Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, які быў складзены ў дачыненні да Генадзя Фадзеева, адпраўлены на дапрацоўку.

Увечары, 12 лютага, калі Фадзееў быў у гасцях у сваёй сяброўкі ў шматкватэрным доме, ён пачуў шум барацьбы на лесвічнай пляцоўцы – там адбывалася бойка.

Фадзееў выклікаў міліцыю. Нарад патрульна-паставой службы суправадзіў мужчыну ў бліжэйшае аддзяленне для дачы паказанняў, патлумачыўшы гэта тым, што ўчастковы заняты і не можа апытаць яго і сяброўку на месцы. Там супрацоўнікі ППС перадалі яго старэйшаму лейтэнанту Гайдзе і лейтэнанту Радзевічу, якія прымушалі Фадзеева пісаць пратакол пад дыктоўку, пагражалі і абражалі яго.

Каб пазбегнуць пакарання, Фадзееў вымушаны быў падаць скаргу ў суд Кастрычніцкага раёну, у якой пазначыў доказы сваёй невінаватасці:

– Па-першае, не быў апытаны ні адзін сведка. Па-другое, яны заблыталіся ў часе. Калі я выклікаў міліцыю, у 21 гадзіну 21 хвіліну і 59 секунд, што лёгка правяраецца запытам аператару, то я ўжо ніяк не мог ізноў апынуцца ў тым жа пад’ездзе ў 22 гадзіны 30 хвілін, як гэта вынікае з пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні, пратакола аб затрыманні і рапартаў супрацоўнікаў міліцыі, у якіх пазначаны ілжывыя паказанні з нагоды майго затрымання ў 22 гадзіны 30 хвілін. На самай справе, у гэты час я ўжо знаходзіўся ў пастарунку, – заявіў Фадзееў.

Суддзя Кастрычніцкага раёна г. Магілёва Раман Касцюк заняў бок абвінавачанага. Ён адзначыў, што “не ўстаноўлена, што дзеянні Фадзеева пацягнулі за сабой парушэнне грамадскага парадку”. Таксама суддзя звярнуў увагу на тое, што супрацоўнікі РАУС не апыталі ніводнага з заяўленых Генадзем Фадзеевым сведак.

У выніку суддзя загадаў адмяніць пастанову намесніка начальніка АУС Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні, а таксама накіраваць справу на новы разгляд.

Праваабаронца Барыс Бухель, які дапамагаў у падрыхтоўцы скаргі, вынікам задаволены не да канца:

– Калі б выклікалі гэтых міліцыянтаў на суд, то за з-за разыходжання ў іх паказаннях ўжо зараз усё можна было скончыць. З іншага боку, ў іх пратаколах занадта шмат памылак. Хутчэй за ўсё, яны нават не будуць працягваць гэтую справу, – пракаментаваў сітуацыю праваабаронца.