Узнагароду “Чалавек года” па версіі ініцыятывы «Грамадскі магістрат» атрымала Алеся Цумарава.
27 студзеня. Магілёў. Гасцініца «Губернская». Алесь Святліцкі
Алеся Цумарава ў слязах спяшалася назад на сваё месца. Яе атачалі аглушальныя авацыі. Вядучы, гісторык Ігар Пушкін, нібы не чакаў такога павароту. Толькі што гэтую жанчыну прызналі «Чалавекам года» ў Магілёве.
Гэта быў самы лепшы момант за ўсю гісторыю існавання ўзнагароды. У свой час «Чалавека года» атрымлівалі больш чым годныя людзі. Напрыклад, праваабаронца Барыс Бухель, які ў 2011 годзе часцей спаў на працы, чым дома, таму што дапамагаў магілёўцам абараняцца ад нападак міліцыі за акцыі «маўклівага пратэсту. У 2014 годзе лепшым прызналі Юрыя Стукалава, кіраўніка Цэнтра гарадскіх ініцыятыў, які правёў у Магілёве адразу некалькіх маштабных мерапрыемстваў. У мінулым годзе прыз дастаўся Алегу Лісоўскаму, які жыве ў Нямеччыне, але пры гэтым па-ранейшаму «спансіруе» Магілёў рэдкімі фотаздымкамі мінулага стагоддзя, раскрываючы тое, як горад жыў падчас войнаў, камунізму і іншых непрыемнасцяў жыцця.
Але Цумарава – асаблівы выпадак, і гэта было відавочна яшчэ тады, калі я рабіў з ёй інтэрв’ю ў жніўні гэтага года. Тады яна рыхтавала да запуску «Тэрыторыю людзей»: першы ў Беларусі творчы цэнтр, у якім людзі з ментальнымі і фізічнымі хваробамі змаглі навучацца, прадаваць сваю прадукцыю і наведваць студыю прыгажосці. У канцы жніўня усё запрацавала, у прасторы рэгулярна праходзяць івэнты, а сама Алеся сваёй працай прабіла сабе шлях спачатку ў шорт-ліст «Чалавека года», а потым і да самога тытулу.
Мабыць, варта распавесці, што ў самой Алесі таксама ёсць інваліднасць, але нам не хочацца, таму што гэта не так важна. Цумарава сваім прыкладам даказала, што адзінае, чым яна адрозніваецца ад іншых людзей – гэта здольнасцю драбіць праблемы і дасягаць поспеху там, дзе большасць з нас ужо б здалася на міласць лёсу і падачак дзяржавы.
Яна стала першай жанчынай і першым чалавекам з інваліднасцю, які атрымаў званне “Чалавек года” па версіі «Магістрата».
Калі можна было б даваць дзве ўзнагароды, то другім «Чалавекам года» павінна была стаць дызайнер Каця Красавік (з ёй у нас таксама было інтэрв’ю, але выбралі мы её не таму).
У свеце людзей, якія любяць патапіць сябе ў рачулках дэпрэсіі, Красавік прадэманстравала, што ёсць іншы шлях. Разам з іншымі мастакамі яна паказала сябе ў праекце 14 ‘, пасля якога на вуліцы Дзяржынскага з’явілася адразу некалькі новых арт-аб’ектаў. Удакладнім, што ў гэты час Каця яшчэ і змагалася з ракам, што імгненна вылучае яе з агульнай масы намінантаў “Чалавека года”.
Іншыя горш?
Іншыя не горш. Але…
Праваабаронцу Сашу Буракова ўключылі ў спіс намінантаў за правядзенне мерапрыемстваў па захаванні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Але хто яшчэ павінен рабіць гэта, калі не праваабаронцы?
Актывіста і фатографа Аляксандра Ліціна, які да гэтага склаў некалькіх кніг па гісторыі магілёўскага габрэйства, намінавалі за “даследаванне габрэйскага мінулага Магілёва”. Але хто ж яшчэ тады павінен яго даследаваць?
Падобная сітуацыя з кіраўніком габрэйскай абшчыны Магілёва Аляксеем Капланам, які трапіў у шорт-ліст за кампанію па абароне габрэйскіх могілак і надання ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Але хіба гэта не норма?
Яшчэ тры прэтэндэнты патрапілі ў шорт-ліст з дасягненнямі пад патранажам Цэнтра гарадскіх ініцыятыў. Уладзіслаў Золатаў – за лесвіцу-вышыванку на спуску побач з плошчай Арджанікідзэ; Юлія Шустава – за вулічную кніжную шафу, якую магілёўцы зламалі ў першыя ж тыдні; Сяргей Іваноў – за праект LaukaStory (размаляваныя дзецьмі лаўка, сталы і іншыя аб’екты на беразе Дняпра).
Відавочна, што ў параўнанні з «Тэрыторыяй людзей», гэтыя праекты выглядаюць нераўназначна, хоць яшчэ гадоў шэсць таму, магчыма, яны б здзівілі магілёўцаў. Аднак Цэнтр гарадскіх ініцыятыў сам прывучыў, што падобныя арт-аб’екты – гэта норма, а за норму «Чалавека года», мабыць, даваць не павінны.
Гэтым і адрозніваюцца Цумарава і Красавік: там, дзе ўсё спрабавалі перадужаць Магілёў і зрабіць горад нармальным, гэтыя жанчыны перадужылі яшчэ і сябе. Слёзы з вачэй Алесі – лепшае пацвярджэнне таго, наколькі быў цяжкі і доўгі шлях, які скончыўся перамогай. Хаця б таму яе варта прызнаць не толькі чалавекам гэтага года, але і некалькіх апошніх гадоў.