Выданне рыхтуецца ў серыі “Беларуская турэмная літаратура”.
11 чэрвеня. Магілёў-Бабруйск. Саша Мінько. На фота – Яўген Васьковіч пасярэдзіне падчас ток-шоў пра турэмную культуру
Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!
У ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 года Яўген Васьковіч з двума паплечнікамі кінуў бутэлькі з запальнай сумессю ў бок будынка КДБ горада Бабруйска, дзе ён стала жыве. Напад меў на мэце псіхалагічна паўплываць на супрацоўнікаў КДБ. Так хлопцы пратэставалі супраць крымінальнага пераследу і зняволення лідараў анархісцкага руху. Праз тры месяцы Яўген Васьковіч быў затрыманы ў Магілёве, куды прыехаў на сесію. У магілёўскім дзяржаўным універсітэце ён вучыўся на журналіста.
Абвінавачванне было прад’яўленае па частцы 2 артыкула 339 “Злоснае хуліганства” і частцы 3 артыкула 218 “Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці ў асабліва буйных памерах” Крымінальнага кодэкса Беларусі. На судзе Яўген Васьковіч не адмаўляў сваёй віны. У траўні 2011 года дваццацігадовы юнак быў асуджаны на 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Спачатку адбываў пакаранне ў магілёўскай выпраўленчай калоніі №15, але ўжо напрыканцы 2011 года за парушэнні правілаў унутранага распарадку быў пераведзены на жорсткі рэжым утрымання ў магілёўскую Турму №4.
Праваабаронцы прызналі яго палітычным вязнем з-за відавочна празмернага пакарання. Ціск на актывіста не спыняўся і ў турме, у штрафным ізалятары ён правёў агулам 360 сутак. Праз тры гады быў зноўку вернуты ў выпраўленчую калонію №15, а ў жніўні 2015-га на падставе ўказа Аляксандра Лукашэнкі аб памілаванні палітычных зняволеных быў вызвалены, хаця прашэнне аб памілаванні не пісаў. Магілёўскі часопіс пра правы чалавека MSPRING.ONLINE вырашыў распытаць былога палітвязня пра новую кнігу.
MSPRING.ONLINE: -Яўген, як прыйшла ідэя напісаць кнігу?
Яўген Васьковіч: – Прапановы напісаць кнігу пра мой досьвед знаходжання за кратамі я чуў рэгулярна ад моманту вызвалення ў 2015 годзе. Але неяк не даходзілі рукі, хаця гэтая ідэя ўвесь час вітала ў паветры. У рэшце рэшт я атрымаў прапанову ад праваабарончага цэнтра “Вясна” напісаць свае ўспаміны ў серыю “Беларуская турэмная літаратура” і пагадзіўся. Найбольш на маё рашэнне паўплывалі Алесь Бяляцкі і Паліна Сцепаненка. Цяпер пішу, назову кнігі пакуль няма. Нешта не падабаецца – адкідаю. Напрыклад, ужо дзве версіі тэксту адкінуў. Некаторыя рэчы цяпер падаюцца не істотнымі.
– Што найбольш уразіла ў Выпраўленчай калоніі №15 і ў магілёўскай Турме №4?
– Самым галоўным было вытрымаць псіхалагічны ціск атачэння і атмасферы, у якую раптам трапіў. І з боку адміністрацыі, і з боку сядзельцаў, якія яшчэ і падзяляюцца на касты. А так, у прынцыпе і там можна жыць, і жыццё гэтае цікавае. Зараз, калі азіраюся на тыя часы, то прыгадваецца толькі лёгкасць, з якой сядзелася. Я ведаў на што ішоў, і пра свой учынак не шкадаваў ніколі.
Вось невялічкі ўрывак з ужо напісанага:
***
Мая першая =кіча= на крытцы выглядала так. Праз дзён пяць пасля прыезду на турму мяне павялі да Ламазы – начальніка гэтай установы – каб паставіць на строгі рэжым. Была серада. Справа звычайная. Такую працэдуру праходзіць кожны, хто прыязджае на крытку. Павялі мяне туды разам з Іллёй =Касым=. Мы ў адзін дзень прыехалі з 15-шкі.
Калі зайшоў на крэсбіны, Ламаза пагартаў мае паперы і спытвае:
– Чаму адмаўляўся ад працы?
