Калектыўную скаргу, пад якой падпісаліся 57 чалавек, накіравалі 4 красавіка у суд Ленінскага раёна Магілёва.

4 – 6 красавіка. Магілёў. Вуліца Заслонава, 29. Ігар Лазоўскі.

Жыхары дамоў №№ 28,29 і 30 па вул. Заслонава і дамоў № 4 і №6 па вул. Будаўнікоў папрасілі суд абавязаць Магілёўскі аблвыканкам вынесці рашэнне аб вяртанні ранейшага статусу дамоў і жылых памяшканняў ва ўсе праваўстанаўліваючыя дакументы.

Людзі патрабуюць прызнаць памяшканні, дзе яны жывуць, кватэрамі, а не інтэрнатамі, як гэта спрабуе даказаць «Будтрэст №12».

У суд магілёўцы прадставілі скаргу на 16 старонках, а таксама больш за паўсотні старонак прыкладанняў. Да уладаў у людзей адразу некалькі прэтэнзій:

«У 2014-2016 гадах Магілёўскія абл. і гарвыканкамы неабгрунтавана абвясцілі аб тым, што нашы дамы з моманту пабудовы маюць статус, нібыта, «інтэрнатаў», які, нібыта, не мяняўся да цяперашняга часу, нягледзячы на ​​тое, што інфармацыі аб адмене нашых ордэраў ў судовым парадку нам ніхто не даў.А  дакументы аб тым, што нашы хаты – гэта «жылыя дамы з частковымі выгодамі», альбо «недобраўпарадкаваныя дамы», а не інтэрнаты, з 1960-х па 2000-ыя гады нібыта не захаваліся (зніклі) адначасова ў архівах усіх арганізацый г. Магілёва і ў Дзяржаўным архіве».

Жыхары звяртаюць увагу на тое, што «Будтрэст №12» у 2015 годзе пачаў «адкрытую незаконную кампанію па высяленню без прадастаўлення іншага жылля з нібыта інтэрнатаў жыхароў, якія пражылі дзесяцігоддзямі ў вышэйзгаданых дамах па ордэрам на кватэры, але не працуюць у арганізацыях будтрэста і не маюць правы на льготы. А астатніх жыхароў, якія маюць льготы, сталі прымушаць да заключэння часовых (на 1 год) дагавораў на нашы кватэры, як на жылыя пакоі ў інтэрнаце», – пішуць “заслонаўцы” у сваёй калектыўнай скарзе.

На сваю карысць людзі прыводзяць шмат аргументаў, у тым ліку ордэры, у якіх пазначана, што яны атрыманы менавіта на кватэры, а не на пакоі ў інтэрнаце, графік прыёму-перадачы дамоў і паказанні сведкаў.

Асабліва каштоўнымі з’яўляюцца словы сведкі Бялянковай, якая ў 2009 г. працавала начальнікам ЖКК ААТ «Будаўнічы трэст №12». Менавіта яна засяляла у той час людзей у кватэры. Падчас судовага працэсу аб высяленні лідэра жыхароў Сяргея Куродава Бялянкова заявіла, што калі яна працавала ў «Будтрэсце», то займалася заключэннем дагавораў найму жылога памяшкання.

«Тады я не казала грамадзянам, што іх ўводзяць у зман, паколькі не хацела страціць працу», – запісана з яе слоў у пратаколе судовага паседжання.

Калі адбудзецца суд паміж Магілёўскім аблвыканкамам і жыхарамі – пакуль не вядома. Па словах Сяргея Куродова, дакументы па стане на 5-6 красавіка знаходзіліся на разглядзе ў намесніка старшыні суда. MSPRING.ONLINE сочыць за развіццём падзей.