У магілёўскім офісе АГП прайшла прэсавая канферэнцыя, прысвечаная збору подпісаў за адмену «падатку на дармаедства».

17 студзеня. Магілёў. Офіс АГП. Алесь Святліцкі


Спікерамі на прэс-канферэнцыі выступілі лідэр АГП па Магілёўскай вобласці Уладзімір Шанцаў і кіраўнік магілёўскіх хрысціянскіх дэмакратаў Алег Аксёнаў.

У ходзе выступлення Шанцаў распавёў, як і чаму пачаўся збор подпісаў супраць дэкрэта “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.

– У канцы мінулага года падатковая інспекцыя пачала рассылаць «лісты шчасця». Мы вырашылі збіраць подпісы для кожнага з пяці дэпутатаў, якія прадстаўляюць Магілёў у парламенце. Мы сабралі каля дзевяцісот подпісаў, дэпутатам было перададзена каля пяцісот – амаль па сто кожнаму. Дэпутат па Магілёўскай сельскай акрузе №88 Анатоль Хищенко атрымаў больш за ўсіх – пад сто сорак. У сваіх зваротах мы падышлі з пазіцыі здаровага сэнсу. На момант прыняцця Дэкрэта №3 у краіне налічвалася 400 тысяч беспрацоўных, а вакансій на біржы працы было толькі каля 20 тысяч. Вось як такую колькасць нібыта «дармаедаў» змясціць у гэтыя рамкі 20 тысяч? Пры гэтым толькі 5% з тых вакансій, якія даступныя, рэальныя. Усе пра гэта ведаюць, аднак усё роўна імкнуцца паказаць, што жывем мы надта добра, – заявіў Шанцаў.

Лідэр магілёўскіх хрысціянскіх дэмакратаў Алег Аксёнаў са свайго боку адзначыў, што лічыць Дэкрэт спробай навязаць рабства ў сучаснай Рэспубліцы Беларусь.

– Не можа адзін чалавек змяняць дэкрэтамі Канстытуцыю па сваім жаданні. Тое, што дэкрэт гэты антыканстытуцыйны, антычалавечным – у гэтым сумневаў няма, – заявіў Аксёнаў.

Палітык таксама выказаў абурэнне тым, што сказаў пра суграмадзянах аўтар дэкрэта:

– Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, калі збіраўся падпісваць гэты дэкрэт, сказаў, што ён накіраваны супраць дармадедаў. Гэта значыць ён назваў усіх непрацуючых беларусаў дармаедамі, гультаямі, людзьмі, якія жывуць за чужы кошт. Я не магу сабе ўявіць краіну, у якой кіраўнік дзяржавы дазволіў бы сабе такія выказванні. Таму я лічу, што падатак на дармаедства трэба адмяніць, а спадар Лукашэнка павінен папрасіць прабачэння перад грамадзянамі Беларусі.

У планах у АГП і БХД, якія ўваходзяць у правацэнтрысцкую кааліцыю, значыцца збор і перадача трохсот подпісаў кожнаму з дэпутатаў.

– Мы запатрабуем у іх ініцыяваць адмену Дэкрэта №3, а таксама даць справаздачу па праведзенай працы. Па законе, калі ёсць трыста подпісаў, дэпутат абавязаны сустрэцца з людзьмі і зрабіць справаздачу. Калі гэтага зроблена не будзе, то мы разгледзім пытанне аб пачатку працэдуры адклікання дэпутата, хоць гэта будзе і няпроста. Але мы гатовыя да гэтых дзеянняў, – заявіў Шанцаў.

На пытанне карэспандэнта mspring.online, ці гатовыя Шанцаў і Аксёнов вывесці людзей на мітынгі супраць падатку на дармаедства, калі збор подпісаў ні да чаго не прывядзе, Шанцаў адказаў станоўча:

– Так, мы гатовыя. Вядома, за гэта ёсць штрафы, і штрафы вялікія. Потым гэтыя грошы ідуць на дубінкі для АМАПу. Аднак ёсць мяжа, пасля якой трываць ужо нельга. Але яшчэ патрэбна актыўнасць і тых, хто непасрэдна пакутуе ад Дэкрэта №3, каб не толькі некалькі чалавек-палітыкаў стаяла і мітынгавалі, а ўсе астатнія глядзелі, што з гэтага атрымаецца.