Звязваюць з новым начальнікам рэжымнага аддзела.

Нагадаем, на мінулым тыдні MSPRING.MEDIA паведамляў аб тым, што ў ПК-2 перасталі браць кнігі для асуджаных. Пачынаючы з сярэдзіны жніўня сваякі вязняў масава атрымліваюць адваротна лісты з укладаннямі кніг, сканвордаў і нават проста сшыткаў. Канверты вярталіся не адкрытымі – надарваны толькі куток – і з надпісам ад рукі “забароненае ўкладанне”. Гісторыя атрымала чаканы працяг.

Пасля нашай публікацыі асуджаныя апавешчаныя, што зараз афіцыйна ўводзіцца паняцце «кніжная бандэроль», якую трэба афармляць дазвольнай заявай з ухвалой адміністрацыі. Два разы на год асуджаныя маюць права на бандэроль па пяць кніг у кожнай, але вагой не больш за 2 кг. Працаваць схема будзе па аналогіі з “медыцынскай” бандэроллю: спачатку начальнік медыцынскай часткі падпісвае дазвол на спіс лекаў, а потым сваякі іх высылаюць поштай.

Новаўвядзенне звязваюць з прыходам на пасаду новага начальніка рэжымнага аддзела. Падпісваць кніжную бандэроль, верагодна, будзе менавіта ён, і кожная кніга мусіць быць абгрунтаваная. Змены закранулі і канцылярскія прылады, іх зараз не будуць прымаць у звычайных лістах – толькі ў бандэролях або рэжымных перадачах.

Унутры бабруйскай ПК-2 пасля перастановак у кіраўніцтве крыху змянілася субардынацыя паміж супрацоўнікамі. Так, напрыклад, вядома, што начмед пакуль не вырашаецца падпісваць асуджаным новыя медыцынскія бандэролі, баючыся, што новыя перастаноўкі могуць стаць прычынай прэтэнзій да яго працы.

Адзначым, што прыкладна з лістапада мінулага года ў многіх папраўчых установах сістэмы ДВП МУС РБ негалосна змяніліся начальнікі ці іх намеснікі.