Актывіст Аляксандр Хамратов паспрабаваў праз суд дамагчыся відэазапіса свайго прыёму ў галоўнага ідэолага горада, але не выйшла.

27 чэрвеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


У Магілёве скончыўся судовы працэс паміж актывістам Аляксандрам Хамратавым і гарвыканкамам. Суддзя Аляксандр Бушкевіч прыняў бок уладаў і пастанавіў, што актывісту законна не далі відэазапіс яго асабістага прыёму намеснікам старшыні выканкама Алай Галушкай.

– Я звяртаўся ў гарвыканкам, каб прыцягнуць да адказнасці аднаго з чыноўнікаў, была скарга з прыкладзеным аўдыёзапісам, на якім чуваць, што дзяржслужачы дазваляе сабе незаконныя заявы. Аднак гарвыканкам адмовіў мне ў маёй скарзе. Каб разабрацца ў праблеме, я запісаўся на асабісты прыём да намстаршыні гарвыканкама Алы Галушка, – заявіў на папярэднім працэсе Хамратаў.

Ён вёў свой відэазапіс прыёму, пра што апавясціў ўсіх прысутных. У адказ на гэта Галушка сказала, што яны таксама вядуць запіс працэсу і яны потым могуць прадставіць яе актывісту па першым патрабаванні. Аднак у наступным гарвыканкам адмовіўся даваць матэрыялы.

На пасяджэнні 22 чэрвеня прадстаўнік гарвыканкама, юрыст Святлана Майстрова, заявіла, што ніякага відэазапіса не вялося. 27 чэрвеня Аляксандр Хамратов хадайнічаў аб далучэнні да матэрыялаў справы дыска з яго запісам асабістага прыёму. Як становіцца ясна з відэа, Ала Галушка сапраўды казала, што вядзецца відэазапіс. Па словах Хамратава, у кабінеце таксама была шыльда, якая пацвярджае словы чыноўніцы.

 

Аднак суддзя адхіліў хадайніцтва. Пры гэтым ён спытаў у актывіста, ці бачыў ён на свае вочы камеру, на якую вялася здымка. Хамратаў заявіў, што не звярнуў на гэта ўвагу.

У сваю чаргу Святлана Майстрова сказала, што Хамратаў валодае прыёмамі відэа і фотамантажа. У далейшым яна акцэнтавала ўвагу на тым, што актывіст часта скардзіцца ў гарвыканкам – 29 разоў.

– Складваецца адчуванне, што Хамратаў проста пераследуе свае інтарэсы, а не адстойвае свае правы, – заявіла юрыст.

Суддзя пагадзіўся з уладамі, што відэазапіса асабістага прыёму ў гарвыканкаме няма, таму і даць Хамратаву не было чаго.

– У судзе з мяне паспрабавалі зрабіць дурня, – пракаментаваў вынік працэсу Хамратаў.

Актывіст мае намер абскардзіць гэтае рашэнне суда.