Што можа дасці Магілёўскаму рэгіёну павелічэнне колькасці памежнікаў, якое анансаваў Аляксандр Лукашэнка.

 6 лютага. МагілёўБрэст. Саша Мінько. Photo – sputnik.by


4 лютага ўлады заявілі, што ў 2019 годзе штатную колькасць памежнікаў павялічаць. Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка назваў гэта беспрэцэдэнтным крокам. Гаворка ідзе, у тым ліку, пра адраджэнне або ўзмацненне манеўраных груп, якія будуць знаходзіцца ў рэзерве кіраўніцтва памежных атрадаў. Такія маняўровыя групы змогуць кантраляваць мяжу з Расеяй нават без стварэння памежнай інфраструктуры.

Шэнгенскія візы хутка патаннеюць

Павелічэнне колькасці памежнікаў супала з іншай падзеяй, якую даўно чакаюць. Беларускае Міністэрства замежных спраў паведаміла, што ў завяршальную стадыю ўступілі перамовы з ЕС па пагадненнях аб спрашчэнні візавых працэдур і рэадмісіі. Слова рэадмісія тут ключавое – пад ім маецца на ўвазе згода дзяржавы на вяртанне свайго грамадзяніна, замежніка або асобы без грамадзянства, якая незаконна знаходзілася ў іншай дзяржаве. Да прычынаў рэадмісіі адносяць незаконны ўезд на тэрыторыю іншай дзяржавы, падробку дакументаў, незаконнае ўладкаванне на працу і г.д. Асобы, якія праходзяць рэадмісіі, падлягаюць строгаму ўліку, фатаграфуюцца, праходзяць працэдуру дактыласкапіі, усе звесткі накіроўваюцца ў цэнтральны банк дадзеных.  

Механізм прымусу дзяржаў да рэадмісіі па сутнасці толькі адзін – двухбаковыя пагадненні. І наяўнасць такога пагаднення, напрыклад, з ЕС з’яўляецца галоўнай умовай для спрашчэння візавых бар’ераў. Пасля падпісання такога пагаднення, верагодна, да канца гэтага года кошт Шэнгенскай візы павінен паменшыцца да 35 еўра. Меншай стане колькасць дакументаў, якія трэба накіроўваць у консульствы, а самі візы часцей будуць выдавацца адразу на пару гадоў.

Як звязаны дзве падзеі?

Як ўзаемазвязаны дзве стандартных заявы беларускіх ведамстваў? Вельмі проста: для спрашчэння візавага рэжыму патрэбны беларускі кантроль мяжы з Расіяй. Дарэчы, на супрацьлеглым баку ён ўжо даўно ёсць. Паток мігрантаў зусім бесперашкодна ідзе праз беларуска-расійскую мяжу ў адным кірунку – на Захад. Расейскія памежнікі не ствараюць перашкод нікому, хто хоча ўехаць у Беларусь, але не ўпускаюць назад на сваю тэрыторыю непажаданых, з іх пункту гледжання, асоб.

Такім чынам, ёсць рызыка таго, што ўсе суіскальнікі прытулку будуць асядаць на тэрыторыі Беларусі. Мігранты, як правіла, праз Маскву едуць у Брэст, каб там паспрабаваць перасекчы мяжу з Польшчай. У выпадку няўдачы, з беларускага пункту гледжання, ім трэба ехаць назад у расійскую сталіцу, але ўжо не факт, што расейскія памежнікі кагосьці туды пусцяць. Вяртанне транзітных мігрантаў – найбольш праблемная тэма. Некаторыя краіны свядома адмаўляюцца ад рэадмісіі з мэтай павышэння колькасці сваіх грамадзян у іншай краіне. Напрыклад, у правядзенні такой палітыкі быў заўважаны Кітай. Амбасады гэтай краіны часцяком наўмысна не выдаюць сваім грамадзянам пасведчанне на вяртанне або пашпарт.

Што ж будзе?

