Чаму ў канцы спектакля «Адліга ў Беларусі» нам будзе холадна.

Тэкст: Ігар Лазоўскі

Мы гэта ўжо праходзілі. Скончылася ўсё разгромам натоўпу насупраць Дома ўрада ў снежні 2010 года. Тысячы людзей, зьбітых, прыніжаных і дэмаралізаваных пагрузіліся ў стан нігілізму. У яго немагчыма не пагрузіцца ў краіне, якая яшчэ ўчора сустракала ў цэнтры Мінска еўрапейскіх прадстаўнікоў, а сёння сустрэла гумавай жорсткай дубінкай зубы паспадзяваўшагася беларуса. Прайшло шэсць гадоў, на часовай спіралі мы апынуліся над той жа самай кропкай.

РАЙ

У Мінск зноў ездзяць прадстаўнікі Еўрасаюза і ЗША, Аляксандр Лукашэнка ўсміхаецца на фатаздымкуі паміж Абамамі, Бяляцкі, Статкевіч і анархісты на волі, прадпрымальнікі страйкуюць і практычна не пакутуюць з-за гэтага (ва ўсякім разе не так, як маглі б яшчэ некалькі гадоў таму) , дыпламаты з сур’ёзнымі тварамі абмяркоўваюць пытанне адмены смяротнага пакарання і спрашчэння візавага рэжыму з зонай Шэнгена. Адліга растапіла нават льды санкцый – хто мог сабе ўявіць такое, напрыклад, 22 снежня 2010 года?

Вядома, час ужо не той, а галоўнае – людзі не тыя. Замест дабрадушнага мішкі, які любіць песціцца з айфонам, на прэзідэнцкім троне па той бок усходняй мяжы сядзіць чалавек, галоўная характарыстыка якога – несмешныя жорсткія жарты, накшталт «Яна патанула» ці нібыта неіснуючыя баявыя дзеянні ў Крыме і на Донбасе. У такіх рэаліях сам Бог загадаў глядзець у адваротны бок, а яшчэ лепш – павольна ў гэты бок адпаўзаць, каб не стаць ахвярай чарговага пранка Уладзіміра Пуціна.

Матыў песні зразумелы і просты – з аднаго боку мы ўбачылі ашчэр, значыць лепш прыціснуцца да іншага боку. Хай нават і ледзь-ледзь. Для гэтага патрэбныя пэўныя крокі – і беларуская ўлада робіць выгляд, што яна іх здзяйсняе. Але – толькі выгляд.

Калі ўглядацца не ў словы беларускага чынавенцтва і прэзідэнта, а ў дзеянні, становіцца відавочным, што ніякіх фундаментальных зрухаў няма.

СВАБОДА

Вызваленне палітвязняў, як першы сур’ёзны крок на сустрэчу еўрапейскай дыпламатыі, уладам нічога не каштаваў. З аднаго боку, выхад на волю адыёзных Статкевіча і Бяляцкага, у тэорыі, мог таіць пагрозу для афіцыйнага Менску. Абодва мелі шанцы прадставіць аб’яднаную апазыцыю, паколькі абодва на момант вызвалення мелі вялікі крэдыт даверу з боку дадзенай катэгорыі супольнасці.

Аднак Алесь Бяляцкі самаўхіліўся з арэны палітычнай барацьбы, ледзь не першай сваей заявай абвясціўшы, што ў прэзідэнты ён балатавацца не збіраецца і будзе працягваць праваабарончую дзейнасць.

150923174054_minsk_statkevich_promo_624x351_afp_nocredit

Статкевіч ж не вытрымаў выпрабаванне свабодай – замест таго, каб аб’ядноўваць людзей вакол ўласнага аўтарытэту і ясна акрэсленай палітычнай пазіцыі, ён зноў пайшоў шляхам дробных акцый і саюзаў з аўтсайдэрамі айчыннай палітыкі, зрабіўшыся адным з іх.

Вызваленых жа анархістаў, як пагрозу уладам, разглядаць і зусім смешна – радыкальнымі метадамі ў грамадстве з такім нізкім пратэстным патэнцыялам дамагчыся можна толькі паўторнага тэрміну.

КРУЧОК

Адчуванне “нармалізацыі” складваецца ў тым ліку за кошт незлічоных еўрапейскіх дыпламатаў, якія пашырылі сцежку ў Мінск да памераў дыхтоўнай прасёлкавай дарогі. Вядома, стартавай кропкай трэба лічыць правядзенне стала перамоў «нармандскай чацвёркі», калі ў адзін час у сталіцы Беларусі апынуліся Уладзімір Пуцін, Пётр Парашэнка, Франсуа Аланд і Ангела Меркель. Сігнал Захаду аб тым, што дыялог можна пачынаць, быў дадзены, і беларускія ўлады з задавальненнем адгукнуліся. За апошні год у Мінску паспелі пабываць спецдакладчык ПАСЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні, намеснік старшыні групы Еўрапейскай народнай партыі ў Еўрапарламенце Сандра Калніетэ, намеснік генеральнага сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Хельга Шмід, місія экспертаў на чале з начальнікам аддзела Усходняга суседства генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні Мацье Буск, дэлегацыя Еўрапейскага Саюза на чале з намеснікам кіраўніка дырэктара па справах Еўропы і Цэнтральнай Азіі, дырэктарам дэпартамента Расіі, «Усходняга партнёрства», Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Гунарам Вігандам і намеснікам генеральнага дырэктарата па пытаннях суседства і пашырэння Еўрапейскай камісіі Катарынай Матэрнавай – і гэта далёка няпоўны спіс.

