mspring.online шчыра пагутарыў з Людмілай Гершанковай. Жыццё яе сына хутка зможа адабраць кат. Імем Рэспублікі Беларусь.

 12 сакавіка. Магілёў. Саша Райкан


21 ліпеня 2017 года ў Магілёўскім абласным судзе вынеслі прысуд чатыром фігурантам так званай «справы чорных рыэлтараў».   З 2009 па 2015 год Ігар Гершанкоў, Сямён Беражны, Таццяна Гершанкова і Барыс Калеснікаў забівалі ўладальнікаў кватэр, каб завалодаць іх нерухомасцю. Следства даказала дачыненне «чорных рыэлтараў» да забойства шасці чалавек. Яшчэ тры забойствы група планавала здзейсніць, але фігурантаў справы змясцілі пад варту.

Суддзя прысудзіў Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога да расстрэлу, жонку Гершанкова – Таццяну – да 24 гадоў турмы, Барыса Калеснікава – да 22 гадоў калоніі строгага рэжыму.

Злачынную групу таксама абвінавацілі ў здзяйсненні і падрыхтоўцы да здзяйснення забойстваў, выкраданні і падрыхтоўцы да выкрадання чалавека, махлярстве, разбоі, вымагальніцтве, крадзежы або знішчэнні дакументаў і незаконным абароце наркотыкаў або псіхатропаў.

20 снежня 2017 года калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі пастанавіла адмовіць фігурантам справы ў апеляцыйных скаргах на рашэнне суда Магілёўскай вобласці. Іх вырашылі расстраляць.

Цяпер жыццё маці фігуранта справы Людмілы Гершанковай – гэта папяровая цяганіна з дзяржаўнымі органамі, якія яна спрабуе пераканаць у празмернай строгасці пакарання.

Наш журналіст Саша Райкан сустрэўся з жанчынай, каб убачыць перад сабой не маці забойцы, а стомленага чалавека, у якога забіраюць самае дарагое. Прытым, што сама яна ні ў чым не вінаватая.

– Раскажыце, якім ваш сын быў чалавекам?

– Дрэннага нічога не магу пра яго сказаць. Быў вельмі ціхі, спакойны хлопчык, у школе вучыўся сярэдне, потым паступіў у вучэльню ў Буйнічах. Вывучыўся на аўтаслесара і на кіроўцу, потым пайшоў у армію. Служыў у Вейна. Да арміі ў яго не было дзяўчынак, нікуды не хадзіў, увесь час знаходзіўся дома. Сябры па вучэльні былі ў яго, меў зносіны з імі,   але не загульваў. Матам ніколі нават не лаяўся, голаса не павышаў. Спачатку падумае, потым скажа. У сям’і тое ж самае было – ласкавым  дзіцем заўсёды быў. Нічога дрэннага не магу сказаць пра яго.

– Вы ведалі, што ён займаецца крыміналам?

– Я нават не магла падумаць. Ён з намі не жыў.  Калі б жыў – можа, нешта б ведала. Прыязджаў рэдка, нічога не расказваў. Даведалася толькі калі затрымалі.

А як вы наогул ставіліся да Таццяны? Яна ж была вашай нявесткай.

– Сказаць, што добра, – не. Ну так, сярэдне. Яна вельмі такая … нахабная, шустрая, усюды свой нос сунула. Не, я больш не хачу пра яе гаварыць.

Ёсць яшчэ адзін фігурант – Беражны. Яны сябравалі з вашым сынам?

– Беражнога я не ведала наогул. Толькі са слоў нявесткі. Сын нічога нават блізка не казаў. Ведала, што ён з імі мае зносіны, што сябар сям’і, што прыходзіў дадому і гэтак далей.

– Што вы адчулі, калі ўпершыню даведаліся, у чым вінавацяць вашага сына?

– Я ў шоку была. Думала, звар’яцею. Я ніколі  не магла  паверыць, што мой сын можа забіваць людзей. Ён працаваў, дык вось тыя людзі, якія з ім размаўлялі, да гэтага часу не вераць, што ён мог забіваць людзей. Нават калі б вы пагутарылі – сказалі б, што ён не можа забіваць людзей. Гэта… гэта… шок для мяне быў.

