Суддзя Таццяна Касцюк вырашыла перанесці паседжанне, паколькі дзяўчына не прыйшла на паседжанне.

8 лістапада. Магілёў. Суд Ленінскага раёна. Алесь Святліцкі


8 лістапада ў судзе Ленінскага раёна меў адбыцца разгляд справы журналісткі Аліны Скрэбуновай, якую міліцыя абвінаваціла ў супрацоўніцтве з тэлеканалам «БелСАТ».

Каля трох гадзін дня пад кабінетам судовай залі сабраліся журналісты, актывісты і трое сведкаў па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні. Яшчэ двое сведак і сама Аліна ў суд не з’явіліся.

Пасля паўгадзіннага чакання суддзя Таццяна Касцюк вырашыла ўсё ж пачаць працэс, падчас якога абвясціла пра перанос разгляду справы на 14 лістапада.

Прычыны няяўкі Аліны Скрэбуновай ў суд невядомыя. Звязацца з дзяўчынай аператыўна не ўдалося.

Па словах праваабаронцы Барыса Бухеля, ніякай адказнасці за няяўку ў сітуацыі з Алінай не прадугледжана.

– Суддзя проста перанесла пасяджэнне, прычым дала шмат часу. За правапарушэнне, якое прыпісваюць Аліне, прадугледжаны максімум штраф, без сутак. Таму ніякіх сур’ёзных наступстваў для журналісткі не будзе, – пракаментаваў сітуацыю Бухель.

Нагадаем, што міліцыя абвінавачвае Аліну Скрэбунову ў стварэнні трох сюжэтаў для тэлеканала “БелСАТ” – пра забарону веларуху на вуліцы Ленінскай, пра адкрыццё беларускамоўнага кафэ “Шпаркі лось” і “Дранікфэст”.