«Пакуль вы працуеце, ідзеце ў краму, забіраеце сваіх дзяцей са школы ці дзіцячага сада, за сценамі СІЗА і ІЧУ у няволі знаходзяцца больш за 20 чалавек».
29 ліпеня. Магілёў. Алесь Святліцкі
Валанцёрская каманда «Магілёўскай вясны» MAYDAY 28 і 29 ліпеня расклеіла каля паўсотні улётак пра палітвязняў у Беларусі.
– Палітвязні ў цэнтры Еўропы ў 2020 годзе – гэта ганьба дзяржавы. Мы лічым, што аб гэтым павінна ведаць як мага больш людзей. Вельмі многія магілёўцы, асабліва немаладыя, не падпісаныя на Телеграм-каналы, не чытаюць сайт «Вясны» або «Радыё Свабода», таму не ведаюць, што на самой справе адбываецца ў Беларусі. Друкаваныя матэрыялы – добры спосаб праінфармаваць такіх людзей, – распавёў сябра каманды MAYDAY Саша Райкан.
Паводле яго слоў, каманда выкарыстала толькі дазволеныя інфармацыйныя стэнды на прыпынках у цэнтры горада, побач з прахаднымі заводаў і каля пад’ездаў. Ён адзначыў, што ўсё рабілася законна і адкрыта. У панядзелак ўлёткі расклеілі ў раёне завода «Хімвалакно», гасцініцы «Турыст» і ў цэнтры Магілёва. У аўторак – у Задняпроўе.
Сябра MAYDAY Ганна Зубкова распавяла, што на другі дзень інфармацыйнай акцыі яна выявіла, што плакаты пра палітвязняў, расклееныя 28 ліпеня, ў хуткім часе нехта сарваў.
– На «Чырвонай зорцы», плошчы Арджанікідзэ, плошчы Леніна іх ужо не было. Прычым іншыя ўлёткі, рэкламныя, не кранутыя. Гэта значыць хтосьці спецыяльна прайшоўся па нашых слядах, каб сарваць менавіта інфармацыю пра палітвязняў, – распавяла яна.
Яна дадала, што ў другі дзень замест зніклых улётак былі налепленыя новыя.
Прэзідэнцкая выбарчая кампанія-2020 у Беларусі характарызуецца дзіўна вялікай колькасцю рэпрэсаваных, якія з’явіліся яшчэ да этапу галасавання. Ад дзеянняў сілавікоў пацярпела больш за 2 тысячы беларусаў, якія атрымалі штрафы або адміністрацыйны арышт за ўдзел у мірных сходах. 25 чалавек атрымалі вялікія адміністрацыйныя тэрміны ці былі падвергнуты крымінальным пераследу. Яны афіцыйна былі прызнаныя праваабарончым супольнасцю Беларусі палітвязнямі.
Праваабарончая валантэрская каманда MAYDAY заклікае распаўсюджваць інфармацыйныя ўлёткі пра палітвязняў у іншых гарадах.