 

Вы сказалі пра яго калег. Дзе ён наогул працаваў?

– Адразу пасля арміі ён працаваў у прыватнай фірме “Іўкон”. Развозіў цукеркі па крамах. Потым уладкаваўся ў прыватную фірму кіроўцам і развозіў дзверы. Ён яшчэ ездзіў у Расію, у Піцер. Яго тут не было нейкі час – дакладней не магу сказаць, таму што я з імі не жыла.

Ён часта вас наведваў?

– Не. Я яму тэлефанавала часта.

Вы любіце свайго сына?

– А якая маці не любіць сваіх дзяцей? Не толькі сына, я і сына, і ўнукаў – мне ўсіх шкада. Калі б я ведала, што ён такі пусці- павалюся, разгільдзяй… Калі б магла неяк перасцерагчы…

Вы самі верыце, што ён мог забіваць людзей?

– Не, напэўна. І па яго пісьмах, у якіх ён піша «мама, я нікога не забіваў». З 26 сакавіка 2015 года і па сённяшні дзень ён піша «я нікога не забіваў». І піша, што калі з ім нешта здарыцца, калі вырастуць дзеці, просіць паказаць лісты ім. Слёзы льюцца, не магу. Ён не ўмее хлусіць.

Раскажыце, што адбывалася ў вашай сям’і, калі пачалося следства?

– Калі следчы камітэт пачаў весці гэтую справу, я ўсё   бачыла па тэлевізары. Лісты Ігар пісаў, але іх рэдка выпускалі з нашай магілёўскай турмы №4. Магілёў – гэта вялікая вёска. Мне данеслі чуткі, што ў майго сына і Беражнога збіваюць і выбіваюць паказанні. Я не вытрымала і пачала хадзіць у Следчы камітэт. Справу  вялі 2 следчых – адзін з Мінску, Бяляцкі Сяргей, а другі – наш, магілёўскі Павел Старыкаў. Трапіла да іх. Спытала, навошта яны збіваюць майго сына. А мне так лёгка адказалі, што яго ніхто не б’е. А я ўсё роўна ім кажу «Не біце яго!». Ну і ўсё на гэтым. Гэта было праз месяц-два пасля затрымання.

Дзесьці ў канцы красавіка – пачатку траўня 2015 года я назад пайшла ў Следчы камітэт. Зноў спытала ў следчага, навошта б’юць майго сына. У Старыкава ледзь пена з рота не пайшла, ён мне пачаў казаць, маўляў, за паклёп я зараз састаўлю акт і пасаджу вас. А я кажу «вы не зліцеся, не біце майго сына, мяне няма за што садзіць». Усяго хадзіла раз 5-6. А яны мне “Не б’е ніхто”. З лістамі дрэнна было, калі следства ішло. Я пішу, сын піша, лістоў няма.

Зноў пайшла да Бяляцкага з пытаннем, чаму няма лістоў. Ён адказвае, што не ведае, нічога не забараняў. Я пайшла на пошту, да якой адносіцца турма. А там кажуць, што ёсць забарона на лісты. Пытаюся, хто забараніў. А начальніца пошты сказала, што не можа сказаць. Паехала на глаўпаштамт. Там мне сказалі, што ёсць дакумент, па якім карэспандэнцыя забаронена на два месяцы. Доўга спрабавала даведацца, хто усё ж такі забараніў. У выніку паказалі мне тэчку, дзе за подпісам Бяляцкага  Сяргея Аляксеевіча напісана, што з такога па такое лісты са сваякамі спыніць. Я ў шоку была, выйшла з пошты, набрала Бяляцкага, пытаюся, навошта падманваў і нервы рваў. А ён маўчыць ў тэлефон, няма чаго сказаць.

А вы не ведаеце, чаму захацелі спыніць перапіску?

