Журналіст Уладзімір Лапцэвіч дамогся адмены пастановы міліцыі аб спыненні адмінпрацэса ў дачыненні да супрацоўніка Адміністрацыі Ленінскага раёна.

5 чэрвеня. Магілёў. Суд Ленінскага раёна. Алесь Святліцкі


29 красавіка ў будынку Адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва павінен быў адбыцца сход членаў гаражнага кааператыва “Спадарожнік-2008”, на якім, як меркавалася, павінны былі абраць новага старшыню.

Члены кааператыва запрасілі для асвятлення мерапрыемства журналіста БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча, аднак той на пасяджэнне патрапіць не змог.

Супрацоўнік Адміністрацыі раёна і ініцыятар сходу Канстанцін Кісцянёў адмовіўся пусціць карэспандэнта ў залу. Журналіст напісаў скаргу ў Ленінскі РАУС, у якой папрасіў прыцягнуць чыноўніка да адміністрацыйнай адказнасці. Участковы Емельяненка пастанавіў спыніць справу за адсутнасцю складу правапарушэння.

Уладзімір Лапцэвіч не пагадзіўся з пастановай і звярнуўся са скаргай у суд Ленінскага раёна.На паседжанні 5 чэрвеня журналіст заявіў, што Канстанцін Кісцянёў супярэчыць сам сабе:

– У матэрыялах справы пазначаецца, што я не прад’явіў ніякіх дакументаў і што Кісцянёў не ведаў, хто я. Аднак на папярэднім судовым працэсе, які тычыўся адмовы выдаць мне кнігу скаргаў, Кісцянёў у сведкавых паказаннях у матэрыялах справы паведаміў, што да яго звяртаўся карэспандэнт БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч. Гэта значыць ён ведаў, хто я і для чаго прыйшоў на сход членаў кааператыва, але адмовіўся мяне пусціць на сустрэчу, чым парушыў арт. 23.39 КаАП «Самаўпраўства».  Мерапрыемства было адкрытым. Таксама супрацоўнік Ленінскага РАУС Емельяненка не апытаў сведак з ліку членаў кааператыва, якія запрасілі мяне на гэты сход. Зыходзячы з усяго вышэйпералічанага, я прашу суд адмяніць рашэнне Ленінскага РАУС і адправіць справу на новы разгляд, – заявіў на судзе Лапцэвіч.

Суддзя Вольга Палякова прыняла довады журналіста і задаволіла яго скаргу. Цяпер у дачыненні да чыноўніка Адміністрацыі Ленінскага раёна павінен пачацца новы працэс.

Раней Уладзімір Лапцэвіч дамогся адмены яшчэ адной пастановы Ленінскага РАУС – таксама ў адносінах да Канстанціна Кісцянёва за адмову выдаць кнігу скаргаў.