Атрымаўшы 60 тон матэрыялу, жыхары вёскі Севасцянавічы талакой вырашылі зладзіць рамонт праезнай часткі.

25 верасня. Магілёў-Севасцянавічы. Алесь Святліцкі


Севасцянавічы – адна з мноства вёсак побач з Магілёвам. Такія ж лецішчы, такія ж мясцовыя жыхары, як і паўсюль. Нават помнік на брацкай магіле загінуўшых у Вялікай айчыннай вайне здаецца знаёмым, нават калі ў Севасцянавічах ты ні разу не бываў.

Але пасля 23 верасня населены пункт стаў унікальным. Вёска стала першай, дзе жыхары, не дачакаўшыся актыўных дзеянняў уладаў, часткова вырашыілі адну з глабальным праблемаў нашага часу – з дарогамі.

Нэлі Пачынкова – старажыл, доўгі час працавала ў мясцовым калгасе. Пры ёй у Севасцянавічах у апошні раз пракладвалі нармальную дарогу:

– Вы пазначце, што гэта заслуга Мікалая Ганчарэнкі. Абавязкова. Добры чалавек быў. 20 гадоў таму асфальт заліў ўсюды, нават да хлявоў праклалі, армяне гэтым займаліся. А да гэтага дарогу латалі цаглінамі і гумовымі покрыўкамі. Нават цяпер, калі асфальт разабраць, яны ляжаць будуць. А пасля таго, як водаканал памяняў трубы і развярнуў дарогу, хадзіць наогул стала немагчыма – абутак шкада, – распавяла жанчына.

Пераменаў першым захацеў каардынатар руху «За дарогі Магілёў» Ілля Палоннікаў. У Севасцянавічах ў яго знаходзіцца лецішча. Увесну гэтага года яму надакучыла біць свой аўтамабіль на ямах і ён вырашыў дзейнічаць:

– У нас у горадзе нармальных дарог няма, што ўжо тут пра вёску казаць. Але мы даведаліся, што аблвыканкам спецыяльна вылучае грошы на такія патрэбы і вырашылі, што трэба дзейнічаць, – распавёў Ілля Палоннікаў.

Ён уступіў у перапіску з чыноўнікамі з «Магілёўабддарбуда» і ДРБУ №128, на балансе якіх знаходзяцца дарогі ў Севасцянавічах. Дарожнікі былі зусім не супраць рамонту. Праблема была адна – недахоп людзей:

– Сабраліся вёскай чалавек 10-15 і вырашылі, што самі будзем рамантаваць дарогу. Нам сказалі, што дадуць тэхніку і матэрыялы, а потым кожны насупраць свайго двара будзе латаць ямы. Чалавек пяцьдзесят пагадзіліся ў гэтым паўдзельнічаць, – падзяліўся Палоннікаў.

Да суботы, 23 верасня, у вёску даставілі 30 тон асфальтагранулята і столькі ж пясчана-гравійнай сумесі. Праца ішла хутка. Некаторыя, як жыхар вёскі Пётр, справіліся у сябе і пайшлі дапамагчы суседзям.

– Пакуль не пагрукаесся –  ніхто нічога не зробіць. Таму прасцей самім, – заявіў пенсіянер, разраўноўваючы асфальтагранулят па яме.

У вёсцы не чакаюць, што такі рамонт пратрымаецца доўга. Усе разумеюць – дождж і снег зноў размыюць дарогу і ўсё прыйдзецца пачынаць спачатку.

Ілля Палоннікаў лічыць, што гэта не галоўнае:

Магчыма, наш досвед будзе карысны для іншых вёсак. Важна было паказаць, што людзі могуць вырашаць праблемы самі, сваімі сіламі.