– Ёсць здагадкі толькі. Думаю, што хацелі націснуць на псіхіку і на маю, і на псіхіку сына. Нават нягледзячы на тое, што я хворы чалавек. У мяне другая група інваліднасці. Ім гэта ўсё было да аднаго месца. Спатканне Следчы камітэт не даваў. Я прасіла, а Бяляцкі казаў, што спатканні будуць, калі буду з імі супрацоўнічаць. А як супрацоўнічаць, калі я не ведаю нічога, што яны ў мяне пыталіся? Потым пачаўся суд. Спаткання таксама нам тады не давалі. Сказалі, што толькі пасля вынясення прысуду. Я яго не бачыла 2,5 года.

Што вы адчувалі на судзе, калі ўсе зачытвалася?

– Калі ішоў суд – былі вельмі вялікія эмоцыі. Бачыла, як мой сын сядзіць галавой у каленкі упёршыся, сядзіць і маўчыць. Усе на яго валяць – і Калеснікаў, і Беражны, і жонка. Усе казалі, што ён вінаваты. А сын абараніць сябе не можа словамі. Суддзя казаў яму, маўляў, Гершанкоў, усё ідзе супраць цябе, калі пытанні ў цябе ёсць нейкія, то задавай. А ён два слова скажа і маўчыць. Але там столькі пытанняў можна было задаць, нават я сядзела і не вытрымлівала! Напісала заяву, каб мяне дапыталі. Гэта было ў канцы суда. Мне сказалі, што не могуць мяне дапытаць, таму што я прысутнічала на паседжаннях. Не магла я глядзець, як замахваліся і Беражны, і Калеснікаў, і жонка на майго сына. Вынеслі ім прысуд 21 ліпеня 2017 года.

Што вы адчулі, калі ўпершыню пачулі, што вашага сына прысуджаюць да смяротнага пакарання?

– Я ў шоку была. Маё шчасце, што напілася заспакойлівых таблетак. Калі б не выпіла, то памерла б там сама. Мяне выратавалі таблеткі. Суд скончыўся, нам далі спатканне 28 ліпеня. Прыходжу, бачу, што сын увесь калоціцца, рукі трасуцца, падбародак, кажа «мама, я не забіваў, павер мне». Я думала, звар’яцею.

Мы з вамі неяк да гэтай сустрэчы размаўлялі аб тым, што ў Ігара сілай выбівалі прызнанні ў красавіку 2015 года.

– 28 ліпеня 2017 года, як я ўжо сказала, у нас было з ім спатканне. Сын тады распавёў мне, што ўжо пасля вынясення прысуду да яго прыходзілі двое супрацоўнікаў міліцыі з УУС Магаблвыканкама і хацелі яшчэ дапытаць. Ён ім адказаў, што яго ўжо прысудзілі, маўляў, што яшчэ ад яго трэба.

Потым я даведалася ад свацці, што прыходзілі і да нявесткі, Тані, і да іншых. А за дзень да нашага з Ігарам спаткання, 27 ліпеня, да яго прыходзіў Анатоль Прымачок (начальнік аддзела па раскрыцці злачынстваў супраць асобы ўпраўлення крымінальнага вышуку УУС) з пагрозамі, што калі мой сын нешта лішняе раскажа мне ці яшчэ камусьці супраць УУС, то нам будзе вельмі дрэнна. І ўсё гэта я даведаюся літаральна на наступны дзень, 28 ліпеня.

Я пачала пісаць і ў пракуратуру, і ў дэпартаменты, і ў Мінск у розныя міністэрствы. З Мінска перанакіравалі ўсё назад у Магілёў, каб разбіраліся прама на месцы. Пракуратура ж сказала, што расследаванне прайшло і ніякіх падстаў для ўзбуджэння крымінальнай справы  няма. Ён сам павінен быў пісаць і накіроўваць скаргі, а як ён іх напіша, калі лісты з турмы выпускалі далёка не ўсё? Калі іх перавялі ў менскае СІЗА № 1, у «Валадарку», па вуліцы Валадарскага, 2, –  стала лепш. Там стаўленне зусім іншае. Лепш.

