Увечары 27 сакавіка актывісты “Гавары Праўду” Алег Мяцеліца выйшаў пасля 12 сутак арышту.

27 сакавіка. Магілёў. ІЧУ, Крупская, 99. Ігар Лазоўскі


Мяцеліца стаў першым з пяці арыштаваных за акцыю пратэсту ў Магілёве, хто выйшаў на волю. Пад варотамі ізалятара часовага ўтрымання яго сустракалі журналісты, праваабаронцы і таварышы па руху “Гавары праўду”. Падтрымаць актывіста прыехала су-старшыня руху, былы кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч.

Алега Мяцеліцу выпусцілі ў 19:10 – роўна праз 12 сутак пасля затрымання за выступ на Маршы недармаедаў.

Актывіст выглядаў радасна, шмат жартаваў і смяяўся, хоць прызнаўся, што вельмі перажываў за тое, што адбываецца ў краіне. Адным з першых яго пытанняў на волі было пытанне пра акцыю 25 сакавіка ў Менску. Даведаўшыся, што яна была жорстка задушана ўладамі, экс-арыштант заявіў, што нічога іншага ад урада і прэзідэнта Лукашэнкі ён і не чакаў.

На пытанне, што ён збіраецца рабіць далей і што будзе з акцыямі пратэсту, Алег Мяцеліца падзяліўся меркаваннем, што цяпер галоўнае – пазбегнуць правакацый.

– Можа і ня трэба фарсіраваць акцыі пратэсту. Лепш узяць паўзу, каб не даць уладам шанец на правакацыі, пасля чаго нас усіх лёгка можна будзе прыбраць, – выказаўся актывіст.

Мяцеліца сказаў, што прывыкнуць да ізаляцыі ён так і не змог, хоць да гэтага часта трапляў на “суткі” за грамадскую дзейнасць.

Да такога, напэўна, наогул нельга прывыкнуць, асабліва калі сядзіш адзін. У гэты момант разумееш усю важнасць лістоў з волі, паштовак. Іх шмат не бывае. І таму я хачу звярнуцца да ўсіх з просьбай – калі нехта сядзіць на ІЧУ, абавязкова дасылайце яму пабольш карэспандэнцыі. Дэфіцыт інфармацыі – галоўная праблема, – звярнуўся актывіст да прысутных.

Пасля невялікай размовы з усімі, Алег Мяцеліца ў суправаджэнні таварышаў па “Гавары Праўду” з’ехаў. Ужо 28 сакавіка ў магілёўскім абласным судзе адбудзецца працэс па скарзе актывіста на яго затрыманне і наступны арышт.