Пакінем за дужкамі, які эфект нясуць гэтыя сустрэчы. Важней іншае – гэта яшчэ адна прыкмета «лібералізацыі». Лібералізацыя ў двукоссях, таму што канкрэтных дзеянняў і рэформаў гэтыя сустрэчы не нясуць. Беларускія ўлады нічога не губляюць, прымаючы ў сябе еўрапейскіх гасцей.

У гэтым кантэксце візіты еўрачыноўнікаў у Мінск могуць сведчыць аб праўдзівасці самых песімістычных прагнозаў мясцовых экспертаў – ЕС сапраўды гатовы заплюшчыць вочы на ​​відавочную недэмакратычнасць прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі (ні адны выбары ў Беларусі … не былі прызнаныя ЕС свабоднымі і дэмакратычнымі) у абмен на змену геапалітычнай арыентацыі“.

Гэта цытата з матэрыялу на сайце «Беларускай дзелавой газеты” за 15 лістапада 2010 года. Што было потым – лішні раз нагадваць ня трэба. Як і ў выпадку з палітвязнямі, дыялог з Еўропай – гульня, якая Беларусі нічога не варта, што яна ўжо паказвала не раз. Так, яна ў чымсьці выгадная – Расею з яе брацаючай арміяй ніхто на ўсходніх межах не адмяняў. З іншага боку, пакуль Еўрасаюз і РФ актыўна змагаюцца за сферы ўплыву, беларуская ўлада зможа спакойна балансаваць на пачуццях абодвух бакоў, цынічна выкарыстоўваючы сітуацыю і для вырашэння пытанняў ўнутры краіны. І, што галоўнае, не несці за гэта адказнасць.

ПАКАРАННЕ

– Наогул, мы не на базары. Я разумею, стаўленне да таго, што робяць палітыкі за зачыненымі дзвярыма, можа быць розным. Але паверце, ні пра які гандаль па гэтаму пытанню гаворка не ідзе, – заявіў намеснік кіраўніка Міністэрства замежных спраў Валянцін Рыбакоў пасля міжнароднай канферэнцыі «Смяротнае пакаранне: пераадоленне рознагалоссяў».

Ён напэўна схлусіў – сама канферэнцыя і ёсць аўкцыён, у якім прадстаўнікі еўрапейскай дыпламатыі імкнуцца пераканаць беларускую дзяржаўную сістэму ў тым, што смяротнае пакаранне не патрэбна. Пакуль атрымліваецца дрэнна – той жа Рыбакоў заявіў, што большасць беларусаў хоча пакінуць смяротнае пакаранне, спаслаўшыся на рэферэндум дваццацігадовай даўніны. Не запрашэнне на канферэнцыю праваабаронцаў з ПЦ “Вясна”, у прыватнасці, каардынатара кампаніі «НЕ смяротнаму пакаранню» Андрэя Палуды, таксама сведчыць аб даволі лёгкіх адносінах да мерапрыемства з боку нашай дзяржавы.

DSC_5737

Парадокс у тым, што смяротнае пакаранне ўсё ж такі будзе адменена (ці ж увядуць мараторый). Наўрад ці уладам ёсць справа да жыцця аднаго асуджанага – будзе ён да канца сваіх дзён разглядаць турэмныя сцены або ж атрымае кулю ў апошнім у сваім жыцці калідоры.
Наяўнасць смяротнага пакарання – гэта толькі выдатны артэфакт, які дазволіць атрымаць чарговую порцыю прэферэнцыяў ад Еўрасаюза, пры гэтым нічога не страціўшы. Наяўнасць дыялогу аб магчымай адмене дае зразумець навакольным, што «адліга» працягваецца.

ХАЎЕР

Амаль роўна тры гады таму распачатую было вясну прыбіла магутным цыклонам «Хаўер». Тоны снегу за лічаныя гадзіны пакрылі ўсю Беларусь, прымусіўшы забыцца пра цяплыню на доўгі час.
Гэтак жа сама зламаецца «адліга» – «нармалізацыя» – «лібералізацыя» у нашай краіне. Улада не робіць ніводнага кроку, які б вёў хоць да якіх-небудзь ахвяраў з яе боку, што паказвае на тое, што да сапраўдных зменаў яна не гатовая і ніколі не была гатовая. Нам здаецца, што за акном – сакавік 2016 га, хоць усе мы дагэтуль знаходзімся ў снежні 2010 года. Аднаго загаду будзе дастаткова, каб дзяржава яшчэ на пяць-шэсць гадоў паляцела ўніз ў адносінах з Еўропай, ды і з уласным народам.
 Тое, што гэты загад будзе – сумневаў няма. Доўгая адліга прымушае нават зусім замерзлых варушыцца і думаць, як выжыць у галодную вясну. Аднак што значыць голад і дабрабыт у параўнанні з магчымасцю натыкнуцца ўжо новымі зубамі на ўсё тую ж жорсткую гумовую дубінку?