Магілёўскі актывіст, з якім раптам абарвалася сувязь раніцай 24 сакавіка, адбывае адміністрацыйны арышт на Акрэсціна.

25 сакавіка. Магілёў-Мінск. Алесь Святліцкі


Пра затрыманне Станіслава Паўлінковіча магілёўскім праваабаронцам паведаміла ягоная маці. Па яе словах, яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве за тое, што ён, нібыта, лаяўся матам. У дачыненні да яго быў складзены пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт.17.1 КаАП.

Пасля суда яго даставілі ў ІЧУ на Акрэсціна. На волю ён павінен выйсці 29 сакавіка.

Нагадаем, Станіслаў Паўлінковіч збіраўся наведаць акцыю пратэсту 25 сакавіка ў Мінску. Для гэтага ён загадзя прыехаў на цягніку раніцай 24 сакавіка, пасля чаго павінен быў адтэлефанаваць журналістцы Аліне Скрабуновай. Ён гэтага не зрабіў, з чаго яна зрабіла выснову аб магчымым затрыманні.

У Магілёве супраць Станіслава Паўлінковіча праводзіцца праверка па факце распаўсюду ім парнаграфічных матэрыялаў у сацыяльнай сетцы на падставе скрыншота шасцігадовай даўнасці. З-за гэтага можа быць распачата крымінальная справа. Сам Паўлінковіч называў гэта ціскам з-за ўдзелу ў акцыях пратэсту ў лютым гэтага года.