– Таму, што не жадаю працаваць на фашысцкую лукашэнкаўскую ўладу, – сказаў я таксама, як прызвычаіўся казаць на лагеры.
– Што!!? – раз’юшыўся Ламаза. – 10 сутак яму! а потым яшчэ прывядзеце да мяне!
Прывялі назад у хату. Я маякнуў на =катлавую=, маўляў, так ды так – 10 сутак далі. Адтуль патлумачылі, як паводзіць сябе ў кічы, у якую =хату= пайду, далі тарпеды, вопратку – і ўперад.
У першыя дні давялося наладжваць сувязь – біць =кабуру= пад столлю. За некалькі дзён усё было гатова.
Калі мінула 10 сутак, мяне яшчэ раз прывялі да Ламазы. І яшчэ дзясятачка дадалася. Потым яшчэ адна. Калі мінула трыццатка – выйшаў з =кічы= на =трайнікі=. Была сярэдзіна лістапада. У =хаце= крыху памяняўся склад. Пабыў там месяц – і зноўкі на суткі. Гэтым разам бязвылазна адседзеў толькі дваццатачку. Новы год сустрэў усё ж на трайніках.
Вось такім чынам я стартануў на крытай.
***
– Урывак мае досыць спецыфічную пунктуацыю.
– Так, гэтымі рыскамі я выдзяляю жаргон. І гэта раблю менавіта для аўтэнтычнасці – так у малявах, то бок, паперах, якія ходзяць нелегальна паміж зэкамі, выдзяляюць штосьці значнае. Я не хаваю, што доўгі час на зоне і ў турме жыў “па панятках”, гэта частка майго жыцця, да якой я і цяпер захоўваю павагу. Мне не было за што каяцца, адпаведна і на шлях “выпраўлення” не станавіўся.
– У тваёй кнізе будуць рэальныя асобы з прозьвішчамі? Прыкладам, ва ўрыўку фігуруе сапраўднае прозвішча колішняга начальніка Турмы №4 Аляксандра Ламазы. Ты рыхтуеш дакументальны твор альбо мастацкі?
– Я рыхтую ўсё ж мастацка-дакументальны твор. Прычына ў тым, што я не памятаю дакладна словы якія хто казаў, памятаю не ўсе імёны, магу пераблытаць нейкія дэталі. Але нічога выдумляць з галавы не збіраюся – мая задача перадаць атмасферу канкрэтовай сітуацыі.
– Зараз магілёўскія праваабаронцы спрабуюць змяніць умовы ўтрымання вязняў у Турме №4 у бок змякчэння. І гутарка ідзе пра выкананне дзяржавай Мінімальных стандартных правілаў ААН у дачыненні да арыштаваных. Ці чуў ты пра такія правілы і ці бачыў парушэнні правоў вязняў?
– Пра правілы ААН ніхто ані ў турме, ані ў калоніі ніколі не чуў. Канечне, хацелася б убачыць тыя нормы ААН. Але, шчыра кажучы, стаўлюся да спробаў праваабаронцаў з некаторым скепсісам. Бо краіны, якія распрацоўвалі тыя стандарты, хутчэй за ўсё, даўно ўжо прайшлі той перыяд развіцця, на якім пакуль знаходзімся мы. І прайшлі яны гэта ў больш жорсткіх варыянтах напрацягу ўсяго ХХ стагоддзя, асабліва першай яго паловы.
Да таго ж там не было такога крымінальнага асяродку, які дзейнічаў і дзейнічае ў нас. Іхныя мафіёзі ў сваёй большасці баяцца трапіць у турму, ці проста не лічуць такое дапушчальным. Рускі крымінальны свет, а мы частка яго, пабудаваны на ўзвядзенні ў культ адбыцця пакарання ў месцах пазбаўлення волі. Таму усе напрацоўкі лічу не большымі за прыгожую тэорыю, якую варта правяраць на практыцы.
– Ці адчувалася нейкім чынам тое, што ты палітычны?
– Так! Увесь час і ва ўсім. Да мяне было асаблівае стаўленне з боку ўсіх – і зэкаў, і мянтоў. Адныя паважалі за мой учынак, іншым проста далі загад не чапаць. Хаця цэлы год прыйшлося пражыць у штрафным ізалятары. Пра ўсё спадзяюся напісаць у кнізе.