Свята круглы год.

15 сакавіка. Магілёў. Гасцініца “Губернская. Ігар Лазоўскі


За дзесяць дзён да Дня Волі магілёўскія дэмакратычныя актывісты, палітыкі і журналісты вызначыліся з мерапрыемствамі да стогадовага юбілею абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. На спецыяльнай прэс-канферэнцыі кіраўнік гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы і старшыня аргкамітэта па святкаванні БНР Алег Дзьячкоў з калегамі распавёў пра бліжэйшыя мерапрыемствах.

Разам з ім планы прэзентавалі лідэр магілёўскіх хрысціянскіх дэмакратаў Алег Аксёнаў, старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў і журналіст Алесь Сабалеўскі.

Аргкамітэт абвясціў, што мерапрыемствы будуць праходзіць на працягу ўсяго года, а не ў плыні адной толькі тыдня.

Па словах Алеся Сабалеўскага, 25 сакавіка трэба адсвяткаваць так, каб было прыгожа і цікава.

– Мы вырашылі ўпрыгожыць тыя памяшканні, у якіх мы будзем праводзіць нашыя мерапрыемствы – кавярню “Шпаркі лось» 18 сакавіка і цэнтр “Кола” 20 сакавіка. Майстар-клас па стварэнні святочных упрыгожванняў будуць праводзіць рамесніцы Ала Смалякова і Ганна Елісеева“.

Таксама аргкамітэт плануе ўстаноўку памятнага знака на будынку былой жаночай Марыінскай гімназіі ў гонар стагоддзя БНР – у гэтым будынку магілёўцы падтрымалі незалежнасць краіны ў 1918 годзе. Алег Дзьячкоў паведаміў, што праца над гэтым ужо вядзецца:

– У Мінску, у Горадні людзі будуць ўсталёўваць памятныя знакі. Магілёў – не горш. Скульптар Андрэй Вараб’ёў гатовы заняцца гэтым пытаннем, у бліжэйшы час ён распрацуе эскіз. 31 сакавіка мы думаем прадставіць яго падчас экскурсіі, якая завершыцца як раз каля сярэдняй школы №1, дзе размяшчалася гімназія. Пасля гэтага мы накіруем старшыні гарвыканкама Уладзіміру Цумараву зварот, у якім прапануем ўсталяваць знак.

Грошы на гэта плануецца сабраць з дапамогай грамадскасці, хоць, заўважыў Дзьячкоў, сумы будуць невялікімі.

Да святкавання 25 сакавіка падключацца таксама прадстаўнікі каталіцкай царквы. У касцёле Святога Станіслава адбудзецца малітва за Беларусь з ініцыятывы вернікаў.

Найбольш інтрыгуючым пытаннем свята застаецца пікет у цэнтры Магілёва. 6 сакавіка ініцыятыўная група магілёўскіх палітыкаў накіравала ў Магілёўскі гарвыканкам заяву на правядзенне вулічнага мерапрыемства ў цэнтры горада на Плошчы зорак. Аднак адказу пакуль не атрымалі.

Адзін з заяўнікаў Уладзімір Шанцаў спадзяецца на мудрасць гарадскіхуладаў:

– Мы дасведчаныя людзі, якія не ў першы раз падаюць заяўкі на масавыя мерапрыемствы. Сёння гадавіна як раз, калі за масавую акцыю мы з Алегам Аксёнавым адбывалі 15 сутак. Але сёння я спадзяюся, што ўлада дазволіць нам у цэнтры горада распавесці пра БНР. Гэта не палітычны пікет, а інфармацыйны. Спадзяемся на разважлівасць уладаў, якія не будуць нагнятаць абстаноўку ў гэты святочны дзень.

Па словах Алега Дзьячкова, аргкамітэт спрабаваў дамагчыся правядзення гарадскога канцэрту, а таксама яшчэ некалькіх мерапрыемстваў. Аднак улады пагадзіліся толькі на круглы стол з удзелам гісторыкаў.

– Калі мы размясцілі адказ уладаў у Інтэрнэце, пачаліся пытанні, што нам забаранілі канцэрт. Але ніякай забароны няма. Пазіцыя чыноўнікаў у тым, каб мы самі сваімі сіламі рабілі мерапрыемства. Дамаўляліся з залай, праводзілі, аплачвалі.

Было прынята рашэнне праводзіць канцэрт 1 красавіка ў цэнтры “Кола”. Сярод магчымых гасцей – артысты Андрусь Такінданг, Юрый Жыгамонт і Юры Несцярэнка.

Акрамя пазначанай актыўнасці, на працягу года магілёўцаў чакаюць адкрытыя лекцыі з удзелам гісторыкаў, выпуск друкаванай прадукцыі, кінапрагляды і экскурсіі.