Рэспубліка Беларусь узяла ў Еўразвяза 7 мільёнаў еўра міжнароднай тэхнічнай дапамогі на ўладкаванне таго, што ва ўсім свеце называецца «лагерамі для бежанцаў». Зрэшты, наша краіна арыгінальная і ў гэтым пытанні. Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ніякіх лагераў для бежанцаў у Беларусі не будавалі і будаваць не будуць. Аднак прызнаў, што 7 мільёнаў еўра краіна ўзяла, але не на лагеры для бежанцаў, а для будаўніцтва ізалятараў часовага ўтрымання на мяжы. Кіраўнік МУС Ігар Шуневіч двума гадамі раней удакладніў, што яны будуць прызначаны выключна для ўтрымання замежнікаў, якія чакаюць дэпартацыі, і размесцяцца у Лідзе, Гомелі і Віцебску.

На сёння вядома, што іх будзе два – у Віцебску і пад Стоўбцамі. Дарэчы, у Віцебску пункт часовага размяшчэння бежанцаў існуе з 2001 года, і гаворка ідзе пра яго пашырэнне. Стары будынак, разлічаны на 30 чалавек, стаў непрыдатным. Плошчу цэнтра было вырашана пашырыць да магчымасці размяшчэння 50 чалавек, таксама прадугледжаны не толькі жылыя, але і бытавыя, і гаспадарчыя памяшканні, дзіцячы гульнявы пакой. Вядома, што Віцебшчына прыняла каля 50 бежанцаў. У асноўным гэта грамадзяне Украіны.

Што ж тычыцца лагера для ўцекачоў пад Стоўбцамі, то пра яго практычна нічога не вядома. Мяркуючы па ўсім, трэба дачакацца падпісання дамовы аб рэадмісіі. У кастрычніку 2016 года ў Люксембургу беларускім бокам была падпісана Дэкларацыя аб партнёрстве дзеля мабільнасці. Па сутнасці, гэта і ёсць праект такога пагаднення. І тут трэба ведаць, што згодна з міжнароднымі правіламі, ЕЗ укладвае грошы ў інфраструктурныя праекты, а вось утрыманне бежанцаў кладзецца на бюджэт краіны.

Што чакае рэгіён?

Пры жаданні Магілёўская вобласць зможа атрымаць каласальныя грошы ад Еўразвяза для ўладкавання мяжы з Расійскай Федэрацыяй. На першы погляд, дэмаркацыя запатрабуе вялікую колькасць долараў ЗША і доўгія гады працы. Аднак моц ЕЗ і памеры міжнароднай тэхнічнай дапамогі для барацьбы з міграцыяй такія, што велізарныя для нас сумы на самай справе з’яўляюцца цалкам пасільнымі.

Калі пасля з’яўлення памежных мабільных груп на мяжы з Расіяй з’явяцца стацыянарныя памежныя пасты і заставы, усход Магілёўскай вобласці можа чакаць рэнесанс. Прысутнасць ваенных і адпаведнай інфраструктуры надасць новае жыццё паміраючай эканоміцы рэгіёну.

Больш будзе і мігрантаў. Улады мала пра гэта кажуць, аднак вядома, што беларуская квота бежанцаў на 2019 г. складае 900 чалавек. Яны прапарцыйна размеркаваны паміж абласцямі. Гэта значыць Магілёў і наваколлі павінны быць гатовыя прыняць прыкладна 150 бежанцаў у год. Паступовае нарошчванне квоты можа прывесці да таго, што насельніцтва Магілёўскай вобласці ў бліжэйшыя 10 гадоў можа стаць больш прыкладна на 1,5 тысячы бежанцаў.

Аднак трэба адзначыць, што квота звычайна не вычэрпваецца. Напрыклад, у мінулым годзе можна было прыняць каля 800 чалавек, а рэальна заяў было пададзена менш. Атрымліваюць статус бежанца ў Беларусі адзінкі – каля 1% ад тых, хто прэтэндуюць на яго. Сярод шчасліўчыкаў – выхадцы з Украіны, Афганістана, Турцыі, Сірыі і іншых краін. Тыя, хто не атрымаў статус бежанца, маюць права на дадатковую і часовую абарону, так што могуць працягваць жыць у нашай краіне. Хоць і пад пагрозай дэпартацыі, калі органы ўнутраных спраў і суды прызнаюць у людзях парушальнікаў закону.