Людміла Кучура, чый муж адбывае свой тэрмін у Магілёве, звярнулася ў Камітэт дзяржкантролю.

31 студзеня. Магілёў. Алесь Святліцкі

Ужо амаль 14 гадоў Пётр Кучура адбывае пакаранне ў калоніі. Яму прысудзілі 18 гадоў за наўмыснае забойства дзяржінспектара па ахове жывёльнага і расліннага свету. Суд прыйшоў да высновы, што мужчына займаўся браканьерствам, а калі ўбачыў інспектара – застрэліў яго. Жонка Пятра, Людміла Кучура, рэгулярна спрабуе даказаць невінаватасць мужа, а таксама скардзіцца на ўмовы яго ўтрымання.

У ліпені 2018 году яна звярнулася ў Дэпартамент выканання пакаранняў МУС. Жанчына папрасіла даць ёй інфармацыю пра тое, колькі грошай вылічаецца з пенсіі мужа, які адбывае пакаранне ў магілёўскай калоніі №15, на камунальныя паслугі, харчаванне і вопратку.

Паводле даведкі, атрыманай з бухгалтэрыі ПК-15, сумы ўтрыманні за камунальныя паслугі з пенсіі майго мужа ў месцах пазбаўлення волі за паўтары гады склалі 639,84 руб, сцвярджае яна.

Паводле яе слоў, памер штомесячных плацяжоў, якiя бяруцца з Пятра Кучуры ў калоніі, практычныя параўнальныя з памерам штомесячнай аплаты камунальных паслуг за трохпакаёвую кватэру ў Мінску, дзе яна жыве.

– Пры гэтым мой муж «пражывае» на плошчы не больш за 3 кв.м у агульным пакоі сумесна з 20-30 людзьмі. А памер падсобных памяшканняў, якiя прыпадаюць на яго долю, складае 1-2 кв.м., Так як усю дапаможную плошчу неабходна дзяліць на агульную колькасць асуджаных, якіх каля двух тысяч, – абураецца жанчына.

Людміла Кучура сцвярджае, што за 3-4 кв .м асуджаны павінен плаціць столькі, колькі мінчанін за двух-трохпакаёвую кватэру.

Таксама яна звяртае ўвагу на тое, што яе муж, будучы ў калоніі, нібыта спажыў вады на 2428,872 (недамінаваных рублёў), а выліў у каналізацыю на 38 641,877 (недамінаваных рублёў).

Згодна з яе разлікамі, з крана калоніі вылілася ў пятнаццаць разоў менш вады, чым ўлілося ў каналізацыю. Такім чынам з’явілася розніца прыкладна ў 62  млн. (недамінаваных) рублёў за ваду, якую асуджаныя не ўжывалі.

«Камуналка» за электрычнасць таксама выклікае пытанні:

Паводле даведкі, за электраэнергію з асуджаных было ўтрымана 153 865 828 (недамінаваных – тут і далей) рублёў. На той час у калоніі, згодна з даведкай, было 1700 асуджаных. Атрымліваецца, з кожнага асуджанага было ўтрымана 90509,3105 рублёў, – здзіўляецца яна.

На кожнага асуджанага прыходзіцца больш за 100 КВт у месяц. У чэрвені 2013 г. 1 Квт для юрыдычных асоб каштаваў прыкладна 900 рублёў. Паводле яе слоў, варта ўлічыць тое, што гэты разлік быў прадстаўлены за чэрвень месяц, а ў чэрвені месяцы самыя доўгія светлавыя дні, адбой у асуджаных у 22.00 гадзіны, днём шмат хто знаходзіцца на прамзоне, бытавой тэхнікі мінімум.

– На атрад адзін халадзільнік, адзін тэлевізар, кіпяцільнікі, якія ўлетку практычна не выкарыстоўваюцца, – лічыць Людміла Кучура. – У атрадзе прыкладна 100-120 чалавек асуджаныя жывуць у пакоях ад 10 да 30 чалавек. Якім чынам у летні месяц 1700 асуджаных могуць выкарыстыць 170 000 Квт? Як можа асоба, якая не мае асабістых электрапрыбораў, з адной лямпачкай на агульны пакой у летні месяц выдаткоўваць 100 КВт?

У лістападзе 2016 года начальнік ДВП МУС Рэспублікі Беларусь падчас прамой лініі газеты «Беларусь Сёння» заявіў, што ўтрыманне аднаго асуджанага ў месцах пазбаўлення волі абыходзіцца дзяржаве ў 111 рублёў у месяц. Гэта не супадае з падлікамі Людмілы Кучуры:

Мой муж цалкам пакрывае ўсе гэтыя расходы са сваёй пенсіі. Куды тады ідуць грошы, якія выдзяляе дзяржава на яго штомесяц? Атрымліваецца, што мой муж аплочвае камунальныя паслугі не толькі за сябе, але і за тых, хто не працуе ў калоніі або іх заробак настолькі малы, што на ўтрыманне камунальных паслуг не застаецца сродкаў. А сам падлік вышэйзгаданых плацяжоў з яго, мяркую, наўмысна зроблены на карысць калоніі, – сцвярджае яна.

Каб разабрацца ў сітуацыі, яна звярнулася ў Камітэт дзяржаўнага кантролю. Ад КДК жанчына чакае праверкі законнасці збірання плацяжоў за камунальныя паслугі з асуджаных у папраўчай калоніі ПК-15 г. Магілёва. Акрамя гэтага, Людміла Кучура патрабуе праверкі і ўстанаўлення службовых асоб, вінаватых у парушэнні заканадаўства, а таксама прыцягнення названых асоб да дысцыплінарнай ці адміністрацыйнай адказнасці.

Юрыдычную падтрымку Людміле Кучуры аказваюць юрысты Беларускага дакументацыйнага цэнтра.