Вы неяк казалі, што з яго здзекваліся ў ІЧУ. Гэта насамрэч так?

– Пра гэта я даведалася на спатканні ўжо ў мінскім СІЗА 22 студзеня 2018 года. Яго і Беражнога затрымаў АМАП дзесьці на вуліцы, у раёне завода імя Кірава. Іх прывезлі ў РАУС Кастрычніцкага раёна Магілёва. Рукі былі ў кайданках і заламаныя ззаду. Там, па яго словах, іх пачалі збіваць, прычым збілі да такой ступені, што сын мой быў ледзь не мёртвы. Потым павезлі ў бальніцу, быццам бы ў гарадскую. Ён дакладна не мог вызначыць – галаву прымушалі трымаць у каленах, каб ніхто нічога не бачыў. У бальніцы далі таблетку, зрабілі уколы, кропельніцы. Сінякі лінейкай замервалі. Затым вярнулі ў РАУС, дзе склалі нейкі акт.

– А што гэта быў за акт? Як яго затрымлівалі?

– Вы ведаеце, хлусіць не хачу, не спытала, які акт. Калі ён яго падпісаў, Ігара павезлі ў ІЧУ Магілёва на вуліцы Крупскай. Там да яго прыйшоў намеснік начальніка крымінальнай міліцыі УУС Аляксандр Муха.  Сам пачаў яго збіваць. Сын папрасіў адваката, аднак яго збілі да такога стану, што зноў павезлі ў бальніцу. Адпампавалі, прывялі ў пачуццё – і назад у ІЧУ. Там яго перавялі ў камеру № 14. Муха з сакамернікамі перамовіўся, там яго зноў пачалі біць. Калі забралі з 14 камеры, Муха спытаў, маўляў, што, атрымаў адваката? Усё гэта адбывалася 26 сакавіка 2015 года. Муха даў Ігару ліст паперы і ручку. Незразумела,  у якім стане, Ігар напісаў прызнальныя паказанні. Два прызнальных паказанні. Перад гэтым тое ж самае рабілі і з Беражным, гэта ўсё словы майго сына.

А адкуль ён ведае, што і з Беражным гэтак жа рабілі?

–  Ад сукамернікаў з 14-ай камеры. Адмыслова сказалі, каб пачалі нагаворваць адзін на аднаго.

Вы верылі, што Вярхоўны суд адменіць рашэнне абласнога суда і захавае жыццё вашаму сыну?

– Вядома, спадзявалася. Тым больш, што ён пісаў, што не забіваў. Ён прасіў у абласным судзе, каб зрабілі почырказнаўчую экспертызу. Гэта доказ яго невінаватасці, ён так пісаў. Яму ў абласным судзе адмовілі. Тое ж самае прасіў у Вярхоўным. Яны разгледзелі і адмовілі. Гэтая экспертыза была доказам таго, што яго прымусілі напісаць прызнальныя паперы. Ён пяць прызнальных паказанняў пад ціскам напісаў.

Навошта трэба было столькі?

– Паняцця не маю. Дыктавалі, ён усё і пісаў. Паспрабуй не напішы – яны ж б’юць, пагражаюць, і сям’ёй таксама. Гэтыя прызнальныя паказанні былі здабытыя гвалтоўна. Так, як гэта было трэба следчаму камітэту. Ігар сказаў, што баяўся. А Беражны на Вярхоўным судзе сам заявіў, што яго біў Муха, што паламалі рэбры, адбілі галаву. А потым ужо і Ігар пачаў казаць, што і з ім было тое ж самае.

Скажыце, як вы асабіста ставіцеся да суддзі, які прысудзіў вашага сына да смерці?

– Ён ні за што не адказвае. Я адразу ведала, што будзе вышэйшая мера, – расстрэл. У мяне ўражанне, што ўсё было сфабрыкавана, усё было вядома загадзя. Мы ж хацелі наняць адваката, хадзілі на юрыдычную кансультацыю. Спачатку ўсе адразу згаджаюцца, а потым рэзка адмаўляюць.

