Перадача кніг дазволена крымінальна-працэсуальным кодэксам, але ў бабруйскай ПК-2 вырашылі, што яны вышэйшыя за ўсякія там законы.

Сваякі асуджаных распавядаюць, што ўвесь мінулы тыдзень яны масава атрымліваюць з ПК-2 лісты з укладаннямі кніг, часопісаў сканвордаў і нават проста чыстых сшыткаў фармату крыху большага за стандартны. Яшчэ месяц таму падобная карэспандэнцыя спраўна даходзіла да адрасата.

Цяпер жа лісты, адпраўленыя канвертамі першага класа, вяртаюцца нават нераскрытымі – надарваны толькі куток канверта – і з надпісам ад рукі “забароненае ўкладанне“.

Неафіцыйна кантралёры калоніі патлумачылі, што, верагодна, усе такія адпраўленні зараз могуць быць адпраўленыя толькі рэжымнымі кніжнымі бандэролямі, дазволенымі два разы на год вагой да 5 кг і з колькасцю адзінак укладанняў да 5 штук. Афіцыйна ніякіх папярэджаньняў ад адміністрацыі не было.

Новаўвядзенне супярэчыць артыкулу 89 Крымінальна-выканаўчага кодэкса “Набыццё і захоўванне асуджанымі літаратуры і пісьмовага прыладдзя“. Пункт 3 артыкула абвяшчае, што

«бандэролі і дробныя пакеты з літаратурай, якая набываецца праз гандлёвую сетку, падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі не ўключаецца ў колькасць бандэроляў і дробных пакетаў, якія маюць права атрымліваць асуджаныя».

Пунктам 4 гэтага артыкула вязню дазваляецца мець пры сабе не больш за пяць кніг і часопісаў, не лічачы падручнікаў, а пункт 5 прадпісвае лішнія кнігі адпраўляць на склад або перадаваць сваякам або ў бібліятэку ўстановы са згоды вязня.

У той жа час Правілы ўнутранага распарадку калоній маюць пункт 129, у якім гаворыцца, што асуджаным «дадаткова можа быць дазволена атрыманне не больш за два разы на год бандэроляў і дробных пакетаў з літаратурай». Адміністрацыя ПК-2 вырашыла тлумачыць законы і пастановы па-свойму, паступова ўзмацняючы жорсткасць умовы ў папраўчай установе.