы не заменіце нас». Наўрад ці вы будзеце паўтараць гэты лозунг прусакам. Расіста турбуе, што менавіта чалавек пагражае ягонаму статусу і ладу жыцця.

Бязлітаснасць – вынік многіх фактараў. Частка спараджаецца дэгуманізацыяй. Частка тлумачыцца стратай кантролю. Яшчэ нейкая частка вынікае з прагматычнага жадання атрымаць сэкс, грошы, уладу ці яшчэ што-небудзь.

Але крыніцай бязлітаснасці з’яўляецца і нармальная, натуральная ацэнка чалавечнасці іншых людзей, якая звязаная з некаторымі псіхалагічнымі патрэбамі, якія ў нас ёсць. Напрыклад, прага караць тых, каго мы лічым памылковымі.

Наша жорсткасць ды рэагаванне абумоўлены сацыяльнымі абставінамі. Мы з вамі былі б зусім іншымі людзьмі, калі б жылі ў турме строгага рэжыму, таму што нам давялося б адаптавацца. Аднак існуюць моцныя індывідуальныя адрозненні. Людзі могуць пераадолець свае ўмовы, але гэта адбываецца радзей, чым хацелася б. У нас ёсць тэндэнцыя пераацэньваць ступень ўласных маральных вартасцяў. Прызнанне чужой чалавечнасці не вырашыць нашы праблемы.

Нам патрэбна культура, якая менш апанаваная уладай і гонарам і больш клапоціцца аб уважлівасці і годнасці. Гэта лепшае, што мы можам зрабіць, каб здушыць патрэбы ў панаванні і пакаранні. Але гэта будзе нялёгка.

Пол Блюм – канадскі прафесар псіхалогіі і кагнітыўнай навукі ў Ельскім універсітэце. Яго даследаванне з асаблівым акцэнтам на мове, маралі, рэлігіі, мастацкай літаратуры і мастацтве прысвечана вывучэнню таго, як дзеці і дарослыя разумеюць фізічны і сацыяльны свет. У 2004 годзе ён атрымаў прэмію Лекса Хіксана за выбітную якасць выкладання ў галіне сацыяльных навук у Ельскім універсітэце. У 2007 годзе яго “Уводзіны ў псіхалогію” были прызнаныя выбітным курсам Ельскага Універсітэта і па ініцыятыве Адкрытых Ельскіх Курсаў сталі даступнымі па ўсім свеце.