Пахаванне ахвяраў сталінскіх рэпрэсій хочуць пазначыць шыльдай “культурна-гістарычная каштоўнасць”.

11 кастрычніка. Магілёў. Ігар Лазоўскі. На здымку – Віктар Болдзін, mspring.online


Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» па Магілёўскай вобласці Віктар Болдзін разам са старшынёй Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства абароны помнікаў Уладзімірам Краўчанка падрыхтавалі спецыяльны калектыўны зварот у гарвыканкам. У ім актывісты просяць усталяваць спецыяльную шыльду на месца пахавання ахвяр палітычных рэпрэсій насупраць магілёўскага мясакамбіната.

– Усе магілы па змоўчанні ахоўваюцца дзяржавай. Аднак мы хочам, каб месца, дзе былі расстраляныя сотні людзей, было наглядна адзначана, як гістарычная каштоўнасць. 10 кастрычніка быў складзены тэкст калектыўнага звароту, адразу ж пачалі збіраць подпісы. Пасля ліст будзе перададзены ў гарвыканкам, – паведаміў Уладзімір Краўчанка.

Па словах Віктара Болдзіна, гэта толькі маленькі крок да годнага ўшанавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій:

– Ёсць такая фраза – «дэмакраты аб’ядноўваюцца, бяруцца за рукі за пяць хвілін да расстрэлу». Гэтае месца – тое нямногае, што пакуль аб’ядноўвае апазіцыю, пра яго трэба думаць і абавязкова распавядаць. Для мяне гэта стаіць побач з незалежнасцю Беларусі. Бо калі мы забудземся ўсе гэтыя рэпрэсіі, то хто дае гарантыю, што яны не паўторацца? Усе бачаць, што робіцца ў Расіі, дзе усталёўваюць бюсты Сталіна. У мінулым годзе я праводзіў свае невялікае апытанне. На працягу дзьвюх гадзін я запытваўся пасажыраў у аўтобусах, якія ходзяць побач з месцам пахавання, чаму там стаяць крыжы. Толькі адна жанчына сказала мне, што там пахаваныя ахвяры НКВД. Усе астатнія мне казалі, што там немцы расстрэльвалі габрэяў і беларусаў.

Наша беларуская інтэлігенцыя, у першую чаргу Алесь Адамовіч разам з Зянонам Пазьняком, надавалі палітычным рэпрэсіям вялікую ўвагу. Яны распавялі пра Курапаты, дзе цяпер стаіць памятны знак і вісіць шыльда “культурна-гістарычная каштоўнасць”. Такая ж таблічка павінна з’явіцца і на нашым пахаванні.

Віктар Болдзін распавёў, што ў 2009 годзе магілёўскія ўлады ўжо прынялі рашэнне ўсталяваць адмысловы помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій. Быў нават распрацаваны эскіз. Аднак давесці справу да канца, як лічыць актывіст, не хапіла палітычнай волі. Цяпер ён вырашыў аднавіць ініцыятыву, паколькі палітычны тэрор закрануў і яго сям’ю.

– Мой бацька быў ваенным, прымаў удзел у Вялікай айчыннай вайне. На жаль, яго, як і многіх іншых афіцэраў, пасля рэпрэсавалі і адправілі ў НарыльЛАГ, дзе ён правёў амаль дзесяць гадоў. Пасля смерці Сталіна і расстрэлу Берыі яго рэабілітавалі, але жах тых гадоў заўсёды заставаўся з ім. Таму мая прынцыповая пазіцыя – сталіншчыну трэба знішчыць і не даць адрадзіцца ні ў якім разе, – заявіў Віктар Болдзін.

Актывіст адзначыў, што ён ужо паспеў заручыцца падтрымкай прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Магілёва. Пасля усталявання таблічкі “культурна-гістарычная каштоўнасць”, паведаміў Болдзін, будзе абмяркоўвацца пытанне ўсталявання помніка.

– Крыжы, якія знаходзяцца на месцы пахавання, я думаю, застануцца. Але ўсё-ткі крыж – гэта канфесійны сімвал, у той час як расстралялі і закапалі там і габрэяў, і мусульман, і каталікоў. Будучы помнік павінен улічваць інтарэсы ўсіх канфесій, – сказаў Болдзін.