Вікторыя Карпава вітае свабоду слова на сапсаванай чужой маёмасці.

25 ліпеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


У красавіку гэтага года міліцыя затрымала аднаго з навучэнцаў Магілёўскага прафліцэя №2. Малады чалавек Раман падчас прагулкі ў аграгарадку “Усход” убачыў няправільна прыпаркаванае аўто, узяў кавалак газасілікатных блока і надрапаў там слова (асцярожна, наступнае слова адносіцца да зніжанай лексіцы) «підр». Так ён хацеў пакараць нядбайнага кіроўцу.

Гісторыя трапіла ў выпуск газеты «Вячэрні Магілёў» за 25 ліпеня і набыла нечаканае адценне. Журналістка Вікторыя Карпава (магчыма, за гэтым імем хаваецца галоўны рэдактар выдання Надзея Леўчанка) апісала інцыдэнт у сваім матэрыяле, які азагаловіла як «Слова з чатырох літар як сімвал гендэрных каштоўнасцяў»:

«Вядомы факт, што насаджэнне гендэрных стэрэатыпаў скажае светапогляд моладзі, з прычыны чаго сваё стаўленне да нядобрых людзей падлеткі выказваюць проста, па рабоча-сялянску, называючы рэчы сваімі імёнамі», – упэўненая ў сваёй праваце жанчына.

Тое, што навучэнец прафліцэя асацыюе чалавека нізкага выхавання з ЛГБТК натхніла Карпаву настолькі, што яна нават пахваліла яго:

«Герой» нашай гісторыі – хлопец з правільнымі паняццямі. Вучыцца ён на слесара-рамонтніка і захапляецца спортам», – парадавалася за маладое пакаленне журналістка.

Следства ацаніла ўчынак Рамана інакш. На яго завялі крымінальную справу па ч .1 арт. 339 (злоснае хуліганства). Суд прызначыў яму 60 гадзін папраўчых работ.