Суддзя Алена Літвіна матывавала сваё рашэнне тым, што дзеянні актывіста не нанеслі шкоды і не перашкодзілі працы пункту аховы ў будынку гарадской пракуратуры.

29 ліпеня. Магілёў. Суд Ленінскага раёна. Ігар Лазоўскі


У Магілёве завяршыўся працэс супраць актывіста і праваабаронцы Валадара Цурпанава, які доўжыўся два месяцы. Нагадаем, што напрыканцы траўня яго затрымалі ў будынку пракуратуры і на працягу сутак трымалі пад вартай. Суда пасля не адбылося – суддзя Бекешава адправіла пратакол на дапрацоўку і Цурпанава адпусцілі. Пасля пратакол яшчэ двойчы пабываў у Ленінскім РАУС на ўдасканаленні, перш чым пачаўся судовы працэс.

Доўжыўся ён тры дні. 26 ліпеня Цурпанаў агучыў у судзе сваю версію падзей, а таксама прадставіў доказы сваёй невінаватасці. 27 ліпеня суддзя заслухала сьведак, у тым ліку супрацоўнікаў дэпартамента аховы і памочніка пракурора Дзьмітрычэнку, які быў ініцыятарам затрымання. 29 ліпеня актывіст выступіў з прамовай у сваю абарону.

У прыватнасці, Цурпанаў заявіў, што існуючы палітычны рэжым стварае ўсе ўмовы для росквіту некампетэнтных кадраў, у тым ліку сярод работнікаў пракуратуры і міліцыі.

– Зыходзячы з майго досведу, я магу сказаць, што пракуратура – гэта апірышча карупцыі ў Магілёве, – заявіў актывіст.

Таксама ён заявіў, што сведкі боку абвінавачвання не належным чынам выконвалі свае службовыя абавязкі ў дзень затрымання, а таксама звярнуў увагу на тое, што сам з’яўляецца ворагам пракуратуры з-за актыўнай грамадзянскай пазіцыі і спроб змены правілаў прыёму грамадзян у пракуратуры.

Валадар Цурпанаў таксама хадайнічаў аб вынясенні прыватнага вызначэння ў адрас Ленінскага РАУС і пракуратуры г. Магілёва па прычыне нізкай кваліфікацыі кадравага складу і прававой бязграматнасці.

Заслухаўшы выступ Цурпанава, суддзя Алена Літвіна пасля перапынку вынесла прысуд – справу супраць актывіста спыніць з-за нязначнасці правапарушэння. Яна патлумачыла, што дзеянні праваабаронцы не нанеслі шкоды і не паўплывалі на працу паста аховы і пракуратуры.
Цурпанаў застаўся задаволены, што справу спынілі, аднак не пагадзіўся з фармулёўкай:

– Атрымліваецца, што правапарушэнне з майго боку было. Я так не лічу і думаю абскардзіць гэта ў далейшым.

Раней супраць Валадара Цурпанава спынілі яшчэ адну адміністрацыйную справа, звязаную з  пракуратурай, за ілжывы выклік міліцыі. З поўным цыклам матэрыялаў па «Справе Цурпанава» вы можаце азнаёміцца па гэтай спасылцы.