Гэта як?

-Мы спачатку прыходзілі   і расказвалі сітуацыю. А потым адзін адвакат сказаў, што начальнік не дазваляе, другі кажа, што шмат працы і не справіцца. Я не хачу называць прозвішчы. Мы адразу здагадаліся, што тут ўсё павязана, каб паднесці нашаму прэзідэнту, што працуюць органы ўлады добра. Прэзідэнту далажылі, што раскрылі справу. Прэзідэнт ім – «Малайцы!». Мой сын вінаваты, я яго не хвалю. Але не да такой ступені, каб забіваць яго, ён клянецца і бажыцца, што не забіваў. Расстраляць чалавека проста і лёгка.

– Да сітуацыі з вашым сынам вы былі за смяротнае пакаранне ці супраць?

– Наогул супраць. Чалавека забілі – ён і не ўсвядоміў, што ён зрабіў. А калі б пасядзеў гадоў дваццаць пяць, а гэта тэрмін немаленькі, падумаў бы, што здзейсніў. А смяротнае пакаранне – гэта боль для сваякоў.

– Падчас суда вы сутыкаліся з блізкімі тых, каго забілі?

– Не. Яны там знаходзіліся, але не падыходзілі.

– А з блізкімі іншых падсудных? Беражнога, Калеснікава?

– Калеснікаў з няшчаснай сям’і, да яго ніхто не прыходзіў. Да Беражнога таксама, паколькі яго маці праходзіла як сведка. Мы з ёй размаўлялі толькі на судзе, цяпер не маем зносіны. Са сватамі таксама на судзе размаўлялі, цяпер ужо не.

Выратаваць вашага сына могуць ужо толькі несудовыя метады. Магчыма, праз год яго не стане. Што вы адчуваеце?

– Надзея памірае апошняй. Я ў сына спытала на спатканні, ён сказаў, што надзея яшчэ ёсць. Наша сям’я спадзяецца, што разбяруцца па справядлівасці.

Ваш сын напісаў прашэнне аб памілаванні прэзідэнту?

– Ён сказаў, што напісаў. Але крыху не так. Каб напісаць, трэба прызнаць сваю віну, што ён забіваў, што ён усвядоміў. Ён кажа, што не можа гэта напісаць, таму што ніводнага чалавека ён не забіваў. Ён напісаў усе як …тлумачальную запіску або скаргу.

  Як сябе адчуваюць яго бацька, яго дзеці?

– Вядома, дрэнна. У бацькі сэрца, ціск, перажываем. Спадзяемся мы, што справядлівасць будзе.

– Як пасля ўсяго гэтага вы ставіцеся да дзяржавы, якая забірае жыццё вашага сына?

– Судзіць дзяржаву я не маю правоў. Я проста хачу, каб разабраліся па справядлівасці. Каб невінаватыя людзі не знаходзіліся ў турме. Таму што Следчы камітэт па сумленнасці не разбіраецца.

– Што вы можаце сказаць тым, хто выступае за смяротнае пакаранне ў нашай краіне?

– Я нават не ведаю, што сказаць. Гэтыя людзі, няхай гэта і вельмі груба, але самі ў такой сітуацыі не былі. Трэба ўваходзіць ва ўсе сітуацыі. Забіць – гэта лёгка і проста.

***

Згодна з дзейным заканадаўствам, калі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка адмовіць у памілаванні Ігару Гершанкову – той даведаецца пра гэта ўжо перад «калідорам смерці”.

Пасля пакарання цела сына Людмілы Гершанковай павязуць у невядомае месца для пахавання. Пахаваць яго сама яна не зможа. Таксама ёй загадзя не будзе вядома дакладная дата і час прывядзення прысуду ў выкананне.

Выратаваць жыццё Ігара Гершанкова можа рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН, калі дзяржава прыслухаецца да яго, чаго раней не здаралася ніколі. Альбо ўвядзенне мараторыя. Сёння смяротнае пакаранне – гэта пытанне найперш палітычнае.